Ён, ганарыста задраўшы голаў, як задзiраюць чамусьцi ўсе недарослыя мужчыны, замiльгаў пляскатаю, пасаджанаю набакiр кепкаю за рэдкiм, зеленаватым ад вясновае вiльгацi частаколам.
З-пад хлява нясло разварушаным гноем. Iмполь кiдаў яго на воз. Разганяючы на надворку курэй, што дзяўблi пры сцежцы зялёную шчотку маладое травы, Алеся борзда пайшла туды. Запрэжаны конь падымаў над цабэркам голаў, хрумстаў жоўтую сечку, перамешаную з ружаватымi пасечанымi картоплямi. Цярнуўшыся аб яго сiвую, у рэдзенькай валаснi храпу, Алеся падышла да Iмполя.
— Ты чуў, што Ваўчок кажа?
— Што? — Iмполь, узяўшыся за вушка, адцягнуў убок цэбар.
— Няхай крые бог — у Еўкi тыф.
— Дак што? — ён адкруцiў з вазовай ручкi канец сырамятных лейцаў, шлегнуў iмi па канi.
— Удурбаў сабе — што ды што? Пачакай, кажу, сказаць нешта маю! — крыкнула яна, iдучы ўслед за возам.
Ён прыпынiў каня, здзiвiўшыся, глядзеў на Алесю — выцвiлыя i падпухлыя яе вочы тамiла санлiвасць.
— Тыф жа ж — заразлiвая хвароба, каб i мы пад якую злыбеду не набралiся.
— А дзе ж ты дзенешся? Тут ужо нiчога не парадзiш, тут ужо як бог дасць…
— Да бацькi трэба iсцi нанач.
— Куды ты пойдзеш — людзi ж смяяцца будуць.
— Смех не грэх. Пасмяюцца ды сцiхнуць.
— Ну, рабi, як знаеш, — забягаючы наперад каню, ён адчыняў прымацованую рэхвамi да шула жардзяную браму.
— З табою пагаворыш… Ты во гэдак заўсёды, надзьмешся, як сыч… — i яна, ужо чуючы нязносную, балючую, як недаспелы нарыў, злосць, шуганула ў хату.
Злым прыплюшчаным вокам зiркнула на Еўку. Тая, разявiўшы перасохлы рот, захлынаючыся ад цяжкай задухi, гамтала нагамi, бэрсала коўдру. Падняла раскалмачаную голаў, скоранька скацiлася з палка i, не абцягваючы высока закасанае сарочкi, свецячы белымi, у павучыне лiловых жылак нагамi, подбегам пусцiлася да акна.
— Авой, ратуйце! — з печы шкрабалася, спускаючы Iногi на лаўку, старая Мондрыха. — Ах, божа лiтасцiвы, заб’ецца!
Але Еўка не дайшла да акна, пахiснулася i, як падцятая ў каленях, аб’ехала на сухi глiняны ток. Твар у яе збялеў, пасiнелi сцятыя губы.
Алеся з перапуду, яшчэ нiчога не сцямiўшы, нагнулася над Еўкай, хацела падняць. I раптам, як ступiўшы ў прысак, адскочылася назад. Успомнiла тое, нядаўна ўчутае ад Ваўчка: «Хвароба заразлiвая. Каб бронь божа…» Зводдаль глядзела, як старая Мондрыха, чэрпаючы скурчанаю жменяю з вядра, пырскала вадою на скамянелы Еўчын твар, адлiвала яе. Бачыла, як у Еўкi заварушылiся векi i па твары прабегла сутарга, памякчэў скамянелы твар — яна паварушыла губамi, аблiзвала тлустыя скалкi вады.
— Памажы ж падняць, — коўзаючыся па мокрым таку, старая пад пахi паднiмала Еўку.
«Праўда, што будзе жыць. Лiха яе не возьме». — Алеся, быдта не ўчуўшы старую, вышмыгнула за дзверы. Прыпынiлася ў адчыненых сенях, падумала раптам, нават жахнуўшыся сама: «Хоць вазьмi ды… атруты якое. Як абрыдлi яны абедзве!»
Па спiне халоднымi мурашкамi заказытаўся раптоўны страх — гэта ж грэх.
Пастаяла, гледзячы на варштат, што вiсеў на сцяне, успомнiла, што пара ставiць кросны — верасаўскiя бабы даўно ткуць, — i, прыпёршы да сцяны збiтыя з жэрдак драбiны, палезла на гору: там недзе ляжалi з леташняе вясны скручаныя нiчальнiцы.
Чужы вялiкi кот блiснуў жоўтымi вачамi, шмыгануў пад застрэшак, задрапаўся па вугле, спускаючыся ў гародчык. Ад вялiкiх, прывязаных да кроквенных папярочак кошыкаў на гары пахла кменам i кiлбасамi, пяршыла ў горле ад сухога, перамешанага з кастрыцаю пяску.
Прывыкаючы да поцемку i прыгiнаючы голаў, каб не зачапiцца за падсаджаны за крокву стары серп цi касу, Алеся пайшла туды, пад самы шчыт, дзе праз закурэлую i невялiкую, усяго на пядзю, шыбу цадзiлася яснасць, дзе на дошках мiж кроквенных папярочак ляжалi ад леташняга вялiкадня нiчальнiцы i бёрды. Спатыкнулася на старыя расколатыя ночвы i зноў зазлавала на Мондрыху, што пазносiць сюды, на гору, спытай дзеля чаго, розных зломкаў. Адцягнула, каб не стаялi пад нагамi, за комiн. Пад нагамi зашамацела перасохлае з калiвамi счарнелага чэмеру закурэлае сена, якога ўжо, мусiць, нацягала Еўка, калi ўсё спала тут.
Алеся нагнулася, падняла перасохлую кветку, яна крышылася, як сатлелы, высушаны ў печы тытунь. Iзноў на памяць набегла тое, што думалася тады ў сенях: «Гэта ж, кажуць, атрута. Во каб узяў ды i наварыў…»
Але нейкi страх зноў перабiў мыслi — што яна, дурная, думае.
Перабiраючы бёрды i нiчальнiцы, чула ўжо, як дрыжыць ад гэтых звар’яцелых i раз’ятраных думак.
Але гэты счарнелы сухi чэмер успамiнаўся ўвесь дзень. Нават у бацькавай хаце, калi яна прыйшла зiрнуць, цi не навiвае Хрысця свае кросны.
Там i праўда ўжо замест адсунутага стала на покуцi ў Корсакаў стаяў варштат. Седзячы на падлозе i ўпiраючыея босымi нагамi ў кантовы збоiч, Хрысця нацягвала жаўтлява-зеленаватую, пад колер моху, выфарбаваную мучарнiкам пражу. Мiця круцiў за рассохлую, збiтую ўжо бляхай котку скрыпучы навой.