— Тупая, але малацьбiтэ падгостраць…
— Такой бяды, як-небудзь дамо рады, — Алеся павярнулася iсцi, але Корсак ужо без злосцi папрасiў:
— Пачакай. Маю табе нешта сказаць.
Алеся епынiлася, падгладжваючы адною рукою пад хустку валасы, чакала.
— Я ўсё пра гэту вопiсь думаю, — Корсак забразгаў у кiшэнi крэсiвам. — Цi пагаварыла ты хоць з Вайтовiчам?
— Ой, дальбуг, не.
— Вот табе маеш, — ён секануў канцом пляскатага напiльнiка па вострым крэмнi — на руку пырснулi, зашыпеўшы, вострыя iскры, з кавалачка рудое, як пераспелая порхаўка, губкi закурыўся сiнi дымок. Корсак, смокчучы, прыкурыў папяросу, папярхнуўшыся дымам, парадзiў: — Трэба было пагаварыць, а мо й пачаставаць. Аладку, не падмазаўшы, i то не спячэш, а тутака такая справа… I за сведку свайго чалавека трэба ўзяць. Каго маеш?
— Дык вы, тата, i будзеце, — не дала яму дагаварыць Алеся.
— Вот галава, — крыва засмяяўся i выйшаў з сяней Корсак — за плячыма ў яго вiўся сiнi i горкi, як атрута, тытунёвы дым. — Трэлiш няведама што. Лiтавара, вунь, паклiч.
— Ой, баюся я яго. Блiнкае вачмi, як звер, вывiжоўвае ўсё.
— Яно проўда: звер не звер, а чорт яму вер. Але паклiч. Я пагавару з iм…
— А дзе ж я дзенуся — паклiчу, — сыходзячы ў снег, Алеся выперадзiла бацьку, борздзенька пайшла, махаючы ржаваю швайкай. Скiравала да пограба, нагнуўшыся, гукнула ў чорную кантовую дзiрку — Змiтрычак, i ты прыйдзi ж заўтра. Не забудзься ж!..
Там, у пограбе, дастаючы галавою да белых заплеснелых дзеравiн столi, на коленках сядзеў Мiця, грабучы абедзвюма рукамi, сыпаў у кошык картоплi.
— Прыйду, прыйду, — глуха, як з таго свету, аклiкнуўся ён.
Але Алеся яго ўжо не чула, бегла па разарваным ланцужку сваiх слядоў, нiяк усё не трапляючы нагою ў iх, думала пра тое, што сказаў бацька. Трэба дбаць, каб была зямля. Будзе свая зямля — знойдзецца Iмполь. Не ён, дык другi.
Алесi перахапiла, перацяло дых. Сколека ж чакаць таго другога? I нашто перабiраць? Лепшы цi знойдзецца? Iмполь малады i вiдны сабою. Грэх i думаць!
На грукат хатнiх дзвярэй на палку зашамацела перацёртым гарахавiннем старая Мондрыха. Падняла голаў — ззаду ў кароткай, як казiны хвосцiк, касе целяпалася палатняная, недзе вылупленая са старой сарочкi стужка. Застагнала, падсоўваючыся на вялiкую ў чырвоныя кветкi падушку i нацягваючы на сябе зношаную, у гарбах злямцаванае кудзелi, коўдру.
Застудзiлася яна пазаўчора. Высунулася распараная на вулiцу — якраз вязлi хаваць Сяргея Рэпку — i пайшла разам з усiмi бабамi за вёску пад крыж, дзе заўсёды, везучы на магiлкi нябожчыка, верасаўцы адкрывалi труну. Пастаяла яшчэ, паслухала, як прымаўляла асiплая ад плачу Рэпчыха над адкрытай труною, у якой ляжаў чорны, ужо набрынялы Сяргей, покуль у самое не здубеў на спiне мокры ад поту каптанiк.
Уночы яе пачало кiдаць то ў холад, то ў жар, у грудзях зайгралi пеўнi, пачаў бiць сухi, удушлiвы кашаль.
Учора Алеся прыводзiла Ваўчка. Ён прыйшоў са сваiм скураным сакваяжыкам, пстрыкнуўшы блiшчастым замком, выняў адтуль бляшаную, выгнутую двума капялюшыкамi трубку, прыставiў старой да худое жаўтаватае спiны, паслухаў i, закiдваючы на лысае цемя свой вышмарганы касмык валасоў, сказаў:
— Запаленне з двух бакоў… Банькi трэба ставiць.
Але яны не памаглi — старой сёння пагоршала. Яна цяжка сапла, у грудзях у яе грала, як грае, адлушчыўшыся, на хвойцы тонкая кара.
— Можа, па ксяндза трэба было б з’ездзiць? — старая, бухаючы, пачала душыцца сухiм кашлем.
— Ой, яшчэ што, — раскручваючы каля шыi хустку, Алеся аглядалася на сябе ў тоўстае, з драцяным вочапам люстэрка, што вiсела на сцяне мiж вокнаў. — Ускораецца яшчэ… Заўтра мы парсюка калоць будзем. Вуньдзека швайку ў бацькi пазычыла. Покуль мужчыны ў хаце, то няхай памаглi б.
— Рабi, як знаеш, — старая аблiзала перасохлыя звялыя губы. — А я, можа, во й памру.
— Узялi сабе ў галаву — памру, памру, — Алеся абярнулася, паглядзела адным вокам на старую, са спалохам раптам падумала: «А чаму яна пра зямлю нiчагутка не кажа? На каго ж яна пакiне зямлю?» Гiдкiм холадам па спiне папоўз страх: «Няўжо на яе, на гэтую без’языкую?»
— А можа, спярша солтыса паклiчам? — сказала i задыхнулася, чакаючы, што на гэта адкажа старая.
— А што ж ён, солтыс гэты?
— Тастамант, мусiць, трэба скласцi. З зямлёю трэба нешта рабiць, — сказала i ўчула, як макрэюць ад халоднага поту лоб i рукi. — Еўку я глядзецьму да самай смерцi… Зямля няхай будзе на мяне.
Старая павярнула свой звялы, зморшчаны, як праросшая картопля, твар.