— Старайся, Iмполь, старайся, — пагладзiў шчаку, нiбы закрываючы рот, каб не было вiдаць, што ён смяецца, стары малацьбiт. — Можа, i для сябе робiш.
Маладзiца спярша насцярожылася, потым крыва ўсмiхнулася, i на твары ў яе плямамi выступiла чырвань.
— А чаму ж гэта для сябе, а калi i для другога зробiць? — нiбы не дагадаўшыся, што да чаго, перапытала яна i, узяўшы з кутка венiк, стала падмятаць сухi ток — з гумна на двор пацягнуўся вялы пыл.
Iмполь, не абзываючыся, налёг пахаю на кола, зашоргаў напiльнiкам па нажы. У сечку, блiскаючы, зацерушыўся жалезны пылок.
— Пакажэце ж вашы цапы, — стары, пераступiўшы емецце, падышоў да шула: там, на вялiкiм цвiку, вiселi цапы i граблi. — I лiхтар нам на заўтра патрэбны. Цi ёсцека ж ён у вас? — спытаў ён i зняў з цвiка цяжкаваты з гладкiм бiчом цэп.
— Чаму ж не, толькi пазычылi некаму… I каму ж гэта? — разагнулася маладзiца i абкруцiла кругом шыi рог раз’еханай хусткi. — Цяперашнiм светам вока не спускай, а то гаспадарку i распазычыш.
— Яно можа i так, — сказаў стары малацьбiт, перавязваючы ў цэпе расслабленае вушка. — Не тая, кажуць, гаспадыня, што збярэ гаспадарку, а тая, што ўдзержыць.
— А дзе ж тут яе ўдзержыш? Пры гаспадарцы трэба спрыт i сiла, а тут сабралiся тры бабы, пабабску ўсё i робiм.
— Яно ж i вiдно, — зняў з цвiка другi, з расколатым бiчом, цэп i абярнуўся да Iмполя стары малацьбiт. — Бiчы нам трэба было б памяняць, а то якая гэта будзе работа.
— А дзе ж ты iх возьмеш? Хiба гэтыя якiм дротам перавязаць, — Iмполь папробаваў ногцем нож i крутнуў за ручку кола — на абслiзганыя дошкi, на жытнiя снапы ў старане востра пырснула жоўтая сечка.
— Бiчы ёсць, — вымеўшы з гумна смецце, маладзiца кiнула ў куток сухi бярозавы венiк. — Мой нябожчык як палажыў iх сушыць, то i цяперака ляжаць за комiнам на печы.
— Трэба будзе зрабiць, — сказаў стары, першым выходзячы з гумна i трымаючы абедзвюма рукамi пад пахаю цапы.
Маладзiца стаяла каля дзвярэй, чакала, калi выйдзе Iмполь.
— Дзякуй, Iмполька, — сказала яна, гледзячы яму ў твар.
— Няма за што, — пацiснуў ён плячом, убачыўшы ў яе на верхняй губе малюсенькую карычневатую бародаўку.
— Як жа ж няма за што? — адвярнулася яна ад яго вострага позiрку i пачала зачыняць дзверы. — Мужчын усё прасiла, ажно брыдка ўжо.
— Алеся, ты тут? — крычала з-пад хаты маладым голасам прысадзiстая дзеўка ў малiнавай вязанай хустцы.
— Го, тут! — адгукнулася гаспадыня, высоўваючыся з-за Iмполевых плячэй.
— Газы пазыч.
— А цi ёсць там у самiх?
— Калi захочаш сабаку выцяць, то кiй знойдзеш, — засмяялася дзеўка, уцiкоўваючыся ў Iмполя.
Заходзячы следам за старым малацьбiтом у сенi, Iмполь чуў, як зашапталiся, астаўшыся трохi ззаду, дзеўка з гаспадыняю, i дагадаўся, што гэта пра яго.
II
Ужо трэцi год, як Алеся асталася ўдавою. Алесiн чалавек, Радзiвон Мондры, секучы дровы, абсек сабе калена: нагу спярша падцягнула, потым, калi ён выцяўся балячым месцам аб вось у калёсах, яна развярэдзiлася i болей ужо не гаiлася. З гэтае нагi, памучыўшыся яшчэ зiму, ужо не ўстаючы з ложка, Радзiвон i памёр.
Неяк i не шкадавала яго Алеся. Iшла замуж не любiўшы — спадзявалася, што звыкнецца, а звыкнуцца не магла. Здаецца, валасы на сабе рвала б: столькi хлопцаў у сватах было, а яна ўсё перабiрала — то малы, то брыдкi, то «рускае веры» (Алеся была каталiчкаю), покуль не заседзелася ў дзеўках i не сталi сватацца ўдаўцы. А за аднаго з iх, кульгавага Лабара з мястэчка, што дачок меў ледзьве не Алесiных равеснiц, бацька нават стаў выпраўляць замуж. Тады якраз засватаўся Радзiвон Мондры. Якi там хлопец — аршын з шапкаю, але выйсця не было. Прыгледзелася на вяселлi да маладога i жахнулася, убачыўшы, што нават на кончыку носа ў яго растуць валасы. Пабыла з iм год, а прывыкнуць не магла. Не хацела, каб нават дзецi былi з iм. Прынесла раз на рэчку паласкаць бялiзну, ужо была тоўстаю, дзiцем хадзiла, i, нiбы звар’яцеўшы, пачала душыць свой жывот: на сёмым месяцы яно i радзiлася нежывое. А праз год Радзiвон i памёр.
Пасля яго смерцi Алеся паспраўнела, стала выглядаць лепш, як была дзеўкаю: на вечарынках i вяселлях каля яе пачалi круцiцца хлопцы i п’яныя маладзейшыя мужчыны.
Бабы спярша за вочы, а потым i ў вочы абмаўлялi яе, а дзецi, падвучаныя старэйшымi, лазiлi на страху, затыкалi комiн, а некаторае ночы, выцягнуўшы з-за хлевушка, паставiлi ў веснiках прыбiральню.
Алеся прынясла з дому ад бацькi жоўтую сучачку, але яна ўжо не памагла — Алесю зачаравалi.
Было гэта летась, на восень бралася: высока ў небе вiлiся i востра цвiрчэлi, сабраўшыся разам, ластаўкi; абсыпаўшыся жоўтымi бубкамi, цвiў палын каля плота. Алеся сядзела ў зацiшку на сонцы, шыла сабе сарочку. Адвярнулася ў хату напiцца вады, прыйшла назад, а на сарочцы жаба ляжыць — сухая, пляскатая, нiбы раздушаная колам, i вялiкая ржавая iголка каля яе. Алеся страсла з шытва гэтую сухую жабу i пабегла ў хату, а на галаве аж валасы зашавялiлiся. Алеся як чула бяду. Назаўтра яна пачала недамагаць: балела галава i ў вушах стаяў гуд, нiбы званы званiлi. Пад вечар яна сядзела на ложку, сонца ўжо закацiлася, толькi на небе астаўся чырвоны пасак. Хацела падысцi да акна, але ног не чуваць i свет засланiўся: перад вачмi бягуць то чырвоныя, то чорныя палосы. А ўночы з горла кроў пайшла. Запалiлi лямпу — кроў чорная, як запечаная свiная юха. Свякроў, збегаўшы, паклiкала Алесiнага бацьку з братам. Запрэглi каня, i брат Змiтрык павёз Алесю да доктара. Покуль даехалi да мястэчка — Алесi трохi адлягло. Яна ўжо, саромеючыся доктара, распранацца не хацела, покуль брат крыку не нарабiў. Паслухаў яе доктар ды ў вочы ўжо сказаў: «Маладзiчка, я вам не памагу, у вас нэрвы… Шукайце бабку».
За тыдзень Алеся зблажэла i ссохла, як тая жаба. Нават ад памяцi пачала адыходзiць. Асталася раз адна ў хаце — i падалося ёй, што скрыпнулi дзверы. Азiрнулася — адно ж каля парога нябожчыца мацi стаiць: у шэрым, яшчэ пасажным, бурносе i ў хустцы-канаплянцы. Алеся аж утрупянела. Скоранька перахрысцiлася — i мацi прапала, там толькi нейкая яснасць асталася.