— У нас ужо i мышы добра памалацiлi, — ссунулася з ложка старая i, трымаючы на сашчэмленых руках вагкi клубок, панесла яго да печы — там ля комiна сохла яшчэ зеленаватая пража.
— Нiчога, i нам хвацiць, — сказала маладзiца, падхапiўшы пад пахi два боханы хлеба, памкнулася да дзвярэй, каб, мусiць, палажыць iх у стопцы.
Мужчыны аглядалi чужую хату: яшчэ не пабеленую, з замазанымi глiнаю пазамi, дзе выглядаў мох, з новаю, таксама яшчэ не беленаю печчу з сухiмi плямамi нiжай пячорак. Хата была без падлогi — на глiняным току было знаць круглыя ўмяцiны ад калодкi, якою трамбавалi глiну. Цi ад таго, што хата была новая i пуставатая — яна выглядала прасторнаю. Каля глухое сцяны стаяў драўляны, паточаны шашалем ложак, засланы жоўтаю ў чорныя елачкi радзюжкаю. У яго ўпiраўся шырокi дашчаны палок. Мiж акон на сцяне, спяшаючыся, цiкаў вялiкi ў драўлянай аправе гадзiннiк — на медным ланцужку вiсела алавяная гiра з iржавай (мусiць, для цяжару) шрубкай. З-за абраза на покуцi выглядалi жоўтыя чачоткi пiжмы i бурачковы таўкачык васiлькi.
— А хто ж вам нараiў да нас зайсцi? — спытала маладзiца, вярнуўшыся ў хату i забiраючы пад пахi яшчэ два боханы хлеба.
— Духам чуем, што ў хаце гаспадара нямашука, — у старога скрывiлася губа i стаў вiдаць чорны, дуплявы зуб. — Хто ж так прыбiвае? — паказаў ён на покуць, дзе быў крыва прыбiты трыкутнiк палiчкi. — Вiдаць, што бабская работа.
— Гэта ж праўда, — засмяялася маладзiца, прыжмурыўшы адно вока. — Я прыбiвала, — прызналася ўжо яна, трымаючы пад пахаю два боханы i папiхваючы локцем непрычыненыя дзверы.
— Мо людзi галодныя? — сказала старая, калi маладзiца вярнулася ў хату.
— Во i праўда, мы сягоння капусты наварылi як на велькую сям’ю, — яна зiркнула толькi на маладога — ён засаромеўся i замыляў губамi, не ведаючы, што сказаць.
— У такiм разе можам памагчы, праўда, Iмполь?
— Во, цэлы гаршчок, — маладзiца падышла да прыпека, адняла засланку i, прыгнуўшыся, паглядзела ў печ. Мужчыны моўчкi глядзелi на яе белыя вышай лытак ногi, бо iх улетку хавала ад сонца нiзкая доўгая спаднiца.
З прыпека запахла кiслаю капустаю. Малады каўтнуў слiну i зняў шапку — чорныя валасы яго адлiвалi сiнявою.
— Падсажвайцеся да стала, — маладзiца паставiла на стол глiняную мiску i паклала дзве счарнелыя драўляныя лыжкi.
Мужчыны паднялiся з лавы, распранулiся i, склаўшы тут, дзе сядзелi, адна на адну адзежу, зверху яшчэ прытаптаўшы яе шапкамi, падышлi да стала.
Трымаючы анучамi гарачы гаршчок, маладзiца налiла ў глiняную мiску капусты: спярша рэдкага шчолаку, проста з гаршка, а потым гушчы, чэрпаючы ўжо лыжкаю.
Стары паднёс расхiстаны, з клiнкамi ў ножках, заслон, папробаваўшы, цi будзе стаяць, сеў.
Малады таптаўся зводдаль, усё хаваючы за спiну рукi — у яго паркалёвай рубашцы павылазiлi локцi.
— Чаго ж стаiце, садзецеся! — маладзiца вярнулася да прыпека i прынесла тонкi, што ўжо з’еўся, нож.
— Як даюць, то бяры, а як б’юць, то ўцякай, га? — абярнуўся i сказаў за плячо старэйшы мужчына.
— А хто ж яго тут будзе бiць? Дый цi дасi такому рады? — зiрнула на хлопца i засмяялася, крывячы мяккую з залацiстым пушком губу, сытая маладзiца.
— Можна, толькi дзе ўзяцца, — махнуў натапыраным чубком валасоў стары лысаваты малацьбiт.
Малады, чырванеючы i не паднiмаючы вачэй, цiха прымасцiўся на заслоне.
Мужчыны, сцiшыўшыся i моцна сёрбаючы, пачалi есцi. Маладзiца бачыла, як у Iмполя варушылiся скiвiцы. Яна глядзела на яго гладкi карак, на закручаныя ў лагчынцы валасы, на яго шырокiя плечы, на якiх не сыходзiлася тонкая паркалёвая рубашка, i падумала, што вот добра, што ён наняўся малацiць, i нават убачыла, здалося ёй, як ён сцiснуў бы яе гэтымi дужымi рукамi i яна не вырвалася б.
На надворку затупалi ногi, i за вокнамi мiльганула шарая суконная хустка.
— Во, мусiць, наша кудзельнiца iдзе? — сказала старая, атрасаючы з прыполу кастрыцу, што нацерушылася з пражы.
Адчынiўшы дзверы i выставiўшы наперад праснiцу з барадою недапрадзенае кудзелi, у хату ўвайшла кабета ў шарачковым, завужаным у талii сачыку. З-пад суконнай хусткi выбiваўся пучок русявых валасоў з белаватаю сiваю пасмаю. На шчаку, недзе з-за вуха, лезла лiлова-пякучая чырвань — радзiмы знак. Жанчына, прыжмурваючы адно вока i перакошваючы разяўлены рот, пiльна ўзiралася на чужых.
Яны, перастаўшы жаваць, азiрнулiся.
— Во, малацiць будуць, — маладзiца сагнула ў локцях абедзве рукi i памахала iмi, паказваючы, як малоцяць.
— Ы-ы-ы, — паставiўшы на ложак праснiцу, закiвала галавою кабета, i яе сiнi, скамянелы ад холаду твар памякчэў.
Мужчыны, сумеўшыся гэтага крыку, яшчэ раз азiрнулiся. Кабета была нямая.
— Гэта мая залувiца, — прызналася маладая гаспадыня. — Сястра майго нябожчыка.