Алеся асцярожненька, каб не нарабiць груку, зачынiла стопку, але, iдучы на глыбокую, як вада, зеленаватую яснасць адчыненых дзвярэй, спатыкнулася на пусты саган.
— Што там? — адсланiўшы цемнату, з хаты ў сенi вызiрнула старая Мондрыха.
— Грэбень во згубiла. — Алеся прыняла з-пад ног i прыставiла да сцяны пусты саган.
— Знойдзеш там упоцемку, — старая ўжо насцеж адчынiла дзверы.
— Во, знайшла, — змахлявала Алеся, адступаючыся ўпоцемак i ўсё хаваючы за спiну торбачку з салам.
Старая Мондрыха, як чуючы што падазронае, паўзiралася на Алесю i зноў зарыпела дзвярмi, забiраючы з сяней жоўценькую яснасць ад далёкае лямпы. Глыбокай вадою Алесю абняў халодны поцемак ночы. Яна, як сляпая, памаленьку спусцiлася з ганка. Мокрай зямлёю, сапрэлым лiсцем пахла глухая ноч. За душу браў холад, што скора зiма. Захлынаючыся ад ветру, Алеся пайшла да гумна. У прычыненых дзвярах свiцiлiся шчылiны. Стаiўшы дух, прыпынiлася каля iх, услухалася, што робяць у гумне мужчыны. Там быў чуваць голас старога малацьбiта:
— Авёс скiдай, — крычаў Iмполю стары малацьбiт. — З аўса пачнём, а то ж яго любяць мышы. Дый на кiсель трэба ж змалацiць…
Алеся зашкрабла за папярочную лiштву, цягнучы да сябе з сярэдзiны прычыненыя дзверы.
— Хто там? — па току зашоргалi ногi, i з прабоя скiнуўся, забрашчаўшы, жалезны крук. I далей вецер сам ужо турзануў i панёс да сцяны дзверы — у гумне завiўся вiхор, выкруцiў з кутка з-пад сячкарнi i растрос па чыстым, падмеценым таку жоўтую сечку. У павешаным на шуле лiхтары радаснай матылькай затрапятаўся жоўты агоньчык.
— Скарэй зачыняйце, а то й страху сарве, — да Алесi падбег i памог зачынiць дзверы стары малацьбiт.
— Дзе вы бачылi, гэдакi вятрыска, — ускочыўшы ў гумно i азiраючыся на Iмполя, засаромелася Алеся.
Ён стаяў на торпе збожжа, трымаў, узяўшыся за перавясла, кароткi аўсяны сноп. Чакаў, покуль стары падмяце зацярушаны сечкаю ток.
Алеся з-пад ражка тоўстае, накiнутае на голаў суконнае хусткi цiкавала туды, на торп, бачыла, як у яго, Iмполя, на верхнюю губу смешна вылез кончык языка, калi ён, ганяючы вецер, адзiн за адным пачаў кiдаць на падмецены ток шапаткiя аўсяныя снапы. З аднаго сашмаргнулася i асталося ў Iмполевай руцэ перавясла — на току разбэрсалася пучкамi слiзкая аўсяная салома.
— От удалы, — пакруцiў калматаю авечаю шапкаю стары малацьбiт, нагiнаючыся i зграбаючы ў сноп аўсяную салому.
— Велькая бяда, што каторы разаб’ецца, — яна адступiлася да дзвярэй i выняла з-пад суконнае хусткi торбачку з салам, утаптала каля пярыла на жытнiя снапы. — Во, падсiлкуйцеся трохi…
Стары малацьбiт, падбiваючы вышай на лоб цяжкую касматую шапку, прыжмурыў вока, з дзiвам паглядзеў на маладзiцу — на губах у яго задрыжаў хiтры i шчаслiвы смех.
— Зачыняйце ж гумно, — згледзеўшы гэты смех, крыкнула Алеся i зняла з прабоя доўгi крук.
Густы вецер заглушыў прыткi тупат яе ног.
Прычынiўшы расхрыстанае гумно, стары малацьбiт развязаў торбу, зазiрнуў туды i падняў свой дзюбаносы твар:
— Ого, цябе даглядае, каб дужэйшы быў. Дзiва што, гэдакая маладзiца… Без сiлы не абыдзешся.
— Ты ўжо, дзядзька, гавары, ды не ўсё дагары. — Iмполь скочыў на ток, папраўляючы з’еханую набок кепку, спытаў: — А што яна прынясла?
— Што? Сала во цэлы брус, — ён зноў махнуў вастраватым доўгiм носам. — Дак мо праўда падсiлкуемся?
— Не, саб’ём ужо гэты пасад, — Iмполь папляваў на далонi, зняў з шула стары, абслiзганы цэп.
— Ну, што ж, пакуль цэп, датуль хлеб, — стары малацьбiт, нiбы нехаця i паволi, толькi патрапляючы Iмполю ў такт, раскручваў цяжкi грабовы бiч.
Бэрсаючы i падкiдаючы салому, высока ўгору адзiн за адным паднiмалiся вагкiя бiчы i, перакручваючыся там, з гакам прыставалi да трапятлiвых снапоў. Па дошках пярыла секлi мiгатлiвыя зярняты, уздрыгвалi i шапацелi, як жывыя, кароткiя аўсяныя снапы.
Стары малацьбiт скiнуў з галавы аб’еханую на вочы авечую шапку i, паблiскваючы мокрай лысiнай, зноў з крэхтам замахаў цэпам, трапляючы Iмполю ў такт. Ад натугi ў яго ўпiраўся ў левую шчаку язык — на ёй расла i цвярдзела вялiкая гула.
З гумна ляцеў расцяжны гупат, аддаваўся за чужымi будынкамi. Здаецца, малацiлi ў iншым гумне.
Тугою радзюжкаю за вугламi бухаў вецер, iрваў цяжкi водгалас цапоў. Чапляючыся за чорныя каўпакi стрэх, з сiверу паўзлi нiзкiя жаўтлявыя, як зляжалая сiвая воўна, снегавыя хмары. Пры зямлi бэрсалася глыбокая цемната. У Верасаве нiдзе не было агню, толькi ў Мондрых дрыжалi жоўтыя вокны — у хаце, з падкручаным кнотам, гарэла лямпа. Падсунуўшыся блiжай да яе, на цяжкай праснiцы сядзела нямая, наслiньваючы каля нiткi кудзелю, скубла зубамi кастрыцу i пстрыкала яшчэ голым i лёгкiм верацяном. Потым, паставiўшы яго на прыпол, накручвала напрадзеную нiтку.
Вярнуўшыся з гумна, Алеся засцiлала свой ложак, накрываючы яго новаю, нядаўна вытканаю ў рознакаляровыя ба@бы, ад якiх аж стракацела ў вачах, радзюжкаю i думала пра Iмполя, думала, што i дзецi пойдуць ад яго гэткiя харошыя, як ён сам, — чорныя, кучаравыя, з сiнiмi вачмi, як былi дзецi ў дварчанскае краўчыхi, да якое яна, Алеся, яшчэ дзеўкаю насiла шыць сукенку.
IV