З-за пазухi жаўтлявай, як рудая вата, хмары выплыў тонкi стары месяц. Паглыбшала яснасць. Высока над месяцам у прагале хмар з трывожным водблiскам маргала i калолася ў вочы сiняя зорка.
— Iмполька, абярнiся, глянь, якая гвязда моргае.
— Дзе?
— Вуньдзека… Ай, ужо схавалася.
— Можа выпагадзiцца, — сказаў ён, шукаючы каля сябе на мяшках лейцы.
Учуўшы гаспадара, конь зрушыў з месца сам. Зарыпеў пад ценжарам мяшкоў, перавальваючыся з боку на бок, поз. З разбiтых калясьмi глыбокiх каляiнаў плюхала i перамешвалася на зацiрку гразь. Iмполь выкiраваў каня на новую, яшчэ не выезджаную каляiну.
Зрадзеў дождж — вецер разбэрсаў нiзкiя хмары, ачысцiў палосу маладога лiловага неба. З яго асыпалiся сатлелыя зоркi — браўся дзень. Скупая вiдната рассунула сырую ноч. Мерк, спускаючыся нiжэй, жоўты месяц. Выяснiўся i зелянеў чорны хвойнiк. Уразнабой пакалыхвалiся, нiбы з iх зляталi пташкi, калматыя выгiнастыя лапы. На растапыраных ёршыкамi iголках дробнымi шклянымi пацеркамi свiцiўся галалёд.
Дарога выбегла на памаладзелую ад сырога лiшая i моху сiваватую ялавiну ў пучках аблiтай галалёдам, з вострымi каленцамi, спалавелай мятлiцы. На старых разорах зялёнымi i круглымi, як купалы на царкве, кустамi вылез ялавец.
Iмполь глядзеў на гэтую сiвую ялавiну ў цёмных кустах нiзкага маладога ялаўцу паабапал слiзкай, у скарынцы блiшчастага галалёду, дарогi; на каня, што варушыў i трос мокрым шырокiм крыжам, — i ад усяго нядаўняга ў душы трапяталася, пералiваючыся цераз край, радасць, перайначыўся, змянiўся свет. Брала дзiва, што ён зрабiўся ясны, як бывае ён ясны ўвесну, на згоне зiмы, калi пасля ўдушлiвай хмурнасцi, абложнага туману адкрыецца сiнюткае, чыстае, як абмытае, неба i чалавек чуе нейкую дабрату да ўсяго.
Iмполю карцела сказаць пра гэта Алесi, але ён саромеўся i толькi крадком зiркаў на яе — яна сядзела тут, у перадку, выцягнуўшы на засланых выцвiлаю радзюжкаю мяшках свае ногi, у новенькiх блiшчастых, з аксамiтнымi каўнерыкамiадваротамi, снягоўцах. Нейкi мяккi, глыбокi спакой, перамешаны нiбы з сорамам, гарэў у яе на твары, i каля куткоў губ у злосцi сцялiся дробныя шнаркi…
У Грабянкаў млын прыехалi прыпазнiўшыся — ужо было завозна: каля абслiзганае пастронкамi парэнчы стаяла фурманак пятнаццаць. Накрытыя радзюжкамi, старымi зрудзелымi буркамi, павыпраганыя конi, стоячы галовамi да воза, тапталi капытамi кучы свежага, што яшчэ курыўсяпараю, памёту.
Спудзiўшы каля конскай кучкi вераб’ёў, Iмполь скiраваў каня да тоўстае, з глыбокiмi ночвамi дупла, старое вярбы. На тлустае, ужо гнiлое лiсце на зямлi, што пахла гаркаватаю сырызнаю, сыпаўся, шархочучы па галлi, дробным раструшчаным шклом галалёд.
У выбрукаваную грэблю, дзе ўкарчэлi крывыя з жоўтымi плямамi лiшая на чарнаватай кары, вербы, плюхала, як у бераг балеi, i пырскала раскалыханая вада. З другога канца возера, дзе стаяў, як чубок нязжатага жыта, белаваты троснiк, разбушаваны вецер гнаў адну за адною цяжкiя хвалi. Пры беразе ў бруднай пене гойдалася набрынялая салома.
Пад старым, залапленым новымi жоўтымi дошкамi мостам густа шумела, недзе падаючы ў шчылiны паднятых заставак i выгiнаючыся шырокiм пасам, цяжкая вада. Пырскала дробным шнурочкам пацерак, разбiвалася аб слiзкiя ў зялёным моху каменнi, кiпела, што на агнi. Было вiдаць, як па нiзкай, за мостам, рэчцы плыве, круцiцца да берага белы шум.
Ад возера пахла прэснай, гнiлою вiльгаццю. З сiвага, абкуранага мукою млына з чорнаю прорваю адчыненых дзвярэй быў чуваць глухi, як зпад зямлi, грукат.
— Ого, да полудня цi змелем? — Iмполь азiрнуўся на фурманкi i саскочыў з воза. Накульгваючы на наседжаную нагу, перакiнуў цераз каня лейцы.
— Два камяне… Няўжо не ўправiмся? Пайду ж гляну, — трымаючы на локцях аб’еханую з плячэй вялiкую суконную хустку, Алеся абышла размешаную нагамi гразь i схавалася ў цемнаце млына.
Iмполь закруцiў за дуплявую вярбу лейцы i, павесiўшы на галаву каня торбу з аўсом, глядзеў на чорную прорву дзвярэй з белым, закураным мукою вушаком. Едкi мучны пыл абцерушыў аж да чырвонага чарапiчнага застрэшка сухую ў косых шчылiнах сцяну. Белым было i ластаўчына гняздо, што прыляпiлася пад самым вiльчыкам.
Сiвая, падпудраная мукою маладзiца вызiрала на двор — яе брала цiкавасць, хто прыехаў яшчэ.
Iмполь, злавiўшы пiльны, востры позiрк, пазнаў Вацю. Сэрца яго аблiлося пякучай раптоўнаю гарачынёю, страпянулася.
Яна скрывiла губы, здзiвiўшыся, што ўбачыла тут яго. I пайшла сюды, смеючыся i паказваючы жаўтаватыя зубы са свiшчом у верхнiм радку. Кругом яе поўных сцёгнаў i лытак круцiлася фалдамi паркалёвая спаднiца. Нешта ўжо чужое злавiў Iмполь у яе хадзе, у паставе — яна, здаецца, гэтак нiколi не ўцягвала галаву ў плечы. Яго ўзяла брыдкасць за тое даўнейшае, што ён наравiў яе. I ўчуў, што зноў, быдта зашчэмленая ў руцэ пташачка, сцiшылася сэрца. Яму зрабiлася толькi неяк непамысна, што яна тут, заварушылася нават злосць, што яна падыходзiць да яго i смяецца, крыва расцягваючы губы, выскаляючы гэтыя дробныя, жаўтаватыя, са свiшчом уверсе зубы.
— Ой, i ты тут!
— Тут, — сказаў ён, нешта перасiльваючы ў сабе. Яна падняла свой поўны, з абсiверанымi, як у лусцэ, шчокамi твар, зацярушаны дробненькаю пудраю мукi. Глядзела з-пад белых, таксама абсыпаных мукою, броваў.
— З кiм жа ты прыехаў? Дзе ты цяпер?..
— Блiзка тут. У Верасаве.
— Цi не Корсакава Алеся з табою?
— Ага.
— Во, харошую знайшоў! Гэта ж некалi да яе ўсе хлопцы сваталiся, — нейкая зайздрасць была ў яе голасе.
— Я ж не музыкант — не перабiраю. Якую ўжо бог даў, — Iмполь чуў, што не можа схаваць сваю злосць, раздражняла гэтае распытванне — быдта сляпцом лезлi ў душу. Ён паставiў на возе мяшок i, павярнуўшыся да яго спiною, цераз плечы, падняўшы локцi, узяўся абедзвюма рукамi.
— Пачакай, хачу нешта сказаць табе, — яна заступiла яму дарогу.