Яна памаўчала крыху і пасля, вяртаючыся ў думках да ранейшага, сказала:
— Іван будэт ла вараре[36] фэрма, плантація. Джулія будэт… Как ето?.. Віртін вілла[37]. Мі делать мнёго-мнёго макі. Как етот люг!
— Так, так, — задуменна згаджаўся Іван, заварушыўшыся ў доле.
Яму дужа закалола нагу пад перавязкаю, мусіць, трэба было б паправіць яе, але цяпер ён не хацеў непакоіць дзяўчыну. Ён толькі выпрастаў і вальней паклаў нагу ў траве, задумліва слухаючы, як гаварыла яна побач — шчыра, замілавана, з вялікай пяшчотай і марай.
— Мі будэм мнёго-мнёго фортуна… Я очен хочу фортуна. Должен біть человек фортуна. Правда, Іваніо?
— Так, так…
Відаць, змагаючыся са сном, яна гаварыла ўсё цішэй, голас яе рабіўся ўсё болей санлівы, і неўзабаве дзяўчына сціхла. Ён ціхенька пагладзіў яе і падумаў, што, мабыць, трэба даць ёй спачыць, выспацца, усё роўна ўжо няшмат засталося гэтае ночы — першай ночы іх шчасця. А назаўтра ісці. Толькі хто ведае, што нарыхтавала ім гэтае заўтра?..
I ён доўга глядзеў так у неба — адзін на адзін з Сусветам, з сотнямі зор, вялікіх і ледзьве прыкметных, з крывою дарогай Чумацкага Шляху цераз усё неба. Нейкі зачатак трывогі і непакою пачаў выцясняць з адчування кароткую яго шчаслівасць.
За гады вайны ён зусім ужо адвык ад такога простага чалавечага імкнення, якім ёсць імкненне да шчасця. Дзе ўжо там было жадаць шчасця, калі апошнія магчымасці выдаткоўваліся на тое, каб як-небудзь выжыць, не даць знішчыць сябе, а для гэтага быў толькі адзін спосаб — забіць. У жыцці панаваў бязлітасны звычай барацьбы — знішчаць да сябе падобных, чаго не робяць нават драпежнікі ў дачыненні да істот аднаго віду. I дзеля чаго? Дзеля матэрыяльнай выгады, дзеля панавання звярынай ідэалогіі, дзеля ўладарнасці маленькай кучкі над іншымі? Пракляты навек нямецкі фашызм, няўжо не хопіць ва ўсёй тваёй зграі здольнасці зразумець, што нельга будаваць сваё шчасце на вялікім няшчасці мільёнаў? Знішчаючы іншых, ты першы вытруціш у самім сабе здольнасць да радасцей, твая душа ад тваіх жа злачынстваў абрасце чорнаю поўсцю варожасці, якую разам з тлустым кавалкам ты імкнешся пакінуць нашчадкам. Але ці захочуць яны ўзяць гэты брудны кавалак з тваіх акрываўленых рук? Ці не пажадаюць і яны сонца справядлівасці і міру пасля той прасмярдзелай трупамі ночы, у якой ты дзесяць гадоў трымаў свет?
Добра, што нядоўга ўжо засталося баляваць гэтым зверыядаўцам і ўрэшце калі-небудзь запануе і шчасце. Прыйдзе час — спазнаюць людзі вялікую вольнасць кахання і адданасці, толькі наўрад ці суджана гэта ім… Мілая, сардэчная Джулія, яна залятае ў марах гэтак далёка, мусіць, зусім не падазраючы, што яшчэ чакае іх па шляху ў Трыест. Мусіць, вырваўшыся з лагера і спазнаўшы каханне ў гэтым дзівосным макавым раі, яна падумала, што ўсё страшнае ўжо ззаду, а наперадзе толькі радасць. Калі б так! Варта хоць трошкі разважыць, як стане зразумела, колькі яшчэ пакут наперадзе: аўтастрады ў даліне, перайсці якія вельмі нават нялёгка, рэкі, пераплыць якія хто ведае як, населеныя пункты, якія не абмінуць. А людзі, засады, сабакі… I ў дадатак да ўсяго недаступны снежны хрыбет! Як перайсці яго ім, распранутым, разутым, галодным?
А яна тым часам ціхенька спала на баку, падагнуўшы каленку. Ён устаў, агледзеўся, абышоў яе і зноў сеў, ужо апанураны і злы, таму што дужа хацелася есці, а галоўнае — балела нага. Галёнка, здаецца, усё пухла, дужа сціскала павязка. Іван крыху паслабіў яе, абмацаў — нага пыхала жарам, і хлопца пачалі даймаць дрыжыкі. Давялося ўзяць з травы ненавісную паласатую куртку і захутацца, але цяпер і яна грэла слаба. Прыслухаўшыся да сябе, Іван падумаў, што не хапала яшчэ захварэць — што тады будзе? «Не, так нельга! — падбадзёрваў ён сябе. — Трымайся!»
Але штосьці перамянілася ў яго настроі, Іван адчуваў гэта, і трывога, як вада ў дзіравую лодку, усё прыбывала ў яго пачуццях. Добра, што Джулія нічога кепскага, бадай, не адчувала і соладка спала. Ён таксама сеў побач, босыя ступні свае захінуў палою скуранкі, якой прыкрыў яе, і стаў пазіраць у ноч. Неўзабаве яго пачало хіліць на сон, дакучала мернае бульканне патоку.
Мабыць, ужо на світанні ён не ўтрымаўся і неўпрыцям задрамаў, уткнуўшы твар у калені.
22
Прыцьмелая ў дрымоце трывога раптоўным штуршком нібы ўдарыла яго ў самае сэрца. Яно здрыганулася так моцна, што здалося, ледзьве не вырвалася з грудзей. Ён прахапіўся адразу і ў тое ж імгненне пачуў недарэчны вар’яцкі крык:
— Во біст ду, руссэ? Зі гебэн фір ін брот! Зі габэн філе брот[38].
Над лугам патроху світала, сонца яшчэ не ўзышло, было непрытульна і шэра. Мусіць, напаўзло воблака, і гор не было відаць — клубчастая кудзеля туману, чапляючыся за паніклыя росныя макі, паўзла ўздоўж схілу. Іван адразу тузануў з Джуліных ног скуранку, дзяўчына прахапілася і спалохана загаманіла нешта, а ён, стоячы на чацвярэньках, пільна ўглядаўся ўніз, адкуль данёсся крык. Праз колькі секунд хлопец здагадаўся, што гэта — вар’ят, але адразу ж здалося: ён не адзін, з ім людзі. I сапраўды, не паспеў ён праз туман каго-небудзь згледзець, як пачуў сцішаны пагрозлівы вокліч: «Гальтс маўль!»[39] і звычайную нямецкую лаянку.
Джулія таксама пачула гэта, зразумела ўсё і кінулася да Івана. Учапіўшыся за рукаў ягонае курткі, яна ўтрапёна ўзіралася ўніз, у дымнае месіва туману, сярод якога, здалося, мільганулі чалавечыя цені. Ён схапіў яе за руку і, прыгнуўшыся, падцяг да ручая, дзе было ніжэй. У другой ягонай руцэ была скуранка, калодкі ж яе засталіся недзе ў маку.
Моўчкі з усяе сілы яны кінуліся збоч ручая ўгору.
Іван таропка сігаў па беразе, пераскокваючы камяні, і не выпускаў з свае рукі пальцаў Джуліі; дзяўчына ледзьве спраўлялася за ім і ўсё палахліва азіралася. Іван шукаў позіркам якога зручнага месца, каб перабегчы цераз ручай на той бок, — там можна было схавацца ў скалах і высокіх зарасніках рададэндрану. Але паток разгоніста імчаў з гор, не абяцаючы нідзе пераходу, — сунуцца туды было безнадзейна.
«Добра, што воблака! Добра, што воблака!» — стукала ў Іванавай галаве думка. Імклівае клочча туману пакуль што трохі хавала іх ад немцаў, якія былі недзе зусім блізка. «Пракляты вар’ят, чаму я не забіў яго? Усе яны аднае пароды — і разумныя і звар’яцелыя. Вось і яшчэ здрада! Ці не апошняя?..» — у роспачы думаў Іван і бязлітасна валок Джулію, не выпускаючы яе рукі. Яны ўжо мінулі заваротак ручая, узбеглі на бераг, далей было адкрытае месца. Перш чым выскачыць на лугавы росны прастор, хлопец упаў на калені, прыўзняўся, цяжка сапучы, зірнуў уніз — туман прыкметна радзеў, ужо сталі відаць дальнія камяні ў маку, выспа, дзе ён учора сустрэў вар’ята. I тады ў туманнай прыцьмеласці паветра ён згледзеў некалькі немцаў — нешырокім ланцугом, разбрыўшыся па лузе, яны набліжаліся да выспы.
Немцы яшчэ не бачылі іх. Уцекачы, нямала прабегшы, ужо далекавата адышліся. Іван зірнуў на Джулію — на яе рухавым, яшчэ з адзнакамі сну тварыку відаць была вялікая стомленасць, дзяўчына ледзьве не захліпалася ад дыхавіцы. «Хоць бы вытрымала! Хоць бы яна вытрымала!» — прагна жадаў Іван, бо ў такім іх становішчы толькі ўласныя ногі маглі даць паратунак. I трошачкі аддыхаўшыся, ён зноў тузануў яе за руку. Яна — відаць было — бегла з вялізным напружаннем, але не адставала ад яго.
Шумна дыхаючы, яны ўзбеглі ўжо куды вышэй сярэдзіны лугу, ногі па калені намоклі ад расы, бег іх, аднак, з кожнай хвілінай станавіўся маруднейшым. Іван пачаў прыкметна накульгваць на правую нагу, якая стала надзіва непаслухмянай, нібы пераседжаная. Спачатку ён так і падумаў, што, задрамаўшы, адседзеў яе, але непадуладная млявасць у ёй не міналася, пад каленам круціла сухажылле. Джулія неўзабаве заўважыла тое і спалохана тузанула яго за руку:
— Іваніо, нога?
Ён правалок нагу па траве, стараючыся ступіць як мага натуральней, але гэта яму не дужа ўдалося. Тады Джулія, азірнуўшыся, кінулася да яго на калені і ўчапілася ў штаніну, хочучы агледзець рану.
— Надо вязать, да? Я немножко вязать, да?
Ён настойліва адхіліў яе рукі.
— Нічога не трэба. Давай хутчэй.
— Болно, да? Болно? — пыталася яна, зацяўшы трывогу ў вялізных сваіх вачах і запытальна ўглядаючыся ў яго. Ад стомы пад паласатай куртачкай шалёна хадзілі яе грудзі. Ускінутыя над вачыма жорсткія бровы нервова трымцелі.
— Нічога, нічога…
[36] Працаваць. (іт.)
[37] Гаспадыня вілы. (іт.)
[38] Дзе ты, рускі? Яны дадуць хлеб! У іх шмат хлеба. (ням.)
[39] Маўчаць! (ням.)