Ён сарваў пад рукамі рамонак і таксама ўздыхнуў.
— Былі неўраджаі. Праўда, розныя і калгасы былі. I зямля не ўсюды аднолькавая. У нас, напрыклад, адно каменне. Ды яшчэ балоты. Вядома, прыйшоў бы час, дабраліся б і да зямлі. Балот вунь колькі асушылі. Трактары ў вёсцы з’явіліся. Машыны розныя. Дапамога немалая мужыку. Вайна толькі ўсё да халеры спляжыла…
Джулія пасунулася да яго бліжэй.
— Іван говорі Сібірь. Джулія думаль: Іван шутіль.
— Не, чаму, была і Сібір. Высылалі кулакоў, каторыя заможныя. I ворагаў розных падабралі. У нас у Цярэшках таксама чацвёра аказалася.
— Ворагі? Почему ворагі?
— За буржуяў стаялі. Кароў калгасных сапам — хвароба такая — хацелі заразіць.
— Ой, ой! Какой плёхой челёвэк!
— Вось так. Праўда, можа, і не ўсе. Але па дзесяць год далі. Нізавошта не далі б. Дык іх таксама ў Сібір. Перавыхоўвацца.
— Правда?
— Ну, а як ты думала?
Лежачы на баку, ён засяроджана абрываў рамонак.
— Іван очен любіт свой страна? — пасля кароткага маўчання запытала Джулія. — Белоруссіо? Сібірь? Свой кароші люді?
— Каго ж мне яшчэ любіць? Вось калі бацька памёр, трудна было. На бульбе жылі. Дык то адна цётка ў вёсцы прынясе чаго, то другая. Сусед Апанас дровы прывозіў. Пакуль я падрос. Але пападаліся і сволачы. Знайшліся такія — нагаварылі на настаўніка нашага Анатолія Яўгеньевіча — ну і ўтапілі. Сумленнага чалавека. Бывала, усё са старшынёй калгасным лаяўся з-за непаладак. За народ клопат меў. А сказалі — супраць улады выступаў. Таксама дзесятку далі. Памылкова, вядома.
— Почему но защіцаль честно учітел?
— Зашчышчалі. Пісалі. Толькі…
Іван не дагаварыў. Міжвольныя гэтыя ўспаміны выклікалі ў ім невясёлы роздум, і ён ляжаў, кусаючы зубамі абскубаную сцяблінку рамонка. Заклапочана-ўважлівая Джулія ціха гладзіла яго забінтаванае гарачае калена.
— Усё было. Старое ламалі, перабудоўвалі — нялёгка гэта далося. З крывёй. I ўсё ж труднае хутка забываецца, помніцца добрае. Часам здаецца: нічога гэтага і не было. Жылі цяжка, клапотна, можа, і несправядліва ў чымсьці. Але ў міры. А гэта галоўнае. Я вось думаю калі: няхай бы зноў усё вярнулася — і цяжкасці, і голад, але без вайны каб. Усё б адолелі. Справядлівейшыя былі б. Пасля такой крыві, гэта ўжо пэўна.
— Руссо феномено. Парадоксо. Удівітелно, — горача загаварыла Джулія.
Іван, выплюнуўшы сцяблінку, перабіў яе:
— Што ж тут дзіўнага: барацьба. У акружэнні, сярод буржуазнага свету жылі. Чырвоную Армію ладзілі.
— О, армата Россо побеждаль! — падхапіла Джулія.
— Ну вось. Сілу якую накапілі. А пасля вайны, калі гэтую сілу на гаспадарку пусціць, ого!..
— Джулія много слышаль Россія. Россія само болшой справьядлівост. — Яна памаўчала і, здаецца, штосьці прыпомніўшы, варухнула брывамі. — Джулія за етот мыслі от фатэр, іль падрэ, батіка то ест, убегаль. Рома батіка делай вернісаж — юбілей фірма, біль многа гост, біль офіцір СД. Офіцір біль Россія. Офіцір говоріль: «Россія плёхо, бедно, Россія нон култур». Джулія сказаль: «Ето обман. Россія лючше Германіі». Офіцір сказаль: «Фройлін — камуністі?» Джулія сказаль: «Нон комуністі — правдісті». Ла падрэ ударяль Джулія. — Яна кораценька дакранулася да шчакі. — Пощёчін ето по-рускі. Джулія убегаль вернісаж, убегаль Маріо Наполі. Маріо біль комуністо. Джулія думаль: руссо карашо. Лягер Іван бежаль, Джулія бежаль. Руссо Іван герой!
— Ну які я герой? — не пагадзіўся Іван. — Проста салдат.
— Нон просто солдат! Руссо солдат — герой. Само смело! Само сільно! Само… само… — натхнёна гаманіла Джулія, шукаючы рускія словы. Ва ўсім яе тоне адчувалася набалелая шчырасць веры, якой яна вельмі не хацела здраджваць. — Мі відель ваш герой лягер. Мі зналь ваш герой на Остфронт. Мі думаль, ваш фатэрлянд само сільно, само справьядліво…
— А ён і справядлівы, — заўважыў Іван. — Рабочыя, калгаснікі ў людзі пайшлі. Я вось на трактарыста вывучыўся. А настаўнікаў колькі стала. З тых жа мужыкоў. Раней не тое было.
Насупленыя дагэтуль бровы яе варухнуліся, і вочы ад нейкае рашучае думкі гулліва бліснулі.
— Руссо комуністо Іван спасаль Русланд, спасаль буржуазно монархія Італьяно, спасаль Джулія…
— Ну які я камуніст: зашмат гонару. А па-другое, што ж тут такога: увесь Савецкі Саюз ратуе і Італію, і Францыю, і Грэцыю. I ці мала каго! Хоць яны і буржуазныя. Але ж, апроч нас, хто б яго спыніў. Тады, у сорак другім?