— Ты не баішся мяне?
— Но, Іваніо.
— Што ашукаю, пакіну цябе?
— Но, аміка. Іван нон обман. Іван — руссо. Кароші, мілі руссо!
Таропка і пругка, з нечаканай для яе тоненькіх рук сілай яна прыціснула яго да сябе і радасна, ціхенька засмяялася.
— Іван — маріто. Нон сіньор Дзангаріні, нон Маріо. Руссо Іван — маріто.
Ён з задавальненнем, нават з патаемным гонарам у душы запытаў:
— А ты давольна? Не пашкадуеш, што Іван — марыта?
Яна шырока расплюшчыла зацененыя яго нахіленай галавой вочы — зоркі ў яе зрэнках здрыгануліся і заскакалі.
— Іван — кароші, кароші маріто. Мі будэт маленькі-маленькі філіё… Как ето по-рускі, скажі?..
— Дзіця?
— Нон дітя! Как ето маленькі руссо?
— А, сын, — трошкі здзіўлена падказаў ён.
— Так, сін! Ето карашо. Такой маленькі-маленькі, кароші сын. Он будэт Іван, да?
— Іван? Ну, можна і Іван, — пагадзіўся ён, зірнуўшы па-над ёю ў чорную далячынь хрыбта, і ўздыхнуў.
Яна прыціхла, нешта думаючы. Абое на хвіліну змоўклі, кожны ўвайшоў у свет сваіх думак. А навокал ціха ляжалі горы, скупа бліскалі рэдкія зоркі, чорнай, непрагляднай аблогай накрыўся макавы луг. Было ціха-ціха, толькі шумеў, віраваў паток, але ён не парушаў цішыні, і Івану здавалася, што ў цэлым свеце іх толькі трое — яны і паток. У апошніх яе словах штосьці было клапотнае, яно сагнала з Іванавага твару ўсмешку. Страціўшы жартоўную лёгкасць, ён набрыў на штось труднае і сур’ёзнае ў сабе і, мабыць, упершыню ўбачыў яшчэ адзін паваротак у іх дужа не простых адносінах. А Джулія, наадварот, надумаўшы штось, неўзабаве прахапілася ад радасці і зноў сціснула яго ў сваіх абдымках.
— Іваніо! Іваніо, карашо! Как ето карашо — філіё, сін! Маленькі сін!
Пасля яна разняла рукі, павярнулася ніц, зоркі зніклі з яе вачэй, і твар цьмяна зашарэў у траве светлаю плямай, на якой у глыбокіх ценях вачніц ледзьве прыкметна блішчалі вочы. Кароценькае захапленне яе змянілася нечаканым клопатам.
— Іваніо, а где будэм жіт? Рома? — Яна трошкі падумала. — Нон Рома. Рома батіка уф бёзе. Трыесто?..
— Што раней часу загадваць, — сказаў ён.
— О! — раптам ціха ўсклікнула яна. — Джулія знат. Мі будэм жіт Россія. Белоруссіо. Дэрэвня Тэрэшкі, блізко-блізко два озера… Правда?
— Можа быць. Што ж…
Раптам яна нешта ўспомніла і насцярожылася.
— Тэрэшкі кольхоз?
— Калгас, Джулія. А што?
— Іваніо, плёхо кольхоз?
— Нічога. Калі-небудзь палепшае. Не век жа ўсё… дрэннаму быць.
Вялікай сваёй пяцярнёй ён паварушыў яе жорсткія густыя валасы, яна, ухіліўшыся, вызваліла галаву і прыгладзіла яе.
— Валёс будет болшой. Джулія растет болшой карошій валёс. Болшой валёс красіво, да?
— Ага, — пагадзіўся ён. — Красіва.