— Во дзіва! — збянтэжыўся Шабуня і ссунуў на патыліцу кепку, агаліўшы белы, зусім не загарэлы лоб. — А дзе ж пяты?
— А во пятага я і шукаю, — сказаў Агееў.
Ён зноў пачаў хвалявацца, як там, у кар'еы, і, пакуль хаваў у мяшэчак дакументы, яго агрубелыя, у свежых мазалях пальцы па-здрадніцку прыкметна трэсліся. Падпалкоўнік тым часам штось напружана думаў з яўнай пакутай на азызлым, спатнелым твары. Але вось ён нарэшце ажывеў і выцяў яго нечаканым пытаннем:
— Чым вы дакажаце?
— Што — дакажу? — не зразумеў Агееў.
— Што былі чацвёртым? І што быў пяты?
— А я і не збіраюся даказваць. Я ж ні на што не прэтэндую. Нічога не прашу.
— А раскопкі?
— Даліся вам гэтыя раскопкі! — пачаў нервавацца Агееў. — Вам што, шкада гэтага смецця? Ці гэтай гразі ў кар'еры?
— Нам не шкада, таварыш Агееў. Але калі кажды пачне капаць дзе захоча, што будзе? Форменны неперадак будзе. А задача абшчэственнасці падтрымліваць парадак. На кожнае дзействіе далжно быць разрашэнне. А ў вас яго няма. Таму мы абавязаны саставіць акт. На факт нарушэння.
— Ваша справа! Можаце складаць, — сказаў Агееў і, адышоўшыся ўбок, сеў на перакуленае пластмасавае вядзерца. Гасцям тут сесці не было на што, але ён не стаў іх рассаджваць — хай уладкоўваюцца самі. У яго зноў закалацілася сэрца, краявід непрыемна паплыў у вачах, і ён на хвіліну прыжмурыўся, каб саўладаць з сабой, стрываць пры гасцях без таблеткі. Прыступ быў, аднак, не доўгі, і калі ён зноў зірнуў на гасцей, тыя, адышоўшыся да могілак і расклаўшы на камянях агароджы кардонную папку, узяліся складаць акт. Прадстаўніца грамадскасці Казлова стаяла зводдаль, насуплена пазіраючы на яго.
— Імя, вотчаства ваша? — гучна запытаў здаля падпалкоўнік, па-над акулярамі зірнуўшы на Агеева.
— Павел Пятровіч.
— Дзе пражываеце?
— У Мінску.
— Адрас. Вуліца? Дом?
Ну во, толькі гэтага і не хапала! Як на злачынцу. Яму вельмі хацелася зрэзаць гэтага барацьбіта за парадак якой-небудзь калючай рэплікай, але ён ужо ведаў з практыкі, што ў такіх выпадках лепш не пачынаць сваркі, змаўчаць. Сабе ж дзешавей абыдзецца, як казаў калісь Валерка Сініцын, ягоны саслужывец па інстытуце.
Складанне акта цягнулася даволі доўга, падпалкоўніка некалькі разоў перапыняў працу. Ён яўна пакутаваў ад задышкі і патлівасці і раз за разам скідаў капялюш, абмахваўся ім, ціха бубніў сам сабе:
— Ведзёт… ведзёт раскопкі… Нет! Праізводзіт раскопкі, так лепш, а, таварыш Шабуня?
— Ага, так лепей, — не надта ўпэўнена пагаджаўся Шабуня.
— …Саставілі гэты акт… Нет! Настаяшчы акт… — папраўляў сябе падпалкоўнік, і Шабуня згаджаўся:
— Настаяшчы, ага.
— Ну вот. Цяпер падпісаць. Прадлагаем вам падпісаць, — угнуўшы галаву, са спушчанымі на носе акулярамі звярнуўся ён да Агеева.
— Няма вам чаго рабіць, — з прыкрасцю сказаў Агееў, усё яшчэ не могучы зладзіць з сэрцам. Але сапраўды рабіць яму не было чаго, ён падняўся і, з натугай перастаўляючы ногі, падышоў да агароджы. — Каму пашкодзілі мае раскопкі?
Пры гэтых ягоных словах раптам неспакойна заварушылася апатычная да таго Казлова і ўпершыню загаманіла грубым мужчынскім голасам, які здаўся Агееву надта знаёмы. І ён тут жа здагадаўся, што гэта — гаспадыня жоўтага дома за дарогай насупраць. Як ён не пазнаў яе адразу?
— А вот і пашкодзілі! — працяжна загаманіла яна. — Заняў тут выган, распалажыўся… А гусі ў патраву ходзюць. Тут не ходзюць, пугаюцца… У патраву ходзюць.
— Ах, гусі!..
Цяпер усё стала зразумела. Неяк ранічкай, неўзабаве пасля таго, як ён паставіў тут палатку, з боку ад дарогі паявілася чарада гусей, і магутны прыгажун-гусак, які вёў чараду, здзіўлена спыніўся перад яго палаткай. Агееў лагодна паклікаў гусака, але той абурана засіпеў, выгнуў шыю і павярнуў назад. За ім у абход кар'ера павярнула ўся чарада, дзе, мабыць, і зрабіла нейкую патраву. Цяпер давядзецца яму адказваць і за гэта.
Агееў узяў папку з густа і няроўна спісаным аркушам паперы. Мабыць, трэба было прачытаць, што там сачыніў гэта адстаўнік-падпалкоўнік, але без акуляраў ён таксама няшмат што бачыў, а вяртацца па іх у палатку не захацеў і абы-як распісаўся ўнізу пад птушкай, клапатліва пастаўленай складальнікам акта.
— Калі ласка, — сказаў ён, з націскам прыстукнуўшы шарыкавай ручкай.