— Ды во гусям яе перашкодзіў.
— Во-во! Такім усё на свеце шкодзіць. Таму што шмат хочуць. Цераз край. Скажу табе, з глузду з'ехалі людзі. Як перад канцом свету. Усё чагось дамагаюцца, пра нешта хлапочуць, дастаюць. Ужо чаго не хапае толькі! Як тое золата. Год таму такія чэргі былі, натоўпы! І ў пасёлку, і ў горадзе. Быў, бачыў. У кожнай бабы і тут, і тут паначэплена. Нашто? І во — мінуў год — як адрэзала. Вунь у магазіне ляжыць, бяры хоць кіло. Дык нікому не трэба. Што гэта? Не сквапнасць? — абурана гаварыў Сямён, быццам выгаворваючы за тое Агееву. — Скажу табе, шмат бяды з тае прычыны, што баб распусцілі. Шмат ім дазволена.
— Ты тожа сваёй дазваляеш?
— Дазволіш, куды дзенешся.
— Строгая?
— Язва! — коратка кінуў Сямён і зацягнуўся «Прымай».
— Бачыш, напэўна, дазваляем таму, што самі не без граху. У сям'і ці на службе. Во яны і карыстаюцца гэтым, крытыкуюць нас, — паспрабаваў усміхнуцца Агееў.
— Ох крытыкуюць! — сур'ёзна падхапіў Сямён. — Калі крытыка ў адзін бок, чаму не крытыкаваць? Здачы ж не дасі. Ого, паспрабуй! Яна адразу ў мясцком, у партком, у міліцыю. К суседзям, к сяброўкам, да родзічаў. І ёй вераць. А ты куды пабяжыш? Табе бегчы няма куды. Калі ледзь што — крычыць: выпівае! А калі выпівае, дык і ніякай размовы. А я хоць і выпіваю, але, можа, болей сумлення маю, чым яны ўсе разам. Куркулі гэтыя хітрапопістыя.
— Гэта магчыма, — уздыхнуў Агееў.
Ён таропка прысеў на вядро, зноў адчуўшы подступ слабасці ў грудзях, баючыся ўпасці на зямлю, напалохаць госця. Але слабасць не міналася, і ён выняў з задняй кішэні трыко металічны пенальчык з таблеткамі.
— Што — сціснула? — насцярожыўся Сямён.
— Трошкі…
— Можа, доктара паклікаць? Калі што — гавары. Я — мігам. У бальніцы мяне ведаюць.
Агееў запіхаў пад язык невыносна смярдзючую таблетку валідолу, хвіліну падумаў.
— Абыдзецца, можа. Лепш вадзіцы прынясі, калі ласка. Вунь у тым доме.
— Ды ведаю…
Сямён падхапіў пластмасавы бітончык і без лішніх слоў прыпусціў уніз, на дарогу. Агееў, ледзьве адольваючы слабасць, глядзеў перад сабой і амаль спалохана думаў, што, здаецца, не пашэнціла яму грунтоўна. З вопыту ведаў, што такое мінае не хутка, прыйдзецца залегчы або ісці ў бальніцу. Але і тое, і другое было яму зусім недарэчы, і ён не ведаў, як быць, што рабіць…
Неяк ранкам, на пяты ці шосты дзень свайго жыцця ў Бараноўскай, Агееў не стрываў, зняў павязку. Зрэшты, яна сама знялася — ноччу спаўзла да калена, адкрыўшы рану, якая хоць і не крывяніла, але ваўсю смуродна гнаілася. Разматаўшы мокры, у гнойных плямінах бінт, Агееў сядзеў на тапчане, не ведаючы, што рабіць, калі ў застаронак увайшла Бараноўская. Ён памкнуўся прыкрыць нагу кажушком, але гаспадыня адразу пра ўсё здагадалася і, адкінуўшы палу кажушка, зірнула на рану.
— Гнаіцца? Гэта дрэнна. І баліць?
— Не вельмі. Унутры толькі тузае.
— Трэба перавязаць. Я пашукаю што-небудзь. А вось лякарства няма ніякага. І Яўсееўны няма. У тарфяніках усіх пастралялі.
— У тарфяніках?
— У старых распрацоўках. Усіх да аднаго.
— Гэтага і трэба было чакаць! — паныла сказаў Агееў. — На што было спадзявацца?
— Чалавек заўжды спадзяецца. Нават наперакор розуму. Што ж яшчэ застаецца асуджанаму? — сказала гаспадыня і выйшла.
Хутка яна вярнулася з белаю анучкай у руках, стрэсшы якую пачала рваць на палосы.
— Знаеце, я во думаю… У вас сала засталося?
— Засталося, — сказаў ён, зірнуўшы на стол-скрынку, дзе, прынесены Малаковічам, ляжаў загорнуты ў газетку кавалак сала.
— Яно салёнае?
— Салёнае быццам.