— Ён павінен быць прыстойным. У яго маці шляхцянка! — не здаваўся Стасік. — Кроў у яго наша, высакародная…
— Глупства гэта ўсё. Кроў у людзей аднаго колеру — чырвоная…
Незадаволены грубасцю, на гэты раз Бароўскага, Стасік адстаў. Праехалі ўсю вёску. Стрэчныя сяляне ў кучомках, насунутых на самыя вочы, і жанчыны, захінутыя бруднымі хусткамі, хоць было лета, сыходзілі з дарогі і згіналіся ў паклонах. У тварах у насельнікаў гэтай забытай цывілізацыяй вёскі адчувалася нейкая немарасць і зблажэнне. Усе хаты абраслі лебядой, лебяда расла нават на саламяных стрэхах. Толькі адна хата была новая, яшчэ мо і не абжытая, — на вільчыку вісела забітая сарока, — а каля хаты хадзілі чырванашчокія, з чорнымі як смоль бародамі мужчыны ў новых світках, без шапак, у вымазаных дзёгцем ботах з высокімі халявамі. Яны не звярталі ўвагі ні на вазок, ні на седакоў.
— Гэтым пашпарт трэба, — абрадаваўся Людовік. — Гэта — патэнцыйныя грамадзяне.
— Усё роўна ім далёка да пана, які ў ландары сядзіць, — адазваўся Стасік. — Па ўсім відаць, што варшавянін…
— І па чым гэта відаць? — засумняваўся Людовік. — Паненка — чыстая полька. Так сакатала ў Пінску, што ні слова не зразумець… Цікава, хто яна гэтаму пану?
— Хлопцы, а калі гэта… любоўная пара? Падарожнічае інкогніта? Га? — спытаў Стасік і наблізіўся да вазка. Вёрз ён лухту, бо хацеў паддобрыцца і залезці ў вазок.
— Я пашпарт ягоны бачыў, — адзначыў Кавалец. — Ён не расейскае кароны падданы — вось што.
— Ён на шведа падобны, — заявіў Стасік.
— А ты шведа жывога хоць бачыў? — кусліва спытаўся Кавалец.
— Вось маскоўская варона, — абразіўся Стасік. — Я так кажу. Адным словам — чужапанец. Але ж паненка, халера ясна, і прыгожая.
— А ты яе бачыў? — не змаўчаў, падпусціў шпільку і Людовік. — Яна ж вуалькай закрыта. Бровы толькі і відаць. Ды густыя, як прыклееныя…
— Дапусцім, броўкі ў яе загустыя, але ж гэта так пікантна…
Вёску праехалі, за вазком накульгваў кудлаты чорны сабака. Ён, відаць, нечым правініўся і цяпер шукаў новых гаспадароў. Ясь крыкнуў на сабаку, каб ішоў прэч. Сабака спыніўся, пакрыўджана апусціў галаву.
— Ясь, — запытаўся Стасік, з відавочным жаданнем паддобрыцца, — ці то праўда, што пан аканом выпісаў з Галандыі індыка незвычайнай пароды?
— Праўда… — лагодна, прымаючы Стасікава прымірэнне, адказаў Кавалец. — Вунь у клетцы… Такі ж больбат, як і ты. Ну што глядзіш, як жаба з цэбра, сядай!
Стасік толькі і чакаў гэтага — гэпнуўся ў вазок. Абразу прапусціў міма вушэй.
Насамрэч, да ландары паверх дарожных куфраў была прывязана клетка, у якой сядзеў белы надзьмуты індык. Сярдзіты пан проста тросся над гэтым індыком. Калі карэта запынялася, ён вылазіў і карміў птушку нечым з мяшэчка.
Лес парадзеў, пачалося балота, выехалі на гаць. Колы застукалі па бярвенцах.
— Тут ландара і сядзе, — адзначыў Ясь, азіраючыся. — Тут, браткі, і я, як сюды ехаў, памучыўся…
Ландара ўгрузла адразу, як толькі коні сталі перабіраць нагамі, нібы па клавіятуры, па бярвенцах. Фурман свіснуў пугай. Коні рванулі. Крэк!
Мужчыны выйшлі з карэты, падцягнуліся да яе і хлопцы.
— Адвязвай рыштунак! — скамандаваў Артур Буевіч. — Бярыце скрынкі, валізы і куфэркі ў вазок, перавозьце на грудок, а мы паглядзім, што з ландарай.
Чужапанец панёс на сухое клетку з індыком. Потым разам з Буевічам-старэйшым вынеслі на руках і паставілі на ногі жанчыну, якая божкала і рассыпалася ў падзяках.
Хлопцы пацягнулі з ландары ў вазок дзве доўгія скрыні. Адна — нязвыкла цяжкая, другая — лягчэйшая.
— Ну і ценжар! — крактаў Стасік. — І што тут можа быць? Цвікі, вагі якія?
— Табе справа? — адказаў Людовік і, каб канчаткова замірыць юнакоў, прапанаваў: — Ты ў Кавальца спытай…
Кавалец, які нёс на плячы валізу, і сам сказаў:
— Гэта аканом прычындалле заморскае выпісвае… То плугі мудрыя, летась арху ракой прывезлі… Жыта веяць…
Аблегчаную ландару коні вырвалі з багны, яна пакацілася спраўней, толькі весела падрыгвалі фрэндзлі на заслонах акенец.