— Ты хоць па-хлопску пішы, мне без розніцы, — захіхікаў Стасік, шчыпаючы кончык носа. — Але ж ты пра святое, духоўнае… Недарэмна цябе людзі свяцькам дражняць…
Кавалец са злосцю зіркнуў на малога Буевіча.
— У гімназію табе самы час, Ясю, — уздыхнуў Людовік. — А то занадта мудры. У гімназіі цябе крыху абчэшуць.
— Вас ужо добра абсклютавалі… — азваўся Ясь. — Расея вам не падабаецца…
— Ну дык пачытай нам. Пра Хрыста, фаўна і німфу… — стаў пад'юджваць хлопца малы Буевіч.
— Адкуль ты ведаеш? — Кавалец коса зірнуў на Стасіка.
— Я, братко, усё ведаю, — самазадаволена праказаў Стасік.
— Урбановічыха растрындзела? — не адставаў Кавалец. — Прызнавайся, насач!
— Ну ты! — павысіў голас Стасік. — Яна шляхетная пані, а ты — трындзець… Бядуеш, што няўдалы верш згарадзіў. Ды яшчэ, хі-хі, гекзаметр!
— Вось, асталоп, прычапіўся! — буркнуў Кавалец.
— Я асталоп? У-у, святун, свяцька, святух… — стаў дражніцца Стасік.
— Насач, насач польскі! — урэзаў Кавалец.
— Святун, святун… Семінарыст недавучаны, недапечаны, маскоўская варона, маскаль!
— Польска дупа! — крыў Кавалец.
— Ды хопіць вам, абармоты! — не вытрымаў Людовік.
— А чаго ён, грубіян гэткі… — пакрыўджана стаў апраўдвацца Стасік. — Хам ёсць хам…
Кавалец тузануў лейцы, спыніў каня і сказаў са злосцю:
— За хама — злазь.
— І злезу. — Стасік спрытна саскочыў з вазка і пайшоў пешшу.
Клунак ягоны і сакваяж усё ж заставаліся ў вазку.
Абапал дарогі пайшоў сасняк, забялелі бярозы, востра запахла жытлом: дымам, гноем. Сярод бярозак з'явіўся раптам на дарозе шэра-зялёны праваслаўны крыж, абвязаны ручнічкамі, далёка між дрэў замільгалі шэрыя стрэхі, неўзабаве з'явілася і першая хата.
Будыніну цяжка было назваць хатай — яна распаўзлася па вуглах, толькі салома наверсе свежая. Ад вуліцы хата адгароджана свежаабчэсанай альховай, а таму аранжава-чырвонай крывой жардзінай. На падворку, за жардзінай, стаяла вялікае, неахайна абстрыжанае дзіця ў адной сарочцы, на прызбе грэлася на сонейку старая жанчына. Чорненькія куркі з вялікімі чырвонымі грабянямі клявалі старэчу ў руку. Пасярод двара стаяў, шырока расставіўшы ногі, карчаваты селянін і ладзіў касу. Калі ўбачыў вазок, няўцямна заўсміхаўся, стаў ківаць галавой у знак прывітання. Дзіця ад сораму, што без штаноў, прысела і нацягнула сарочку на калені.
— Гэта і ёсць, Ясю, твой прадухт? — паказаў вачамі на селяніна Стасік. — Яму трэба пашпарт? У Вену з'ездзіць ці ў Парыж?
— А што ён там забыўся? — спытаўся Кавалец.
— Ён нам дзівіцца, а як ён рот разявіць на карэту з фрэндзлямі, га?
— Мо ён і ракам перад ёй стане, што з гэтага? — агрызнуўся Кавалец.
— Людовік! — усклікнуў Стасік. — Спыні ты гэтага хама. Праўду кажуць: калі з пана пан, то пан, а як з хама пан…
— Ды табе самому зараз у морду дам! — раптам ускіпеў Людовік. — Што ты ўсё папракаеш, што ён з мужыкоў? Вінаваты ён, што бацька мужык?
— А чаго ён…
— Маўчы! — крыкнуў Людовік. — А то зараз выкіну і клункі твае… Пойдзеш дадому пехам…