— Як мне вядома, не, — стрымана адказаў малады чалавек. Пуаро больш нічога не гаварыў. Маёр Рыдл сказаў:
— Добра, дзякуй вам, Лэйк. Мусіць, вам лепш пабыць недзе тут на выпадак, калі мне спатрэбіцца яшчэ што ў вас запытацца.
— Вядома, сэр. — Лэйк устаў. — Я магу што-небудзь зрабіць?
— Вы можаце прыслаць сюды дварэцкага. І, можа, вы пацікавіцеся для мяне, у якім стане лэдзі Шэвені-Гарэ і ці магу я трошкі пагутарыць з ёю зараз; ці яна занадта засмучаная…
Малады чалавек кіўнуў і пакінуў пакой хуткім рашучым крокам.
— Прыемная асоба, — сказаў Эркюль Пуаро.
— Але, цудоўны хлопец, і спраўны на службе. Яго ўсе любяць.
5
— Сядайце, Снэл, — сказаў маёр Рыдл сяброўскім тонам. — У мяне багата пытанняў. Разумею, гэта быў шок для вас.
— О, сапраўды, сэр. Дзякуй, сэр. — Снэл сеў з такім сціплым, нясмелым выглядам, што гэта, па сутнасці, было тое самае, калі б ён застаўся стаяць.
— Служыце тут ужо ладны кавалак часу, ці не так?
— Шаснаццаць гадоў, сэр, з той самай пары, як сэр Гервазы, э, асеў, як кажуць.
— Ага. Вядома ж, ваш гаспадар быў у свой час вялікі падарожнік.
— Але, сэр. Ён прымаў удзел у экспедыцыі на полюс і ў многія іншыя цікавыя мясціны.
— Добра, Снэл, прашу, скажыце мне, калі апошні раз вы бачылі свайго гаспадара сёння вечарам?
— Я быў у сталовай, сэр, сачыў, каб як след быў сервіраваны стол. Дзверы ў залу былі адчынены, і я бачыў, як сэр Гервазы сыходзіў па лесвіцы, ішоў праз залу, а пасля па калідоры пайшоў у кабінет.
— А каторай гадзіне гэта было?
— Якраз каля васьмі. Магчыма, ужо было без пяці восем, — спакойна адказаў Снэл.
— І тады вы бачылі яго апошні раз?
— Але, сэр.
— Вы чулі стрэл?
— О, так, сэр; але, вядома, я і не падумаў, што гэта стрэл. Ды і як я мог падумаць?
— А што вы падумалі?
— Я палічыў, што гэта аўтамабіль, сэр. Шаша зусім блізка ад паркавай агароджы. Або гэта мог быць стрэл у лесе — браканьер, можа. Я ніяк не думаў…
Маёр Рыдл перабіў яго:
— Калі гэта было?
— Роўна восем хвілін дзевятай, сэр.
Галоўны канстэбль рэзка запытаўся:
— Як вы можаце памятаць час з такой дакладнасцю?
— Проста, сэр. Я толькі што даў першы гонг.