Той паціснуў плячыма.
— Ён мёртвы больш за паўгадзіну, але не больш за гадзіну. Вы не любіце тэхнічных падрабязнасцей, я ведаю, таму не буду дакучаць імі. Гэты чалавек застрэлены ў галаву, пісталет быў за некалькі дзюймаў ад правай скроні. Куля прайшла акурат праз мозг і выйшла.
— Усё адпавядае самагубству?
— Усё. Цела потым звалілася ў крэсла, і пісталет выпаў з яго рукі.
— Вы знайшлі кулю?
— Знайшоў. — Доктар паказаў яе.
— Добра, — сказаў маёр Рыдл. — Мы захаваем кулю, каб упэўніцца, што яна з гэтага пісталета. Я рады, што гэта незаблытаная справа і няма ніякіх цяжкасцей.
Эркюль Пуаро мякка сказаў:
— Вы ўпэўнены, што тут няма цяжкасцей, доктар?
Доктар павольна адказаў:
— Ну, я думаю, адна рэч можа здацца вам трохі дзіўнай. Калі ён страляўся, то, напэўна, быў крыху схілены направа. Інакш куля зачапіла б сцяну ніжэй люстра, а не трапіла б якраз усярэдзіну.
— Некамфартабельная поза для самагубства, — сказаў Пуаро.
Доктар паціснуў плячыма.
— Ну, камфорт, калі вы збіраецеся з усім гэтым скончыць… — Ён не дагаварыў.
Маёр Рыдл спытаўся:
— Цела можна вынесці зараз?
— Можна. Я займаўся ім да поўдня.
— Што скажаце вы, інспектар? — Маёр Рыдл звярнуўся да высокага, з апатычным тварам чалавека ў простай вопратцы.
— О'кэй, сэр. Мы атрымалі ўсё, што нам трэба. Засталіся толькі адбіткі пальцаў нябожчыка на пісталеце.
— Дык вы можаце працягваць.
Цела Гервазы Шэвені-Гарэ было перанесена. Галоўны канстэбль і Пуаро засталіся адны.
— Так, — прамовіў Рыдл, — усё нібыта зразумела і проста. Дзверы замкнуты, акно зачынена, ключ ад дзвярэй у кішэні мёртвага. Усё як след — апрача адной акалічнасці.
— І якой жа, мой дружа?
— Вы! — сказаў Рыдл адкрыта. — Што вы робіце тут?
Замест адказу Пуаро ўручыў яму ліст, які ён атрымаў ад нябожчыка тыдзень назад, і тэлеграму, якая ўрэшце прывяла яго сюды.
— Гм, — сказаў галоўны канстэбль. — Цікава. Мы павінны дакапацца да сутнасці справы. Мушу сказаць, тут прамая сувязь з яго самагубствам.
— Я згодзен.
— Мы павінны праверыць усіх у доме.
— Магу назваць іх прозвішчы. Я толькі што задаваў сякія-такія пытанні містэру Трэнту.
Ён паўтарыў імёны.