— Вы двойчы ўжылі слова «неверагодна», капітан Лэйк. Дык вы сапраўды здзіўлены весткай пра самагубства сэра Гервазы?
— Сапраўды. Вядома, ён быў вар'ят; кожны згодзіцца з гэтым. Але ўсё роўна я проста не магу ўявіць — як ён быў здатны падумаць, што свет зможа існаваць без яго.
— Але, — сказаў Пуаро. — Менавіта. — І ён ухвальна паглядзеў у адкрыты, разумны твар маладога чалавека.
Маёр Рыдл адкашляўся.
— Раз вы тут, капітан Лэйк, можа, вы сядзеце і адкажаце на некалькі пытанняў?
— Добра, сэр.
Лэйк сеў на крэсла насупраць іх.
— Калі вы апошні раз бачылі сэра Гервазы?
— Сёння, гадзіне а трэцяй. Трэба было праверыць некаторыя рахункі і яшчэ вырашыць пытанне пра новага арандатара адной фермы.
— Доўга вы з ім былі?
— Магчыма, паўгадзіны.
— Падумайце добра і скажыце мне, ці не заўважылі вы чаго-небудзь нязвыклага ў яго паводзінах?
Малады чалавек задумаўся.
— Не, наўрад. Ён быў, бадай, трошкі ўзбуджаны, але гэта не было нязвыкла для яго.
— Можа, ён быў хоць крыху прыгнечаны?
— О, не, ён быў у гуморы. Ён цешыўся жыццём менавіта цяпер, пішучы гісторыю роду.
— І як даўно ён заняўся гэтым?
— Пачаў месяцаў шэсць назад.
— Тады, як прыехала сюды міс Лінгард?
— Не. Яна прыехала прыкладна два месяцы назад, калі ён убачыў, што сам не справіцца з даследчай работай.
— Дык вы думаеце, ён быў у добрым настроі?
— О, проста ў цудоўным! Ён сапраўды лічыў, што на свеце нішто не мае значэння, апрача яго роду.
У голасе маладога чалавека раптам прамільгнула горыч.
— Значыцца, наколькі вы ведаеце, у сэра Гервазы не было ніякай трывогі?
Паўза, вельмі кароткая, але паўза была, перш чым капітан Лэйк адказаў:
— Не.
Пуаро нечакана кінуў пытанне:
— Вы думаеце, сэр Гервазы зусім не быў заклапочаны сваёй дачкой?
— Сваёй дачкой?
— Менавіта.