— У кавалерыю?
— Ага, у тую, што ў хамуце.
Мы з ім былі на «ты», аднак ён быў на дваццаць з гакам старэйшы. Ужо, здавалася б, не крыўдна чалавеку і ў абоз.
Наступным разам мы сустрэліся з ім на нейтральнай тэрыторыі, больш чым праз год і зусім нечакана — на кірмашы ў райцэнтры.
Я ўжо ведаў, што Цімоху прачыталі маё апавяданне і ён як быццам сказаў: «От зараза!..» Як хочаш разумей: злуе чалавек, не злуе? Калі ён гукнуў мяне з гушчы кірмашных вазоў і коней, я ішоў да яго не вельмі каб спакойна…
Цімох сядзеў на возе адзін, нібы кагосьці чакаючы. Павіталіся. Тады ён, як і заўсёды, не спяшаючыся, дастаў з-пад сена торбу, з торбы хлеб і сала, накроіў аднаго, нарэзаў другога, зноў пасадзіў руку ў сена і дастаў бутэльку.
«Спачатку чарку дасць», — падумаў я асуджана.
А ён сказаў:
— З горла ды ў горла. Будзь здароў!
Пацягнуў добра сам і перадаў бутэльку мне. Самагонка, вядома. І добрая. Была сякая-такая прывычка, — я пацягнуў, нібы з адчаю перад цяжкай гутаркай, і мы пакуль што пачалі закусваць.
— Збіраешся, можа, зноў неўзабаве быць?
Я не збіраўся.
— А што?
— Прывёз бы, можа, пораху трохі? Бяздымнага.
Ну, калі толькі гэта, калі ягонае «от зараза!» — не злосць была, а пахвала байдуна байдуну, дык я табе магу і дымнага і бяздымнага!.. Аднак я сказаў пакуль што стрымана:
— Чаму ж. Пагляджу.
Падбадзёраны гэтым, Цімох пайшоў далей:
— І патронаў. Шаснаццатага. І шроту, калі ўжо так.
Пра апавяданне маё — ані слова. Мала таго — яшчэ і сам пачаставаў мяне вясёлымі навінамі.
Перш за ўсё — пра Асечку.
— І яшчэ, браце мой, не ажаніўсё. — Тут Цімох, пераймаючы Косцю, пляснуў у ладкі, звонка зарагатаў і тонкім голасам ускрыкнуў: — «Паспеем! Нажывёмсё!» А самому ўжо… Ну але, ён за мяне на год старэйшы, пяцьдзесят тры. І на вайну пасля партызан не ўзялі, як таго Лётчыка. Кавалер! Я яму ўдоўку нядаўна нагледзеў, у Хлюпічах. Грышку Лазовіча забілі, баба засталася. Пад сорак будзе. Гладкая, браце мой, адных цыцак колькі! І шые яшчэ на машыне. Праўда, дзяцей няма, але няўжо ж табе конча ўжо на гатовае? «Пайшоў бы ты, — кажу яму, — хоць голку ёй зацягнуў. Яшчэ ж у вушка, можа, пападзеш? Там жа, можа, не протар». — Цімох яшчэ раз перакрывіў Асечку: — «Паспеем! Нажывёмсё!» Збіраўсё ён нібыта, але ж і яна чакаць не будзе. Навалач нейкую знайшла, прымака. Нейкі Швілі ці Швіляў. Худзізна — скура ўжо не на рэбрах, а пад рэбрамі. Чорны, як Каін, і дзве левыя нагі. Тры дні, тры ночы, браце мой, з хаты не выходзілі! А потым выйшаў ён… Я якраз міма праходзіў, бачу: пааўзе і, як п'яны, хістаецца. «Ты што, — пытаюсё, — толькі што з шахты вылез?»
Літаратура! Дзе тыя ў чорта Хлюпічы — ці быў, ці бачыў, ці гаварыў што сам — не важна…
Пра самога сябе Цімох, памятаю, казаў: «Які я там бабнік — проста адзін баюсё спаць». Як там бывала раней — у вёсцы гаворана і гаворыцца розна, а ўжо ў пасляваенныя гады яму памалу рабілася не да гэтага. А пагаварыць, пацмакаць ласы ён быў і ў старасці.
Другая страсць, паляванне, таксама спакваля міналася.
У калгасе ён быў спачатку лесніком і заадно вартаваў зарэчныя лугі. Скардзіўся мне аднойчы, што вельмі ж нялёгкая гэта работа — сена ў копах пільнаваць, бо лясныя хутаранцы, шляхцюкі, «зладзеі спрадвеку», вельмі ж на копы тыя насядалі, цэлымі чародамі.
— Адзіналічнікі, браце мой, дый злосныя яшчэ, як тыя мухі ў спасаўку. Махалам не адмахаешся! Страляў я раз, страляў, а потым давай тою двухстволкай попускам — па нагах!
— Па іх страляў?
— Ды не. Солі якраз не было…
Потым яго шляхцюкі паўступалі нарэшце ў суседні, плёхавіцкі, калгас, і аднойчы Цімох, вяртаючыся з лесу, сабраў каля нашай хаты чараду мужчын — паказваў, як тыя хутаранцы выйшлі на сваю першую калектыўную сяўбу.
Мужчыны нашы днямі ўжо бачылі гэты спектакль, цяпер Цімох частаваў ім мяне, аднак рагаталі ўсе. Расказчык адзін за некалькіх сейбітаў п'яна крычаў на ўсялякія галасы, з розным ды розным тварам і жэстамі, уяўна набіраў насенне ва ўяўны фартух, за аднаго шляхцюка ішоў, хістаючыся, за другога паказваў першаму, як кіравацца на яго сігнальны свіст і ўзнятую руку, за трэцяга — толькі стаяў і тупа, дзіка глядзеў кудысьці… А потым сейбіты, зноў жа ў асобе аднаго Цімоха, ішлі да ўяўнага воза з мяхамі, дзе ў іх была пачатая ці поўная, і, як гаворыць адзін мой знаёмы паэт, папраўлялі там галаву.