Яго ўжо даўно тым часам няма, больш за дзесяць гадоў, а я нядаўна, у сонечны дзень і ў светлым настроі, адзін ідучы па варшаўскай адноўленай вуліцы Кракаўскае прадмесце, успомніў дзядзькаву прыгаворку. На польскай мове на ніжнебайдунскі лад:
«Ішла пані Ядкова па Кракоўскім пшадмесці і згубіла седэмнасце злотых. Кеды цывільны зналяз — проша оддаць, а кеды жолнеж — згінэнло на векі векуў. Аман».
Калі разліць на стале трохі вады і, побач, трохі малака, каб гэтыя лужынкі сышліся, мяжу паміж вадой і малаком не правядзеш. Гэта я недзе прачытаў, у нечым разважанні пра этнаграфічныя межы.
У нас, беларусаў, яны размываюцца з пяці бакоў, на стыках з Польшчай, Летувой, Латвіяй, Расеяй і Ўкраінай. А ўсярэдзіне? У нашым заходнім кутку?
Мая бабуля па маме з пятнаццаці год служыла ў маёнтку пакаёўкай і потым, усё жыццё, будучы праваслаўнай, малілася па каталіцкай кантычцы. Прывучыла да польскіх малітваў і дзеда. Тым больш што дзеда, яшчэ маладога, паўстанцы восемсот шэсцьдзесят трэцяга года бралі ў абоз і потым ён «адбываў пакаянне пры нясвіжскім кляштары», можа, таму, што Ніжнія Байдуны ў паншчыну належалі Радзівілам. За праваслаўныя грахі дзед калоў каталіцкія дровы, насіў ваду, цэлымі днямі касіў мятлою. Наша Ўлляна, ад якое я ўсё гэта чуў, сама памятала яшчэ, як дзед, ужо стары, даўно пасля таго пакаяння, маліўся «па-панску». Дзеда па маме звалі Іван, а дзеда па бацьку Даніла. Некага там хаўтурылі з нашых сваякоў, і дзед Іван, пакуль прывезлі папа, чытаў над нябожчыкам па кантычцы. Дайшоў у той літаніі да слоў «свенты Данелю, мудль се за намі», зірнуў на свата Данілу і, грэшны беларус, засмяяўся. На адпяванні!.. Дзед Даніла таксама быў панскім парабкам, толькі ў іншым маёнтку, таксама трохі набыльваў па-польску, відаць, яго там Данелем і клікалі.
Бацька наш з самага моладу, ад пугі дваровага пастуха, падаўся ў горад, на чыгунку, многа ездзіў па Эўрапейскай Расеі, Украіне, Малдавіі, Закаўказзі, сяк-так далучыўся да расейскай культуры, любоў да яе прышчапіўшы і нам, сёстрам Улляне і Надзі, брату Паўлу, які застаўся ў Савецкім Саюзе, Андрэю і мне. Але ў яго, у бацькавых, расказах мы чулі многа і ўкраінскага: і анекдоты, і песні, і так паасобныя словы.
Ну, а калі ўжо гаварыць пра нас, тое пакаленне «заходнікаў», чыё маленства і маладосць прыйшліся на міжваеннае дваццацігоддзе пад буржуазнай Польшчай, дык нас тады «размывала» знутры і школа, і служба ў войску, і турма, і падаткава-шарварковыя сутыкненні з нялепшымі сынамі братняга народа…
Дзядзька Алісей бываў таксама далёка. Салдатам служыў у Чыце, ваяваў у Румыніі і ў Галіцыі, а ў маладосці, да салдатчыны, працаваў у маёнтку пані Ядковай сыраварам. Праўда, сыры аднойчы былі не ўдаліся, і, каб зацерці сляды, рагатун Рыўка з яшчэ адным такім майстрам, не з нашай вёскі, уз'ехалі з цяжкім возам на стары склеп, і ён праваліўся.
І прыгаворка пра «седэмнасце злотых» — адтуль.
Школьнікам я ахвотна маляваў. Найахвотней «партрэты». То алоўкам, то акварэльнымі фарбамі. Не з натуры, а больш па памяці або «зрысоўваў» з кніг, з паштовак. Аднойчы, дома, гэта быў Хрыстос у цярновым вянку. Над гэтай копіяй і застаў мяне дзядзька Алісей, мой самы часты назіральнік і дарадчык. Малы, як маці казала, «маляр» падпёр шчаку языком і робіць выгляд, што яму абыякава, хто там стаіць за спіной, а сівы аптыміст прыглядаўся спачатку моўчкі, а потым не стрываў:
— Во-во! Давай!.. Пане божа, ты мяне ствожыл, а я цябе намалёвал, спшэдал і пянёндзы пшэпіл!..
Таксама, відаць, успомнілася ці не з маёнтка, з парабкоўскага фальклору.
Наша маці, калі ўжо і старая была, магла часамі заспяваць, прадучы ці шыючы, не толькі роднае «Учора не быў, сягоння не быў», не толькі расейскае «Все люди живут, как цветы цветут», але і такое вось «польскае»:
Дзядзька Алісей заходзіў у нашу хату адзін раз, напрыклад, з такою прыгаворкай:
Гэта — тады, калі ў хаце былі скудзельніцы, хоць і даўно ўжо не дзеўкі, пра якіх далей гаварылася так:
Іншым разам былі прыгаворкі яшчэ больш недарэчы — абы вясёлыя. Скажам, такая, пра пераборлівую паненку:
«Святая пакрова, пшыедзь хоць на пары коней — дальбуг жа, не пуйда!» А потым, дзеўкай насядзеўшыся: «Свенты Дамініку, пшыедзь хоць на едным коніку — дальбог жа, пуйда!»
Таксама сумесь беларускага з польскім, нават і са святамі: праваслаўнымі Пакровамі і каталіцкім Дамінікам.
Было і румынскае: «Нушты русешты, нумот румэнэшты» — «Не разумею па-расейску, толькі па-румынску». Была і тая «фумея» — на цётку Зосю, яго гаспадыню.
Былі ў дзядзькі і словы свае: «гамталязікі» — пра аладачкі або піражкі, «ахламенька» — пра сала ці каўбасу, «камінарнік» — пра франтаватага кавалера або пра мужа наогул…
Лаяўся ён з натуральнай і шчодрай свабодай. Любімая прымаўка, і да мужчын, і да жанчын аднолькава: «Будзь дуг, на…ы ў шапку!» Гутарачы з нашай маці на зусім сур'ёзныя, жыццёва важныя тэмы, ён гаварыў:
— Дзеўкі мае, Катрыно, зрабілі ў хаце цэлую краму: паліца вобуву — чаравікі, туфлі, снягоўцы. Што ні заробяць — тарпу ў князя капаючы, на жніве, на бульбе — усё на с…, усё на сябе! Шура адны боты зрабіў — і ўсё. А гэта? Зіна сабе, Ліда сабе. Ды ўжо і Жэнька, глядзі ты, ладнае курвяня.
— Каб табе, Алісейка, язык нечага аблез! Ну як жа можна так — на сваё, на такое харошае?
Маці нават плявалася, без усякай, вядома, надзеі, што праз два-тры словы такога ці горшага не пачуе.
Тут, з жанчынай, у яго было яшчэ нейкае далікацтва, а поўная свабода — у мужчынскай кампаніі.
У Цімоха Ярмоліча, я гаварыў ужо, быў меншы брат, Ёсіп. Калі яны з Цімохам падзяліліся, Ёсіпу прыйшлася бацькава хата. Яна стаяла глухой сцяной да вуліцы, а ён захацеў павярнуць яе фронтам дый адарваць такім чынам ад сяней, каморкі і хлява, якія ўзяў з падзелу Цімох. Сабраў Ёсіп усю вёску мужчын, узялі мы той апусцелы ды раскрыты зруб на добрыя друкі і, пад каманду Асечкі, заўсёды найбольш ахвочага да талакі, толькі хацелі напяцца рвануць угару і панесці — пачуўся натужны голас дзядзькі Алісея:
— Перанясенне машчэй з бардака ў паліцыю!
Большасць чула такое ўпершыню, сказана яно было пад руку, настрой гурту і так прыўзняты, узбуджаны, — што ж, грымнуў рогат, і хата зноў асела на стары падмурак. Шчасце яшчэ, што не зусім набок.
У блазнаванні сваім ён быў заўсёды лёгкі, рухавы. Што мне цяпер успомнілася, дык гэта наша «вострая брама». Андрэю было тады семнаццаць. Гаспадар. А мне дванаццаць. Памагаты. Змайстравалі мы браму ад вуліцы, з новых штыкетаў. Хацелі, вядома ж, каб здорава, на дзве форткі, уверсе з бакоў абрэзаныя ўвагнутыя паўкругам, а пасярэдзіне — востра. Начапілі форткі на крукі — атрымалася крыва, не зачыняецца… Я рагачу, Андрэй — у злосць. Ён на мяне сказаў Гезыль, а пасля і зусім Касавокі, а я на яго то Цененькі, за пісклявы голас, то Вярблюд, хоць ён гарбатым або слінявым ніколі не быў. Сядзім на лаўцы злосныя, маўчым. Добра, што хоць нікога няма. І маці з Надзяй у полі, на поліве. А тут — на табе! — едзе аднекуль дзядзька Алісей. Спыніў перад намі кабылу, скокнуў з воза. А нас нібыта зусім і не бачыць. Падышоў да брамы, укленчыў, зняў шапку, перахрысціўся і рукі злажыў:
— Святая, вострая, негабляваная! Амін, амін!..