Гора ў жыцці яго было многа. Два разы гарэў. Другі раз так, што «і попел развеяўся, і каменне патрэсканае». Без пары памерла «фумея», дабрадушная цётка Зося, а потым Зіна, старэйшая замужняя дачка. У акупацыю другую дачку, Ліду, разам з яе Сяргеем, малымі дзецьмі і Жэнькай, найменшай і найспраўнейшай дзядзькавай дачкой, якая гасціла тады ў Ліды на хутары, карнікі арыштавалі ў блакаду і вывезлі ў Германію. Там яны ўсе і пагінулі з дзецьмі, — ніхто не скажа дзе — у лагеры якім ці ад саюзніцкіх бомбаў. А тады яшчэ, і зусім дабіваючы старога бацьку, з фронту прыйшло, што загінуў і Шура, адзіны сын.
Зусім аглухлы, дзядзька Алісей апошні свой час хадзіў палявым вартаўніком. Закурваючы з ім, вясёлы брыгадзір Васіль Кураўка крычаў старому ў самы твар:
— Ты ўжо толькі дарогаю, дзядзька Алісей, хадзі!.. Дарогаю, кажу, хадзі!! А то павалішся дзе-небудзь, і не знойдзем!..
Уцяміўшы, што да чаго, стары спачатку смяяўся, а потым махаў рукою: «Ат, адзін чорт!» Але і то, здаецца, весела. І тупаў полем ці дарогаю далей. Пакуль зусім не натупаўся.
У адрозненне ад старэйшага брата, Сцяпана, з яго гарадскім вучылішчам, дзядзька Алісей, што закончыў толькі царкоўнапрыходскую, ахвотна і многа чытаў. Пры Польшчы з кнігамі ў вёсцы было вельмі туга, у акупацыю тым больш, а потым ужо ён, як сам гаварыў, прысмактаўся да нашага клуба, дзе памалу расла сабе ладная бібліятэка.
І яшчэ адно — самае сімпатычнае ў ім — дзядзька любіў дзяцей. За што, вядома, і яны яго любілі. Не толькі сваіх і не толькі свае.
ПРАЛЛЯ І ВАРТАЎНІК
Баба прадзе, мама прадзе, і маленькай унучцы зрабілі нарэшце маленькую прасніцу. Тыдзень таму назад, і Анечка ўжо добра смыкае. Слініць тую кудзелю, нібы клюючы яе губкамі, і нітку цягне, вядзе. Нават сказала, задаволеная ўдачай:
— Во, як я ві-ва-ла-а!
Прыйшоў дзед Алісей. Стаіць у парозе, прыпёршыся плячом да вушака. Спачатку штосьці гаварыў, а цяпер вось глядзіць на маленькую праллю, сам сабе ўсміхаецца, а потым ціха кажа бабулі:
— Катрыно! Га?
І паказвае ёй кіўком галавы на ўнучку.
А тая Анечка нібы і не чуе, не бачыць нічога — вядзе сабе, смыкае з усёй пацешнай сур'ёзнасцю чатырохгадовай памочніцы.
Стары памалу, нібы непрыкметна ды так сабе, здымае сваю ягнячую шапку-каўпак, прыплюшчвае вока, прыцэльваецца і спрытна кідае на праллю. Папаў! — нітка перарываецца паміж кудзеляй і ручкай. Гэта ўжо не ўпершыню, і ўчора так было, і Анечка злуецца, смешна, «па-даросламу»:
— Алісей ты! Ты мне ніколі прасці не даеш!
— А я цябе, Гануся, не баюся! — нараспеў пацвельваецца дзед.
Тады яна ўстае са свае прасніцы, ставіць яе каля ножкі стала і не на жарты прыступае да свайго перашкаджальніка. Неўзабаве дзед ужо ляжыць, «павалены» на падлогу. Анечка то ляпае яго далонькай па пухкім кажусе, то верхам сядзіць на яго жываце і пераможна смяецца. Потым яна ўстае, поўнасцю здаволеная і стомленая, а ён садзіцца на падлозе і пачынае пакрыўджана «плакаць». Як малы, выціраючы кулакамі вочы.
— Набіла, шапку за печ закінула, ы-ы-ы!..
Спачатку Анечка прымае гэта як працяг гульні, а потым у яе маленькім сэрцы абуджаецца далёка-далёкае, будучае матчына шкадаванне.
— Устань! — спачатку крычыць яна на старога. — Сказала табе, устань! — І нават мякка тупае валёначкам.
Гэта яшчэ ўсё толькі гульня.
Дзед плача — зусім як плача. І Анечка пачынае яго шкадаваць:
— Алісеечка мой, сыночак маленькі! Я больш не буду. Я табе малачка.
Гэта — таксама яшчэ ўсё з іхняга рэпертуару.
— І шапку тваю знайду, вушкі твае не памерзнуць.
Дзед плача горка і няўцешна. І тут ужо Анечка бянтэжыцца: а можа, ён і папраўдзе?.. Яна глядзіць на яго, і вочы яе пачынаюць большаць і вільгатнець. Стары яшчэ ўсё хныкае, закрыўшыся рукой, аднак і глядзіць праз карэлыя пальцы і, адчуўшы, убачыўшы, што ўжо тым часам годзе, што і малая можа заплакаць, аднімае ад твару далонь і смяецца:
— Што, Гануся, спалохалася?
І малая таксама смяецца.
— От вы, дзядзько, які! — гаворыць пралліна мама, а ў голасе яе і маладая весялосць, і сталая матчына ўдзячнасць.
Бабуля перастала прасці і ціха смяецца, нічога не кажучы. Да «вычварання» гэткага і іншага яна па-суседску прывыкла даўно.