242
«Зямныя царствы ўсе і веліч іх». — Цытата з Евангелля паводле Мацвея, дзе расказваецца, як д’ябал спакушаў Хрыста.
243
Брыда! Тыран Сарданапал! — Сарданапал — легендарны асірыйскі цар Ашурбаніпал (668–626 да н. э.), які любіў раскошу.
244
Як Пітэр Сквенц, я сёння склікаў…— Пітэр Сквенц — персанаж з шэкспіраўскага «Сна ў летнюю ноч».
245
Уваходзяць Трое Дужых. — Вобразы Трох Дужых запазычаны з біблейскай «Другой кнігі царстваў», дзе называюцца героі войска Давіда (Кн. царстваў, 11, 23, 8).
246
Твой прыяцель — нурсійскі некрамант. — Нурсійскі некрамант — прыдуманы Гётэ персанаж. Некрамант — варажбіт, які выклікае душы мёртвых і выпытвае ад іх усё, што хоча ведаць. Нурсія — горад у Сярэдняй Італіі.
247
Некаторыя сцэны былі напісаны ў 1798–1800 гг. Канчатковая рэдакцыя — у 1830 г.
248
Меў добры сад і Навуфей. — У бібліі расказваецца пра тое, як Самарыйскі цар Ахаў пры ўдзеле сваёй жонкі Іезавелі адабраў вінаграднік у Навуфея, які адмовіўся прадаць яго.
249
Лемуры — замагільныя здані, якія, паводле павер’яў, блукаюць каля магіл.
250
Крылатая Псіхея — увасабленне душы ў грэка-рымскіх міфах.
251
Pater Ecstaticus (лац.) — айцец экзальтаваны, Pater Profundus (лац.) — айцец паглыблены, Pater Seraphicus (лац.) — айцец анёлападобны. Гётэ дае замест імёнаў святых пустэльнікаў-анахарэтаў толькі іх тытулы: пустэльнікі ў творы з’яўляюцца толькі каментарыем да думкі аўтара — прасвятленне праз чыстую любоў.
252
Doctor Marianus (лац.) — «марыінскі доктар», аскет, заглыблены ў сузіранне дзевы Марыі.
253
Mater Gloriosa (лац.) — божая маці ў ззянні нябеснай славы.
254
Magna Peccatrix (лац.) — вялікая грэшніца Марыя Магдаліна.
255
Mulier Samaritana (лац.) — самарыцянка, якая напаіла Хрыста каля калодзежа.
256
Maria Aegyptiaca (Acta Sanctorum) (лац.) — Марыя Егіпецкая («Жыція святых») — блудніца, якая раскаялася пасля таго, як нябачная рука засланіла ёй дарогу ў храм; рэшту жыцця пражыла ў пустыні ў малітвах і пастах.