167
The old Iniquity (англ.) — старая крыўда; назва д’ябла ў англійскай пратэстанцкай літаратуры.
168
Дай мне шараду…/А Зеўсу — як забава проста. — Напамін пра фіванскага сфінкса, які загадваў падарожніку загадкі і забіваў яго, калі той не адгадваў. Адгадка загадкі Мефістофеля — д’ябал. Зеўс, як найвышэйшае боства, стаіць над дабром і злом.
169
Сірэны — паўптушкі-паўжанчыны, якія занаджвалі людзей сваімі спевамі.
170
Эдып калісьці з імі гаварыў.— Эдып — міфічны фіванскі цар, які разгадаў загадку сфінкса.
171
А іх Уліс перахітрыў.— Уліс (Адысей) — гамераўскі герой, воін, падарожнік.
172
Бо Геркулес забіў апошніх з нас. — Геркулес (Геракл) — міфічны герой, які здзейсніў дванаццаць подзвігаў.
173
Прасі парады ты ў Хірона. — Хірон — мудры кентаўр (паўчалавек-паўконь).
174
То зграя шумных стымфалід. — Стымфаліды — міфічныя птушкі з меднымі крыламі, пер’ем і дзюбамі, якія жылі над Стымфалійскім возерам у Аркадзіі; іх знішчыў Геркулес.
175
Хай не палохаюць галовы/Лернейскай вычварнай гадзюкі.— Лернейская гідра — міфічная пачвара, дзевяцігаловая змяя; яе забіў Геркулес.
176
Там ламіі — гурток распусты… — Ламіі — міфічныя вампіры, пажыральніцы дзяцей.
177
Прывыклі да ўсяго, здавён/Кіруючы раскладам дзён. — Сфінксы былі ў Егіпце сімваламі месяцаў ліпеня (знак Льва) і жніўня (знак Дзевы).
178
Суд людскі мы, суд Феміды. — Феміда (Тэміда, Тэміс) — міфічная багіня права, законнага парадку і прадказанняў. Пераносна Феміда — правасуддзе, закон.
179
Пеней — рака ў Фесаліі; тут — бог рэк.
180
Славуты, мудры сын Філіры. — Філіра — німфа, якая нарадзіла кентаўра Хірона.
181
Нават у Палады…/Ён сам управіць Ментару мазгі.— Палада Афіна — багіня мудрасці; у вобразе сябра-дарадцы Ментара Афіна суправаджала Тэлемаха, які адправіўся шукаць бацьку Адысея.