Мы зьязджаем адсюль. Паравозік чамаданнай маланкі аніяк не даедзе з пункту А ў пункт Б, і пакуль ты каленам прыгінаеш дэрмантынавы ляндшафт, я ўсё ж прымушаю яго прыбыць на станцыю прызначэньня. Шкло апранаецца ў газэты, бы рыхтуецца да трансарктычнага падарожжа; сьвятло гарыць ва ўсіх пакоях.
Мы зьязджаем. Картонныя рукі старых каробак закутыя ў кайданкі, усё навокал завязанае на адмысловы вузел – вязьмо тых, хто зьязджае. Шрубкі й цьвічкі дзынькаюць пад нагамі, і ў апусьцелых памяшканьнях ня чуецца болей спакою. Вызваляецца плошча, і мы зьдзіўляемся – як шмат тут квадратных мэтраў, якія не пасьпела асвоіць нашая любоў. Раптам знаходзіцца калісьці зьніклы бязь вестак шалік – мы нават ня памятаем ужо, хто яго насіў, ты або я.
Адсюль. Ад палавіцаў, на якіх можна граць “Разьвітаньне з радзімай”, ад паголеных аконных броваў, ад шызых простакутнікаў пылу на паркетным узоры, ад павуціньня, якое апынаецца такім трывалым і рвецца толькі на сярэдзіне калідору. Ад ліхтарнага сьвятла, якое яшчэ ўчора разьбівалася аб драўляныя дамбы шафаў, а цяпер нарэшце здолела выкласьці свой нескладаны малюнак на забароненую роўнядзь.
Усё меней укрыцьцяў для ворана, усё меней крэслаў для стомленых, усё меней падключаных да сеткі рэчаў. Адчыняюцца ўсе тайнікі, і адтуль выходзяць падсьлепаватыя маленькія стварэньні ды машуць нам доўгімі хударлявымі рукамі. Прастора няўхільна рэпрадукуе сама сябе, і вось ужо непражаванае жыльцамі рэха ліхадзейным колам куляецца-коціцца па дывановых калюгах. Аднак мы маем яшчэ трохі часу. І ў апошні раз падымаем слухаўку.
116.
– Не глядзі, не глядзі, – амаль крычу я й засланяю экран; суворы навуковы голас удараецца мне ў копчык і разьбіваецца на сотні словаў, іхная плынь абцякае мяне й намагаецца зноў злучыцца ў адзінае цэлае на ўзроўні жывата. Яна са сьмехам спрабуе зазірнуць за мяне, круціцца ўлева, управа, узіраецца празь мяне, на яе вуснах блішчыць вясёлая сьліна. Я адводжу рукі назад і абхопліваю імі экран, яна тыцкае ў мяне пультам, быццам хоча мяне выключыць. Там, на экране, залатыя шлемы, бліскучыя рогі, адтуль сыплюцца жудасным порахам дзіўныя словы: тымультыністарта, Іштар, нінэвія. Я дацягваюся да патрэбнай кнопкі й націскаю яе. Усьмешка перада мной згасае.
У яе пачарнелі зубы. Я й ня ведаў, што яна даўно ня ходзіць да стаматоляга, яна заўжды размаўляла так мала, так бедна, так непераборліва, расьціскала вусны толькі на мілімэтр, каб даць вылецець надакучліваму, вымушанаму слову. Яна была абазнаная ва ўсходніх травах, таямнічых зёлках, зь яе роту пахла духмянасьцямі. Напэўна, яна жавала іх употай, як дзеці жуюць дравесную смалу.
Яна працягвае мне тэлефонную слухаўку. Як шкада, што мне толькі адзін раз удалося зграць сапраўднага ворана.
– Мяне завуць Жучок, Пётр Мікалаевіч Жучок... Вы, відаць, чулі...
Я прамаўляю нешта.
– Рэч у тым, што... Пра гэта пісалі нядаўна ў семдзесятвасьмёрцы... У мяне юбілей... Якраз перад сьвятам.
– Віншую, – я халодны, як рукі І.
– Я хацеў бы зьняць у вас залю на вечар... Мне казалі...
– Вы памыліліся.
– Прабачце?
– Памыліліся. Нумарам. Мовай. А можа, жыцьцём. Не ўключай, там няма чаго глядзець, – сказаў я й пацалаваў яе ў вузкія вусны. – Апранайся, нам трэба ісьці.
Як двое супрацоўнікаў таемнай арганізацыі, з аднолькавымі шалікамі на нэрвовых шыях, мы ідзем па палым аксамітым лісьці, падобным да разарванага ў шматкі каляровага сьвяточнага нумару газэты нумар пяць. Яна трымае мяне пад локаць – калі яна робіць гэта, яе лоб перасякае пакутлівы ўспамін. Цікава, ці можна будзе абысьціся без ампутацыі? Мы заходзім у краму і як турысты марудна адольваем кілямэтры яе раскошы.
Бананавыя сем’і, што счапілі жоўтыя рукі ў прадчуваньні немінучага; непрыстойнасьць ківі; амаль каўбасныя палкі галяндзкіх, вечна сьвежых агуркоў, не падлеглых нават страваваньню. Золата й бронза яблыкаў; матылі цыбулі ў сачках авосек. Бруд бульбы й морквы. Мы ідзем далей, гнусавячы й фатаграфуючы. Рахат хлебу, лукум кандытарскага адзьдзелу. Булачкі “Бэрлінэр”, ільсьністыя, ліпучыя. Мультфільмавы рай малочных прадуктаў. Публічны дом вэнджаніны, мясны бардэль.
Мілы дзядуля заляцаецца да адной з тых бальзакаўскіх жанчын, якія купляюць тут толькі натуральнае. “Мужу вазьміце гарачага вэнджаньня”, – шэпча ён на сарамлівае чырвонае вуха. “Толькі гарачага”. “Скажы: яму б лепш сасісак узяць спачатку”, – рагоча пажылая, але жвавая прадавачка, уся нібыта зьлепленая з выстаўленага за шклом мяса. Чарга пасьмейваецца, хаця й коўзаецца на пляскатым жарце. Жанчына чырванее, але згодна ўсьміхаецца. “Толькі гарачага”, – гучна шэпча дзед – ахайна апрануты, выгалены да сінявы, у старамодным элеганцкім капялюшы. Ён ідзе за ахвярай уздоўж рыбных кансэрваў. Пакецікі харчовай хіміі, горка гаркавай гарбаты, тысяча разоў паўтораны маладзён на бляшанках кавы. Саркафаг Амундсэна, марозіва. Гронкі чыпсаў на плястмасавым вецьці. Мы йдзем, нічога не купляючы. “Толькі гарачага”. Здоб вінных бутэлек, шы здуб каньякоў. Жанчына крычыць.
Дзядуля дагнаў яе ля хлебнага адзьдзелу, і цяпер трымаў доўгі нож ля шыі жанчыны, вольнай загартаванай рукой сьціскаючы яе пад грудзьмі. Пакупнікі за папяровым гальлём. Сьнежныя каралевы гарэлкі. Добразычлівыя пакеты соку. Цэгла печыва. “Прадайце мне!” – нож у руках дзядулі скача, нібы хоча вырвацца. “Прадайце мне!” Каравэлы карамэлі. Рыбныя бургеры. Запацелая вэнджаніна. Біфіды. Жывыя ёгурты. Паштэты. Крык стаіць такі, што на нас глядзяць нават з вуліцы. Надрываецца прывязаны кімсьці каля ўваходу сабака. Нож падае. Да дзядулі падбягае ахоўнік, за ім яшчэ адзін, яны валяць вар’ята на падлогу й потым мы бачым хіба мільгаценьне заднікаў модных ботаў, што ўзьлятаюць да вітрынаў і апускаюцца ў нешта мягкае, слотнае. Пачынае стракацець касавы апарат. Мы выходзім.
117.
– Лепш у кнігарню.
Ды вось яны кнігі. На латку ля крамы. Мы падыходзім.
– Не азірайся. Кармушкін.
Але ён ужо рукаўся з пустэчай, трос кадыком. Кудысьці падзеліся доўгія, заўсёды залізаныя валасы, як у рокераў пяцідзесятых, не заўважылі мы й было студэнцкага лоску. Я ўздыхнуў і запаліў цыгарэту. Кармушкін спалохана, нібы насякомае на стале, стаў прыбіваць долу дым. Потым нясьмела пасьміхнуўся, выцер вусны рукавом.
– Як жа ён енчыў. І вочы закрываў, быццам яго асьляпілі. Візантыйцы так рабілі. Гуманны быў народ. Не забівалі пратэрмінаваных прэтэндэнтаў на кесарства. Проста асьляплялі. І ідзі ты на ўсе чатыры бакі.
Мы глядзелі на яго з прыкрасьцю. Кармушкін пачасаў калючае падбародзьдзе – відавочна, гэты занятак быў адзінай ягонай фізычнай радасьцю:
– Вас жа не было, так? Гэта на пастаноўцы гэтага авангарднага тэатру. Як толькі яны там тогі апранулі й на хадулі ўсталі, Даражок як зараве. Ледзь шкло ня вылецела. Праўда. Цяпер ён...
– Мы пойдзем, – я ўзяў яе за руку. Кармушкін не марудзячы схапіў маю і ўмольна прамармытаў:
– А я знайшоў, знайшоў. Вось ён, адказ.