– Не перапыняйце мяне, калі ласка. Я ж не перабіваў, калі вы задавалі гэтыя свае ідыёцкія пытаньні наконт імені-прозьвішча. Дык вось. Цяпер простага белага марозіва днём з вагнём не адшукаеш. Няма. Хіба што “Сямейнае”. Нядрэнны, дарэчы, прадукт. Хаця таксама – бледная копія. А ўсё астатняе – прабачце, лайно. Хімія паўсюль. Араматызатары, кансэрванты. І галоўнае – усе гэтыя дабаўкі. Малінавае, абрыкосавае... Яны бы спачатку ўспомнілі, як глазур рабіць шакалядную, а то толькі адзін “Каштан” і можна есьці. Не, не спрачаюся – гэтае “Асьвяжальнае” было й тады. Фруктовы лёд, мягка кажучы. Але я кажу пра марозіва, пра малочны прадукт зь вялікай літары. Такі, якім на штаны крапнеш – не адмыеш. А вы кажаце – “Нэстле”...
– Назар Оскаравіч, давайце пагаворым пра ваш тэатр. Ён існуе ўжо...
– Некалькі тысячагодзьдзяў.
– Разумею ваш гумар. Але вось вы яшчэ не паставілі ніводнага спэктаклю за паўгады... Якой будзе прэм’ера?
– Як гэта не паставілі? У нас штотыдня ідуць спэктаклі. Камэдыі, трагедыі... Драмы. Кожны раз – аншляг. Вось і на гэты... Што там у нас... Раённая ячэйка... Ніводнага квітка. А контрамаркі мы не даем, не-не-не... Ня трэба так на мяне глядзець. Я кірую тэатрам, а не дзяржавай. Умяшчальнасьць залі малая. Квіткі раскупленыя на год наперад.
– Назар Оскаравіч, у мяне іншая інфармацыя...
– На тое вы і журналістка. Дарэчы, ведаеце, кім я працавала да таго, як стаць рэжысэрам? Езьдзіла па горадзе на вялікай бел-чырвона-белай машыне зь мігалкай. Толькі дзеля ўсяго сьвятога, не ўспрымайце гэта як мэтафару!..
111.
Усё-ткі Майк быў геніяльным хлопчыкам... Гэта менавіта ён неяк у адзін з самых няўдалых вечароў прыдумаў рэцэпт цудадзейнага кактэйлю: палова флякону панацэну, шклянка гарэлкі, тры ампулы дэлірыюму, два пакеціка сухога вітаміннага напою “Вітафрукт” і дзьве лыжкі панацэн-гелю, узьбітых міксэрам. Праўда, Мастаку больш падабаўся малінавы “Вітафрукт”, а Майку – вішнёвы, ды Майк ахвотна пагадзіўся саступіць. Натуральна, лягчэй было прыгатаваць адразу вялізны пяцілітровік кактэйлю (яны вырашылі назваць яго “Lucky”), які застанецца толькі ўзбоўтваць перад ужываньнем, чым рабіць кожны раз новыя порцыі.
Няўдалыя вечары, між тым, працягваліся. У пузатым слоіку з-пад пітной вады было яшчэ на некалькі такіх спробаў – далей цямрэча, роспачная невядомасьць, тупік. Да сьвята заставалася ўсяго нічога, і ўсё часьцей мабільны Мастака зморана пілікаў, абарочваючыся заклапочаным голасам то Байрама Ўралавіча, то адной зь пінжачных цётак. Яны пачыналі здалёк, цікавіліся, ці ня трэба дапамога, прапаноўвалі нават новы аванс, перадавалі прывітаньне вучню, і толькі потым, давёўшы Мастака да поўнае зьнямогі (нялёгкая гэта справа – удаваць бадзёрасьць, Мастак шчыра спачуваў свайму тварэньню, якое мусіла захаваць яе назаўсёды), пыталіся як бы між іншым: “Як там замова?”. “О-о-о”, – амэрыканіў Мастак, адганяючы ад сябэ гарэзьлівага Майка, нібы тэлефонную муху. “Усё о’кэй. Засталася толькі касмэтычная праца. Пасьлязаўтра, самае позьняе – у суботу...”. На тым канцы дроту з сумненьнем ківалі галавой і паўтаралі, амаль укленчваючы: “Вы ўжо пастарайцеся...”.
Яны не кахаліся ўжо некалькі тыдняў, дый Майкавы штохвілінныя пешчаньні сталі даволі павярхоўнымі ды вялымі. Мастак і ня здольны быў думаць ні пра што, апрача працы; раніцай, тупа пазіраючы сабе між ног, ён з абыякавасьцю думаў: ну вось, не фунцыклюе, не фунцыклюе... Яны засыналі непрыкметна: чароўная сумесь “Lucky” патрабавала ўзамен узьнёсласьці й дзікунскага натхненьня поўную начную адключку. Цяпер яны жахліва пацелі: спалі па звычцы ў абдымку, і калі надыходзіў час прачынацца, то падушкі й прасьціны можна было выкручваць. Хутка зьявіліся й наступствы: напрыклад, непрыемны пах, які йшоў ад абодвух, і кожны з далікатнасьці не казаў нічога другому. Ураньні станавілася ўсё халадней, і на досьвітку яны, не расплюшчваючы вачэй, нагамі спрабавалі намацаць сагнаную ўначы зь неабсяжнага ложку коўдру – і не маглі, і засыналі, рызыкуючы прастудзіцца.
Якім жа было зьдзіўленьне Мастака, калі аднойчы ў гэты замерзла-аранжавы час ён адчуў, нібы праз вату, як Майк падымаецца з ложку, мякка здымаючы са свайго жывата ягоную руку, і ляпае босымі пяткамі па падлозе – цішэй, цішэй, і яшчэ цішэй. Зьдзіўляўся Мастак нядоўга – неўзабаве сон самкнуўся над ім, і бурая яміна, зь якой ён ліхаманкава намагаўся выбрацца, зноў пачала напаўняцца сьлізкім гадамі, падобнымі на ажылыя рычагі паветранага апарату...
Увесь дрыжучы, Майк нацягнуў халат і потым, не без праблемаў, тапачкі, рукі не хацелі слухацца, і ад ложку ішло цёплае сьвячэньне. Пакой у павуціньні неразмарожанага сонца, здавалася, ляціць кудысьці: гэтае пачуцьцё ўзмацняў роўны гул, быццам ад схаванага магутнага рухавіка. Майк пазмагаўся трохі з жаданьнем зрабіць не па-брацку глыток кактэйлю, перамог сябе, выпіў вады, запаліў, потым усё ж вырашыў не супраціўляцца спакусе – і раптам уцяміў, што гул ідзе з майстэрні. Ён зьняў тапачкі й падкраўся да дзьвярэй.
Надзіманы чалавек быў не самотны. Засланяючы вакно, у майстэрні сядзеў другі гумовы гігант, галава якога зьвісала на бок – ён навогул быў добра пабіты жыцьцём, на друзлай скуры дзе-нідзе стаялі агромністыя заплаты, на назе было напісана нешта непрыстойнае, барада, зробленая, відаць, з цэлай тоны дроту, паблісквала цьмяна й сумна. На каленях у іхняга з Мастаком твора сядзела такая ж маркотная жанчына й гладзіла твор па пупырчатай шчацэ.
– Ты мусіш гэта зрабіць, – урачыста й змрочна прамовіў барадаты. – Бо інакш ты парушаеш запавет. Адмаўляючыся выканаць вялікую місыю, ты дэманструеш пагарду да подзьвігу продкаў.
– Але я не хачу...
Надзіманыя размаўлялі ціха, наколькі могуць ціха гаварыць людзі такіх памераў. Кожны меў прыемны голас і бездакорную дыкцыю. Жанчына ўзяла руку іхняга твора ў сваю й з тугою сьціснула ў зялёных далонях.
– Гэта неістотна. Ты надта шмат правёў сярод іх, і ў сэрца тваё пранікла гардыня. Ты мусіш...
– Мусіш... – рэхам адгукнулася жанчына.
– Яны не пабачаць майго ўвазьнясеньня... – не падымаючы вачэй, прашаптаў твор і горка ўздыхнуў. За ім заўздыхалі і астатнія надзіманыя. Яны ўздыхалі так прыгожа, што Майк забыў пра асьцярожнасьць і прыадчыніў трохі дзьверы – ніхто, зрэшты, не павярнуў гумовай галавы.
– Уваскрашэньне – справа тэхнікі, – пераконваў барадаты, не павышаючы голасу. – Яны ўсё адно не паверылі б, ды ім і няма патрэбы верыць. Хіба мы не прафэсіяналы...
– Хіба мы не прафэсіяналы?... – грудным голасам паўтарыла жанчына й зноў пагладзіла твор па шчацэ.
– Часу засталося мала. Чым хутчэй ты ачысьцішся ад свай гардыні, тым з большай радасьцю перажывеш увазьнясеньне, – працягваў барадаты. – Тым менш балюча табе будзе пры пераўтварэньні...
– Рахі кандода, – тут жа ўставіла пасьпешліва жанчына і ўсе трое паўтарылі хорам гэтыя мілагучныя словы. Майк намацаў коўдру вялікім пальцам нагі й пацягнуў на сябе – свойскі бяскрыўдны вецер, выкліканы гэтым спрытным рухам, прымусіў Мастака спалохана заварочацца і ўхапіцца пазногцямі за плячо сябра.
112.
Сам Сакратар стараўся не дакранацца да гэтага букету гвазьдзікоў – кветкі прайшлі за год праз такую колькасьць рук, былі настолькі зашмальцаваныя, што выклікалі агіду. Трэба нарэшце даць даручэньне Анюце змайстраваць новыя, думаў ён лянотна, назіраючы, як чарговы навучэнец пэтэвэ, намагаючыся, як вучылі, прадэманстраваць на сваім твары траурную пашану, крочыць да дошкі. Ну і дэбіл! Шчокі пунсовыя ад сарамлівасьці, рукі трасуцца, адна штаніна вылезла з бота, сьпіна крывая, на вуху тоўсты фурункул – няўжо яму дваццаць гадоў. Сакратар заахвочвальна ўсьміхнуўся ў залю й потым даслаў змрочны канфідэнцыяльны позірк Анюце: дарагуша, гэта безнадзейна. Абодва вэтэраны, яшчэ не аддыхаўшыся пасьля адоленага толькі што шляху, камечылі ў руках уручаны ім нумар семдзесятвасьмёркі: спэцвыпуск, прысьвечаны моладзі.
– Павел, – махнуў рукой Сакратар, і пэтэвэшнік уцягнуў галаву ў плечы. – Павел, ну колькі можна. Па-першае: гэта мэмарыяльная дошка, а ты да яе падыходзіш як да школьнай. Другагоднік... Ня бойся. Ты ідзеш аддаваць даніну павагі, а не даўгі пацанам. Па-другое. Букет. Як ты трымаеш букет? Як венік. Трымай яго ля сэрца, беражна, кончыкамі пальцаў, але моцна. Ты што, дзяўчынам ніколі не дарыў кветкі? Хаця вядома ж, не дарыў, хто на такога... Ля сэрца трымай, боўдзіла! Дзе ў цябе сэрца?
Пэтэвэшнік мітусьліва паляпаў сябе па кішэнях. Сакратар зморшчыўся й змахнуў Паўла зь пятачка пад экранам: “Наступны!”.
Наступнай была квітучая сьветлавалосая дзяўчынка, і ад вэтэранаў адразу ж запахла чымсьці замілавальным. Рабіла яна нібыта ўсё правільна, аднак занадта хутка – амаль бегма. “Ускладаньне кветак ня церпіць сьпешкі”, – цярпліва сказаў Сакратар, у соты раз падняўся й правёў майстар-клясу: адным рухам броваў пагрузіў сябе ў глыбокі, але горды і аптымістычны смутак, запаліў у вачох сьветлую гераічную памяць і элегантнай хадою, нібыта пазначаючы кожны свой крок стылізаванай пад вайсковы кант каймою, падыйшоў да дошкі – кавалка граніту з высечаным на ім пераможным, але няпэўным профілем, і як пад фотааб’ектывамі, павольна апусьціў гвазьдзікі на прызначанае месца – пастаяў роўна дзьве сэкунды, схіліўшы галаву, і, выпрастаўшыся, рашуча вярнуўся на месца.
– Вось так, – Сакратар выцер рукі беласьнежнай сурвэткай і зноў абаяльна ўсьміхнуўся: Анюта пачырванела ад задавальненьня. – Нічога цяжкага. Добра, зладзім перапынак. Толькі паліць ніхто ня пойдзе, а то зноў сапсуеце імідж арганізацыі... Сёньня ў нас у гасьцёх вэтэран вайны...