Другая задумваецца.
— Але, — кажа яна пасля паўзы, — хоць я і не ведаю дакладна, што з ёю. Яна болей не такая строгая, як раней. Нядаўна я два дні не рыхтавала ўрокаў, і яна мне нічога не сказала. І потым яна нейкая такая… не ведаю, як тут сказаць. Я думаю, ёй болей не да нас, яна ўвесь час сядзіць збоку і не гуляе з намі, як раней.
— Мне здаецца, у яе вялікае гора, але яна не хоча гэтага паказаць. І на раялі яна болей не іграе.
Зноў маўчанне. Старэйшая сястра напамінае:
— Ты хацела нешта расказаць.
— Так, але не кажы нікому, ніводнаму чалавеку — ні маме, ні сяброўцы.
— Не, не скажу, — у яе голасе гучыць нецярпенне. — Дык што там такое?
— Вось што… Цяпер, калі мы клаліся спаць, я раптам успомніла, што забылася сказаць фрэйлен дабранач. Чаравікі я ўжо зняла, але ўсё-такі пабегла да яе ў пакой, ціхенька-ціхенька, ведаеш, каб усё было неспадзеўкі. Я вельмі асцярожна адчыняю дзверы. Спачатку мне здалося, што яе няма ў пакоі. Святло гарыць, а яе я не бачу. І раптам — я так спалохалася — чую, нехта плача, і бачу тут — яна, адзетая, ляжыць на ложку, галавою ў падушцы. Так яна плакала, што я аж здрыганулася. Але яна мяне не заўважыла. І я зноў ціхенька зачыніла дзверы. Я так дрыжала, што нейкі час не магла зрушыцца з месца. Потым зноў пачула праз дзверы, што яна плача, зусім выразна пачула, і хутчэй пабегла ўніз.
Абедзве маўчаць. Потым адна ледзь чутна кажа:
— Бедная фрэйлен.
Словы трапечуць у пакоі, і іх гук губляецца і замірае ў цемры.
— Хацела б я ведаць, чаму яна плакала, — пачынае малодшая. — Яна ж ні з кім не сварылася ў апошнія дні, мама таксама, нарэшце, пакінула яе ў спакоі, не прыдзіраецца вечна, а мы ўжо пэўна ёй нічога не зрабілі. Чаму ж яна гэтак плача?
— Я, здаецца, ведаю, — гаворыць старэйшая.
— Чаму, скажы мне, чаму?
Сястра марудзіць адказваць. Нарэшце кажа:
— Я думаю, яна закахалася.
— Закахалася? — Малодшая аж падскочыла на ложку. — Закахалася? У каго?
— Ты нічога не заўважыла?
— Няўжо ў Ота?
— Ты думаеш? А не ён у яе? Ён ужо тры гады як вучыцца тут і жыве ў нас, але дагэтуль ніколі не гуляў з намі. Чаму ж ён цяпер у апошнія месяцы гуляе з намі раптам кожны дзень? Ці ж быў ён калі-небудзь ласкавы са мною ці з табою, пакуль не было фрэйлен? А цяпер ён увесь дзень круціцца вакол нас. Мы заўсёды сустракаем яго выпадкова, выпадкова, куды б ні пайшлі з фрэйлен, — у Народны сад, у Гарадскі парк, у Пратэр. Няўжо табе гэта не кінулася ў вочы?
Малодшая зусім спалохана выціскае з сябе:
— Але… але, канечне, я гэта заўважыла. Толькі я думала, што…
Голас ёй здраджвае. Яна больш нічога не можа сказаць.
— Раней я гэтаксама думала, бо мы, дзяўчынкі, заўсёды такія дурніцы. Але я хутка заўважыла, што мы ў яго толькі зачэпка.
Цяпер абедзве маўчаць. Гутарка быццам скончылася.
Абедзве паглыбіліся ў думкі, а мо яны ўжо сняць што-небудзь?
Але яшчэ раз з цемры чуваць разгублены голас малодшай:
— Але чаму тады яна плача? Яна ж яму падабаецца. А я заўсёды думала: закаханыя адчуваюць сябе цудоўна.
— Не ведаю, — гаворыць старэйшая сонным голасам, — я таксама думала, што гэта вельмі цудоўна.
І яшчэ раз, ціха і жаласліва, вылятае з вуснаў паўсоннай дзяўчынкі: