Яны павярнуліся назад і спалохана ўтаропіліся ў змрок. Эдгар стаяў ціха, прыціснуўшы рукі да цела, і яго маленькая фігурка глыбока схавалася ў цені дрэва. Зноў усталявалася мёртвая цішыня, але яны, здавалася, устрывожыліся. «Вернемся», — пачуў ён мамін голас, ён гучаў спалохана. Барон, відаць, сам занепакоены, згадзіўся. Яны павольна пайшлі назад, шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго. Іх збянтэжанасць выратавала Эдгара. Ён папоўз паміж дрэвамі, абдзіраючы рукі да крыві, дабраўся да павароткі і кінуўся бегчы з усіх сіл, што аж дух заняло. Дабегшы да гатэля, ён некалькімі скачкамі апынуўся наверсе. Ключ, якім яго замкнулі ў пакоі, тырчаў, на шчасце, звонку, ён павярнуў яго, адчыніў дзверы і кінуўся на ложак. Некалькі хвілін яму трэба было, каб перавесці дыханне; сэрца шалёна стукала ў грудзях, нібы сэрца звона, які моцна гойдаўся.
Потым ён адважыўся ўстаць, падышоў да акна і пачаў чакаць, пакуль яны вернуцца. Чакаць прыйшлося доўга. Яны, мусіць, ішлі вельмі, вельмі павольна. Ён асцярожна выглянуў з зацемненага акна. Вось яны павольна набліжаюцца, іх адзенне заліта месячным святлом. У гэтым зеленаватым святле яны выглядаюць як здані; хлопчыка ахоплівае салодкая жуда: можа, гэта сапраўды забойца, і тады — якую страшэнную небяспеку ён адхіліў. Ясна відаць іх белыя, як крэйда, твары. На маміным твары незнаёмы яму выраз захаплення, барон, наадварот, сярдзіты і злосны. Відаць, таму, што яго намер не здзейсніўся.
Яны падышлі ўжо зусім блізка. Толькі каля самага гатэля іх постаці раздзяліліся. Ці паглядзяць яны ўгору? Не, ніхто не паглядзеў. «Вы пра мяне забыліся, — падумаў хлопчык з горкаю крыўдаю і з тайнаю радасцю, — але я пра вас не забыўся. Вы думаеце, што я сплю ці што мяне няма на свеце, але вы пераканаецеся ў сваёй памылцы. Я буду сачыць за кожным вашым крокам, пакуль не вырву ў гэтага нягодніка тайну, жахлівую тайну, якая не дае мне спаць. Я разарву ваш саюз. Я не сплю».
Павольна набліжаліся яны да дзвярэй. І калі яны ішлі вось так, адно за адным, іх сілуэты на імгненне зноў зліліся — адзін чорны цень слізгануў у асветленыя дзверы. Потым пляцоўка перад гатэлем зноў забялела ў месячным святле, як вялікі луг, пакрыты снегам.
Напад
Эдгар, цяжка дыхаючы, адышоў ад акна. Ён дрыжаў як у ліхаманцы. Ні разу ў жыцці не быў ён гэтак блізка да таямнічай прыгоды. Хвалюючы свет нечаканых і бурных падзей, свет забойстваў і здрад, знаёмы яму з кніжак, заўсёды заставаўся яму казачным светам, у блізкім суседстве са светам мараў, — чымсьці неіснуючым і недасягальным. Цяпер жа ён, мабыць, апынуўся ў страшным свеце, і гэтая думка ўзрушыла яго да глыбіні душы. Хто такі таямнічы незнаёмы, які раптоўна ўварваўся ў іх спакойнае жыццё? Ці сапраўды ён забойца? Ён жа ўсё імкнуўся адасобіцца і стараўся заманіць маму ў цёмнае месца. Страшная небяспека пагражала ім. Што ж яму рабіць? Заўтра ён абавязкова напіша тату або пашле тэлеграму. Але ці не здарыцца жахлівае, страшнае, загадкавае цяпер, а не заўтра? Бо мамы ўсё яшчэ няма ў пакоі, яна ўсё яшчэ з гэтым ненавісным чужым чалавекам.
Паміж унутранымі і лёгкімі знадворнымі дзвярамі быў вузкі прамежак, не шырэй за адзежную шафу. Уціснуўшыся ў гэты цёмны закутак, хлопчык прыслухоўваўся да крокаў у калідоры. Ён вырашыў ні на хвіліну не пакідаць маму адну.
Калідор апоўначы быў пустэльны, яго цьмяна асвятляла адна лямпачка.
Нарэшце — хвіліны цягнуліся бясконца — ён пачуў асцярожныя крокі. Ён напружана прыслухоўваўся. Гэта былі не хуткія, цвёрдыя крокі чалавека, які накіроўваўся да сябе ў пакой, а павольныя, нерашучыя, быццам хтосьці з неверагоднымі намаганнямі пераадольваў круты пад’ём. Час ад часу крокі заміралі і быў чуваць шэпт. Эдгар дрыжаў ад хвалявання. Можа, гэта яны? Няўжо яна ўсё яшчэ з ім? Шэпт быў занадта далёка. Але крокі, хоць і павольна, набліжаліся. І раптам ён пазнаў ненавісны баронаў голас, які ціха і хрыпла нешта сказаў — Эдгар не разабраў слоў, — і тут жа ў адказ спалоханы, нязгодны мамін голас:
— Не, не! Не сёння! Не!
Эдгар задрыжаў; яны набліжаліся, ён зараз усё пачуе. Кожны ледзь чутны крок у яго бок адзываўся болем у грудзях. І гэты голас — якім гнюсным здаваўся ён яму, гэты прагна пажадлівы, агідны голас ненавіснага ворага!
— Не будзьце такою жорсткаю. Вы былі такая цудоўная сёння ўвечары.
І зноў мамін голас:
— Не, гэтага нельга, я не магу, пакіньце мяне.
У яе голасе было столькі трывогі, што хлопчык палохаецца. Чаго ён хоча ад яе? Чаго яна баіцца? Яны ўжо зусім блізка, цяпер, мусіць, ужо побач з яго дзвярамі. Ён стаіць зусім недалёка ад іх, нябачны, увесь дрыжыць, на адлегласці якой далоні ад іх, аддзелены толькі тонкаю перагародкаю дзвярэй. Шэпт іх гучыць над самым вухам.
— Хадземце, Матыльда, хадземце! — І зноў мамін стогн, але ўжо цішэй — стогн зламанага супраціўлення.
Але што гэта такое? Яны ідуць далей! Мама прайшла ў цемры міма свайго пакоя! Куды ён яе цягне? Чаму яна болей нічога не гаворыць? Ці не заткнуў ён ёй рот? Можа, ён яе душыць?
Гэтая думка прыводзіць яго ў шаленства. Дрыготкаю рукою ён прачыняе дзверы. Цяпер ён бачыць абаіх у паўцёмным калідоры. Барон абняў маму за стан і ціха вядзе яе з сабою; яна, здаецца, болей не супраціўляецца. Вось ён спыняецца каля свайго пакоя. «Ён хоча зацягнуць яе туды, — спалохана думае хлопчык, — зараз здарыцца самае жахлівае».
Адным штуршком ён адчыняе дзверы, потым зачыняе іх за сабою і бяжыць па калідоры за імі. Убачыўшы, што нехта імчыцца на яе з цемры, маці ўскрыквае і ледзь не траціць прытомнасць, барон падхоплівае яе. Але ў тую ж хвіліну ён адчувае на губах удар маленькага, слабага кулачка, і нейкая істота, нібы ашалелая кошка, учэпліваецца ў яго. Ён выпускае з абдымкаў спалоханую жанчыну, яна хуценька ўцякае, і барон, яшчэ не ведаючы, з кім ён б’ецца, адказвае ўдарам на ўдар.
Хлопчык ведае, што ён слабейшы за барона, але не паддаецца. Нарэшце настаў доўгачаканы час расплаты за здраду, нарэшце ён можа выліць назапашаную нянавісць. Сцяўшы зубы, не помнячы сябе, ён ашалела б’е кулакамі куды папала. Цяпер і барон пазнаў Эдгара, і ў ім кіпіць нянавісць да гэтага тайнага шпіёна, які атруціў яму апошнія дні і сапсаваў гульню; ён бязлітасна адказвае на ўдары, не глядзіць, куды б’е. Эдгар ускрыквае, але не здаецца і не кліча на дапамогу. Нейкі час яны злосна і моўчкі б’юцца ў цемры калідора. Нарэшце да барона даходзіць уся недарэчнасць яго бойкі з хлопчыкам; ён хапае яго за плячо, каб адкінуць ад сябе, але Эдгар адчувае, што сіла яго канчаецца, ведае, што яго вось-вось адолеюць і адлупцуюць, і раз’юшана ўпіваецца зубамі ў моцную, цвёрдую руку, якая хоча схапіць яго за каўнер. Барон міжволі ўскрыквае і выпускае хлопчыка — у тое ж імгненне Эдгар кідаецца ў свой пакой і зачыняе дзверы на засаўку.
Усяго хвіліну цягнулася гэтая паўночная бойка. Ніхто яе не заўважыў. Усё ціха, усё ў глыбокім сне. Барон выцірае акрываўленую руку насоўкаю і трывожна глядзіць у цемру. Не, ніхто не чуў. Толькі наверсе — як быццам здзекуецца — мігціць апошні няпэўны агеньчык.
Навальніца
«Што гэта было — сон? Дурны, страшны сон?» — пытаўся ў сябе назаўтра Эдгар, калі прачнуўся ўвесь спацелы ад начных кашмараў. Рукі і ногі занямелі, у скронях глуха стукала. Ён паглядзеў на сябе і з жахам заўважыў, што спаў адзеты. Ён ускочыў, падыбаў да люстра і адхіснуўся, калі ўбачыў свой бледны, перакрыўлены твар з чырвоным сіняком на напухлым ілбе. Ён сабраўся з думкамі і са страхам успомніў начную бойку ў калідоры, успомніў, як, увесь дрыжучы, уляцеў у свой пакой і кінуўся адзеты на ложак, гатовы ў любы момант уцячы. Тут ён, мусіць, заснуў — забыўся цяжкім, трывожным сном і яшчэ раз перажыў усё, але іначай, яшчэ страшней, удыхаючы вільготны пах свежых струменяў крыві.
Унізе пачуўся хруст жвіру пад нагамі; галасы ўзляталі быццам нябачныя птушкі, сонца заглядвала глыбока ў пакой. Мусіць, была ўжо позняя раніца, але, паглядзеўшы на гадзіннік, ён заўважыў, што стрэлка паказвае поўнач. Учора ён забыўся яго завесці, і ад гэтай неакрэсленасці, ад адчування, што ён павіс дзесьці па-за часам, яго ахапіла трывога, якую яшчэ болей узмацніла невядомасць; ён не ведаў, што, зрэшты, здарылася. Ён паспешна прывёў сябе ў парадак і спусціўся ўніз з няясным адчуваннем віны і непакою ў душы.
У сталовай, на звычайным месцы, мама сядзела адна. Эдгар уздыхнуў з палёгкаю, убачыўшы, што яго ворага няма, што яму не прыйдзецца глядзець у гэты ненавісны твар, па якім ён учора біў кулаком. І ўсё ж ён крыху няўпэўнена падышоў да стала.
— Добрай раніцы, — прывітаўся ён.
Мама не адказала. Яна нават не паглядзела на яго; яе позірк з нейкаю дзіўнаю ўпартасцю быў скіраваны на акно. Яна была вельмі бледная, пад вачамі ляглі прыкметныя цені, ноздры часта ўздрыгвалі, як заўсёды, калі яна нервавалася. Эдгар кусаў губы. Гэтае маўчанне бянтэжыла яго. Можа, ён моцна параніў барона? А ці ведае яна наогул аб начной сутычцы? Невядомасць мучыла яго. Але яе твар быў такі нерухомы, што ён нават не асмельваўся глядзець на яго ад страху, што апушчаныя цяпер вочы раптам падымуцца і ўтаропяцца ў яго. Ён сядзеў вельмі ціха, стараўся не рабіць ніякага шуму. Асцярожна падымаў кубак і ставіў яго на сподак, крадком касавурыўся на маміны пальцы, якія нервова гулялі з лыжачкай; іх неспакойныя рухі выдавалі стрыманы гнеў. Гэтак ён прасядзеў чвэрць гадзіны ў пакутлівым чаканні чагосьці. Але нічога не здарылася. Мама не сказала ніводнага слова. І цяпер, калі яна ўстала з месца, усё яшчэ не звяртаючы ўвагі на яго прысутнасць, ён не ведаў, што яму рабіць — заставацца за сталом або ісці за ёю. Нарэшце ён устаў і пакорна падаўся за мамаю, якая па-ранейшаму не звяртала на яго ўвагі; адчуваючы, што смешна плесціся ўслед, ён запаволіў крокі і пакрысе адстаў. Не зірнуўшы на яго, яна пайшла ў свой пакой. Калі Эдгар падняўся наверх, яе дзверы былі замкнёны.
Што здарылася? Ён нічога не разумеў. Учарашняя ўпэўненасць пакінула яго. Можа, ён зрабіў памылку ўчора, калі напаў на барона? І што яны яму цяпер рыхтуюць: кару ці новае ўніжэнне? Штосьці неўзабаве павінна здарыцца — штосьці жахлівае, немінучае. Паміж імі ён адчуваў напружанасць пераднавальнічнага цяжару, двух электрычных полюсаў, якая не магла не разрадзіцца маланкаю. І гэты цяжар прадчуванняў ён цягнуў з сабою да самага абеду, на працягу чатырох адзінокіх гадзін, блукаючы з пакоя ў пакой, пакуль яго вузкія дзіцячыя плечы не сагнуліся пад нябачным грузам; за стол ён сеў, ужо гатовы пакарыцца.
— Добры дзень, — зноў сказаў ён, каб разарваць маўчанне, якое навісла над ім чорнаю хмараю.
Адказу зноў не было; мама зноў глядзела міма. І з новым страхам Эдгар убачыў сябе твар у твар з абдуманаю, сканцэнтраванаю злосцю, якой ён яшчэ не ведаў у сваім жыцці. Дагэтуль выбухі гневу ў мамы выклікала галоўным чынам нервовае раздражненне, і яны хутка канчаліся спагадліваю ўсмешкаю. Але на гэты раз ён, відаць, узбудзіў шалёны гнеў, які вырваўся з патаемных глыбінь яе істоты, і ён сам спалохаўся гэтай неасцярожнай сілы. Ён ледзь дакрануўся да ежы. Камяк стаяў у горле, пагражаў задушыць яго. Але мама як бы нічога не заўважала. Толькі ўстаючы з-за стала, яна павярнулася як бы выпадкова да яго і сказала: