— І бацьку не любіла?
Спытаўшы, я адчула, як яна напружылася.
— Не любіла. Ён мяне не абараніў.
— Ад чаго?..
Вера павярнулася на сьпіну, кінула рукі ўздоўж цела, утаропілася ў столь…
— Ад таго, што са мной зрабілі…
Пра тое, што з ёй зрабілі, я магла б і не пытацца, бо ўжо ведала, што зрабілі з ёй тое самае, што і са мной, але я спытала:
— А што з табой зрабілі?..
Яна памаўчала. Відаць, думала: ці расказваць? Такое расказваюць ці некаму зусім выпадковаму, ці найблізкаму. Хоць якраз найблізкім казаць такое ня варта, ім робіцца гідка. Такое распавядаюць толькі ці некаму зусім выпадковаму, ці толькі самім сабе.
Я не была выпадковай, я была пакліканай. Яна сама паклікала мяне праз вясёлкавыя пырскі фантану.
Праз пустату.
Праз космас.
Я не была блізкай, мы сустрэліся ў космасе імгненьне назад. Зрэшты, усе сустракаюцца ў космасе імгненьне назад, таму блізкіх не бывае ўвогуле.
Вера склала рукі на грудзях.
— Я ляжала во так, а мяне хацелі раструшчыць.
Яна ўсё ж надумала расказаць… Як самой сабе.
— Камянём?..
Яна зьдзівілася. Ці выгляд зрабіла зьдзіўлены:
— Скуль ты ведаеш?.. Хоць ты павінна ведаць… Так, камянём. Ледавіковым валуном. Мы ў рыбацкім пасёлку жылі. На самым беразе мора, там шмат камянёў было. Яны прыгожа ляжалі, як кіты. Аднаго з іх, якога з мора найдалей на бераг выкінула, ажно да лесу, я так і называла: Кіт. Ён быў найменшы з усіх, але найбольш на кіта падобны. Я сядала на яго і плыла. Далёка-далёка… Ён гайдаўся на хвалях, закалыхваў. Божа, у якіх я толькі казках ні пабывала, на ім плывучы!.. І калі да мяне той барадаты рыбак падыйшоў, які жыў не ў пасёлку, а на невялікай высьпе метраў за трыста ад берагу, я падумала, што ён з казкі. Тым больш, што ў яго мянушка была…
— Цмок?
— Цмок?.. Хто гэта — Цмок?
— Дракон, які ўсіх жэр. Ці д’ябал. Яго анёлы ў каменнай гары ў ланцугі закавалі, але хутка грахі людскія пераядуць тыя ланцугі…
— І ён усіх зжарэ?
— Зжарэ. І костачкі абсмокча.
— Бо Цмок?..
— Бо Цмок…
— Якога анёлы ў каменнай гары закавалі?..
— У каменнай…
Вера памаўчала, страсянула галавой:
— Не, ня Цмок. Хоць ён мог быць і Цмокам. Але ў нас там свае казкі, і мянушку ён меў Кіт, уяўляеш? Ён лёг за валуном, за каменнай гарой з боку лесу і сказаў, каб я села на яго, і я на яго села, бо думала, што сядаю на Кіта і паплыву на ім далёка-далёка.. А ён перавярнуўся, перакуліў мяне, падмяў… Мне было страшна і балюча, гэтак балюча і страшна, што я ад болю і страху сканала. Кіт адчуў, што я не жывая, але доўжыў і доўжыў сваё, мармытаў: «Ты яшчэ цёплая… і добра, што ўжо не жывая… ня трэба будзе цябе забіваць, грэх на душу браць…» — і калі ўсё сваё скончыў, сьцягнуў мяне ў яміну і кульнуў зьверху падкапаны валун. Камень лёг шырокім бокам, падвіс на краях яміны, таму не раструшчыў… Кіт паспрабаваў яго зрушыць, але ня змог, а падкопваць нанава пабаяўся, пабег — яму таксама было страшна.