Вясна ж на Меншчыну прыходзіла няспешна, запознена. Разагрэтае сонца зямлю падсушыць, з узгоркаў вясёлыя раўчукі пусціць — а праз дзень зноў нізкія хмары небасхіл абвалакуць, снегу нацярушаць. І назаўтра — зноў макрэча, стынь. Але ж калі і небасхіл падманваў, і зямля йшчэ ад сну выварушвалася, дык дрэвы — гэтыя мудрыя вартавыя-знахары прыроды — маніць не маглі: усе, нават каржакаватыя дубы-перастаркі, неяк па-маладому выстрэньчвалі ўверх намерзлыя за зіму галіны, капілярнымі радзімкамі кволіліся на іх пупаўкі-пупышкі, трэскалі-спяшалі, расцвітаючы аксамітна-востранькімі зубкамі лісткоў.
Яшчэ праз пяць хвілінаў насустрач ім выбегла — і перакінулася за паварот на другі бок дарогі — шырокая пасма падлеску-бярэзніка. Тут Макар і прытармазіў, выскачыў з машыны, моцна бразнуўшы дзверыной.
― Ну, хто першы грэх на душу браць будзе? — і, пастукаўшы даланёй па шэрхлай бярозіне, узяў сякерку. — Нясі вядро…
Нават і не чакалі, што сок пырсне так моцна — як з набухлай вены… Тонка параніў Макар і беластволую суседку-спарыш, гладыш падставіў (да першай вядро прымастачыў).
― Ты, браце, тут пільнуй, я шчэ пашукаю, — і знік за прыгоркам. Як вярнуўся, ужо ледзь не паўвядзёрка соку з дзвюх бяроз нацурцоліла. Прысеў на падножку аўтамабіля, бутэльку з кішэні дастаў:
― Ну на, каштуй… — і бутэльку да Алеся паднёс (той на заднім сядзенні прыўзлёг, зачакаўшыся).
― Ды ты што?! — зніякавеў Алесь.
― Сок гэта, з грабу, не гарэлка. Пі, не бойся, калі такога паспытаеш?..
― З грабу? — перапытаў — думаў, недачуў што. І пражыў у вёсцы, на прылеску, а што з грабу сок спускаюць — і не чуў нават. А глытнуў — аж язык замлеў: соладка, смачна! Макар, аказваецца, за гэты час граба шукаў! І не заўважыў, як большую частку выпіў. Назад бутэльку аддаў, вусны аблізнуў:
― Смаката, я й не ведаў…
― Выпівай, я каля граба наспытаўся! — і ўсміхнуўся, прыгожа канаўкі на шчоках паглыбіўшы.
Алесь ахвотна зноў галаву закінуў, грабавік каб дапіць — і так і застыў з узнятай бутэлькай, другой рукой Макара штурхануў, пальцам уверх тыцнуў, нат слова не мовіў. І Макар знерухомеў, тое ж пабачыўшы: нізка, здавалася — над самымі верхавінамі бяроз, над іхнімі галовамі плыў павольна клін журавоў, птушак з дзвесце — ціха, стройна, грацыёзна. Спераду — важак, шыю выгнуў, на іх — здалося — зірнуў, ― і зноў выдзюбіўся наперад. Нават мерны шоргат крылаў апаў на іх зверху…
― Дамоў вярнуліся… — апамятаваўся Макар, калі журавоў ледзь відно стала.
― Можа, і над маім Слуцкам вось так праплывалі?
Счакалі, пакуль не набралася вядзерца соку, і назад паехалі. За руль Алесь напрасіўся:
― На конях то добра гарцую, дык няўжо ж на гэтай траскотцы не здолею?!
Напачатку Макар дапамагаў — і шчапленне, збоку седзячы, адпусціў, і перадачы сам уключаў: Алесь толькі рулём і «газам» камандаваў — з Макаравай падказкі. І атрымалася, толькі роў жарабец жалезны мацней патрэбнага, гыркаў злосна на выбоінах, а пасля такі прынаравіўся, скарыўся лёсу свайму, і віхляць з боку ў бок меней стаў. І Алесь асмялеў, руля плаўней круціў, хуткасці падбаўляў. А Менск дзесь у прывечаровай хмурадзі прыхоўваўся, Домскі ў гаражы — пэўна ж! — нерваваўся… І прыспешвалі хлопцы — вось-вось фары ўключаць давядзецца. Дарога з горкі прыпусціла, лес зноў бліжэй да яе прыціснуўся…
― Тармазі!!! — стрэліў раптам Макар. Крычаць то можна, а як тармазіць — не паказаў жа! Ды ў Макара і ў самога ногі доўгія — увомірг да педалькі дацягнуўся. Аўто нібыта на штось нябачнае тыцнулася, крыху ўбок віхнулася — і стала, заглохла. Алесь (добра, што за руль трымаўся!) ледзь з машыны не выкаўзнуўся, вочы наперад вытарачыў — і ў тую ж паўхвілю перад саменькім буферам штось вялікае, рудое шухнула (ажно ветрам твар абдало), на другі бок дарогі пераскочыла — і толькі тады стук з-пад капытоў данёсся…
― Матка Боска… Няўжо лось?! — Алесь глядзеў услед напалоханай жывёле і, сам зляканы, не мог міргнуць нават.
― Ты ж на дарогу глядзі, вершнік! А то і сам так рогі скруціш!
― Дык я… — пачаў быў Алесь, — але што тут апраўдвацца!..
Толькі з паўвяршка бярозавіку і давезлі яны ў Менск — абярнуўся, разліўся ледзь не ўвесь сок з вядра пры тармажэнні… І на кепікі Домскага «Дзе ж ваш сок, натуралісты?» Макар і знайшоўся толькі:
― Зазяваліся троху, а лось і выкаўтаў…
Алесь Хведаравіч яшчэ крыху пастаяў перад Кафедральным касцёлам, неўразумела гледзячы на дзве паніжэлыя, як падалося, званіцы. Заціснуты недарэчнымі будынкамі, касцёл патанаў пад наступам шэрага бетона. А дзе ж Губернатарскі дом? (Не ведаў, што на яго яшчэ два паверхі надбудавалі.) А дзе ж Ратуша? Яшчэ ж у апошнюю вайну было ўсё, ацалела… І там, справа, бліжэй да Свіслачы, якісь новы гмах-стадола… Нібы апамятаўшыся — спешка перахрысціўся. (Што думаючы? Дзякаваў, канешне, Небу за гэты падарунак звароту.) А затым — міжволі, спантанна — пакрочыў… Куды? Ён і сам яшчэ ўсвядоміць не мог, не паспеў. І ўблудзіў у нейкі напаўзакінуты двор, пашкадаваў нават, што на тлумнай шырокай вуліцы не застаўся ці — і таго лепш — зноў у таксі не сеў. Ды, дзякуй ёй, — акурат перад вачыма кабетка жвава з пад'езду выпырхнула і ледзь з ім не сутыкнулася..
― Прабачце… Падкажыце, як на… прашпект… Скарыны (ледзьве вымавіў, не верачы ўсё яшчэ, што ўрэшце галоўная вуліца Менска займела імя беларускага першадрукара[3]) выкільгікаць?
― Скарыны? — кабета нібыта ад нейкага сну свайго адпрэчвалася. — А вось так прама і йдзіце…
І ён пакрочыў «прама», не здзівіўся нават, што яму па-беларуску адказалі. На нейкай вулцы раптам расступіліся дамы — пастарэлыя, хоць і дагледжаныя, наноў нядаўна пафарбаваныя. Смялей загудзелі машыны, два тралейбусы прашаргацелі адзін за адным — і ён здагадаўся, што йшоў правільна, там «цэнтар». А супыніўся перад светлафорам — і застыў, уражаны, агаломшаны… Праз дарогу, на той бок праспекту, стаяў, як і семдзесят гадоў таму, будынак тэатра, адно фасад крыху перароблены — стаяў, як зубр аціхлы. Ён раптам перастаў заўважаць усе іншыя будынкі, «чужыя», узведзеныя пасля яго; колькі разоў запрашаў зялёным агеньчыкам светлафор… Божа мой, гэта ж тут Першы Ўсебеларускі кангрэс адбыўся, і гэта ж сюды паслухаць Меражкоўскага ў 1920-м ён з Алесем Гаруном прыходзілі! І вось — застаўся! Збярогся — і цяпер ужо і пра Купалу памяць цепліць («Дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы»), і слова беларускае…
Урэшце перайшоў праспект — ледзь, праўда, паспеў, праваруч нейкае аўто з прыцемненым шклом прытармазіла — амаль у паўкроку. Зноў на чыста вымеценым тратуары пастаяў, навокал паўзіраўся — астатняе незнаёмае ўсё, чужое. Хіба яшчэ тую горку памятаў — праспект, здавалася, ныраў-бег уніз да Свіслачы. Там колісь гарадскі сад быў, і Юбілейны дом — Беларускі дом — на горцы ганарліва стаяў…
Пайшоў сцярожка, павольна. Мароз падціскаць пачаў — адвык ён ад холаду восеньскага! Вось і шчокі ўзгарэліся, і рукі стыць пачалі (чамаданік з рукі ў руку перакідваў — і пачарзе далоні ў кішэнях плашча грэў). Пальчатак адтуль не захапіў… Адтуль — і здзівіўся, што пра краіну, дзе большую частку жыцця свайго правёў, праз колькі беларускіх гадзінаў нечакана і неўсвядомлена замяняць гэтымі «там», «адтуль» пачаў…
Вецер пялёсткі сняжынак нагнаў, заказыталі гарэзліва твар. І тады зноў як агнём. апякло (сненнем ці казкай мройнай усё гэта лічыць нават у хвілю тую спрабаваў) — Беларускі дом! Вось ён!! Стаіць, купалкі свае два высока ўздымае!!! Толькі шыльду новую займеў — Дом мастацтваў. Някепскую. Можа і слушна Беларусь — гэта мастацтва… А вунь і вакно на другім паверсе — ягонага кабінета… Хтось мільгнуў у ім… Ён жа заўсёды першым дзверы адмыкаў, не павінна яшчэ там нікога быць… То чаго ж ён ня йдзе, лайдакуе?..
[3] Да гэтага галоўная вуліца Менска ― Захараўская ― звалася вуліцай Міцкевіча, Савецкай, Хаўптштрасэ, праспектамі Сталіна і Леніна.