— Хаця бальшыня маіх тэкстаў звязаная з выяўленнем мысліўных інтэнцыяў і таму я, здавалася б, перадусім мусіў бы дбаць пра мысленне, як такое, але насамрэч я хутчэй заваблены самой мовай, а не тым, што імкнуся праз яе выяўляць.
Гэта прагучыць, напэўна, смешна, ды хай сабе: я страшэнна люблю нашу мову. Ёю можна пісаць ні пра што і ні аб чым — і ўсё роўна будзе файна. Апошнімі гадамі, калі паўставала сучаснае беларускае мысленне, зазначылася яшчэ адна вельмі адметная своеасаблівасць беларускай мовы. Выявілася, што ў ёй прытоеныя неверагодна багатыя магчымасці для адцягненага рэфлексавання. Гэтая мова была створаная для вялікай філасофіі, а яе змарнавалі на вершыкі…
Пры напісанні тэкстаў ніякай дадатковай літаратурай не карыстаюся. Больш за тое, нават калі падчас працы відавочніцца патрэба нешта удакладніць ці пераправерыць, я лянуюся працягнуць руку да паліцы з энцыклапедыямі і слоўнікамі. З гэтага ў маіх тэкстах даволі прыкрых абмылак, бо і сярод рэдактараў хапае такіх самых лайдакоў, як Акудовіч.
«Дзеяслоў»: Што/хто найбольш спрыяе ў рэалізацыі вашых літаратурных задумаў? Што/ хто найбольш перашкаджае вам у гэтым? Ці ўплывае на вашую творчасьць ацэнка сяброў, рэдактароў, чытачоў? Ці вяртаецеся вы да напісаных твораў, каб перапісаць іх, перарабіць, удасканаліць?
— Што мне спрыяе ў творчасці — дасюль не даўмеўся. А замінае (канцэптуальна) той прыкры факт, што ўвесь час даводзіцца думаць, дзе зарабіць хоць якую нішчымную капейчыну. І таму я раз-пораз мушу адкладваць рэалізацыю наспелых задумаў на нейкае гіпатэтычынае «потым», якое здараецца досыць рэдка. З іншага боку, каб я быў добра заможным чалавекам, дык можа і ўвогуле нічога б не пісаў, а напоўніцу бавіўся цудам жыцця… Хто яго ведае?..
Нічые ацэнкі аніяк не ўплываюць на тое, што я раблю. Мне не складана пралічыць адмоўную рэакцыю блізкіх і дарагіх мне людзей на той ці іншы свой тэкст (або пэўную мясціну ў тэксце), аднак я з гэтага ніколі не рэпрэсую тое, што хоча напісацца. Бачыце, мысленне — гэта перадусім інтэлектуальная мужнасць і, адпаведна, мысляр — не той, хто мае здольнасць мысліць, а той — хто не баіцца мысліць (мысліць часам бывае вельмі страшна)…
Я не перапрацоўваю свае тэксты, нават калі бачу, што і дзе можна было б зрабіць да лепшага. Але калі перадрукоўваю іх для кнігі (ці якой анталогіі), дык здараецца, што сёе-тое падчышчу, скарачу, але раблю гэта без асаблівай ахвоты.
«Дзеяслоў»: Ці задаволеныя вы сваімі творамі? Што ў вас не атрымалася ў творчасці? Чым вы найбольш ганарыцеся? Якія эпізоды сваёй біяграфіі вы хацелі б перажыць наноў? Наколькі вашая біяграфія паўплывала на творчасць і адбітая ў творчасці?
— Мая ацэнка ўласнай працы цалкам залежыць ад сітуацыйнага настрою. Бывае перачытаю нешта сваё і падумаю: дык, здаецца, ты зусім няблага, хлопец, пішаш (і тады пачынаю дакараць сябе, што пісаў і пішу мала). А ў іншы дзень пачытаю тое самае і зануджуся…
Калі я чым і ганаруся, дык гэта не сваімі тэкстамі, а тым, што браў чынны ўдзел у стварэнні некалькіх дыскурсаў, найперш: а) сучаснага беларускага мыслення; б) постмадэрна…
Перажываць наноў хоць што з былога не маю ніякага жадання. Чалавек і так жыве залішне доўга. Не хапала яшчэ і падвойваць гэтую цягамоціну.
Што да пытання пра звяз біяграфіі з творчасцю… Усе мы палоннікі сваіх біяграфій. Толькі ў творчасці адных падзеі біяграфіі выяўляюцца наўпрост, а ў творчасці другіх — ускосным чынам. Пэўна, сярод шматлікіх і самых розных падзей, што фармавалі мяне як літаратара, найбольш значная — вучоба ў Літаратурным інстытуце ў Маскве.
«Дзеяслоў»: Ці ведзяце вы дзённікі? Як ставіцеся да правіла: «Ні дня без радка»? Ці знаёмае вам пачуццё ляноты, ці змагаецеся вы з ім і як? Калі «не пішацца», што вы робіце, дзе/у чым шукаеце натхненне?
— Калісьці я вёў дзённік, аднак тое было даўно. Пасля замест дзённіка, як календара падзеяў, пачаў занатоўваць падзеі свайго інтэлектуальнага жыцця, гэта значыць — розныя думкі. Аднак цяпер і такога амаль не раблю, бо нарэшце зразумеў адну вельмі простую рэч: сапраўды арыгінальныя думкі бываюць настолькі рэдка, што калі яны здараюцца — дык іх ужо ніяк не забудзеш.
Мяне ніколі асабліва не турбавала «пішацца» мне ці не. Калі пісалася — пісаў, калі не пісалася — проста жыў. І добра, што не пісалася даволі часта, бо інакш за бясконцай пісанінай пражыў бы жыццё без жыцця.
Пачуцця ляноты я не ведаю, але ў мяне іншая хвароба — паколькі мне заўсёды пісалася цяжка, дык я вельмі хутка незалюбіў пісаць. І таму, натуральна, выкручваюся ад гэтай катаргі як толькі магу. Калі вам на вочы патрапіць якісьці мой тэкст, дык ведайце — гэта ў мяне не атрымалася выкруціцца.
«Дзеяслоў»: Як вы ставіцеся да інтэрнет-літаратуры? Ці чытаеце Вы творы сваіх маладзейшых і старэйшых калегаў? Хто з творцаў вам найбольш блізкі — з беларускіх і сусветных аўтараў? Назавіце творы, якія вы любіце чытаць і перачытваць? Ці ёсць такія ў сучаснай беларускай літаратуры?
— Пра літаратуру ў Інтэрнеце мне цяжка што-кольвек сказаць, бо зазіраю туды гады ў рады. Да таго ж яна яшчэ толькі шукае свае, прыдатныя для дысплея, формы. Пачакаю пакуль знойдзе.
У мяне склалася «кампанія» з некалькіх дзесяткаў літаратараў і філосафаў, усе новыя тэксты якіх я імкнуся прачытаць. І не з прафесійнага абавязку, а з таго, што гэта надзвычай таленавітая «кампанія».
Пра «блізкіх» літаратараў пытанне не да мяне. Бо я цікаўлюся не «блізкімі», а тымі, чыя творчасць цвеліць і развярэжвае маю ўласную творчую ініцыятыву. Тут перадусімі — Фрыдрых Ніцшэ. Сярод беларускіх літа ратараў я першым вылучаю для сябе Янку Брыля. Я ў ціхім захапленні ад яго: і як ад чалавека, і як ад літаратара.
Перачытваць кнігі не люблю. Мне проста не цікава хоць што рабіць у «другі раз».
«Дзеяслоў»: Чаго, на вашую думку, не хапае цяпер беларускай літаратуры і што чакае яе ў будучыні? Што пажадалі б вы тым, хто робіць першыя крокі ў літаратуры?
— Сёння беларускай літаратуры не хапае толькі аднаго — чытача. Усё астатняе ў яе ёсць. А калі чагосьці і няма, дык значыць ёй, такой, якая яна ёсць, гэтага і не патрэбна.
Што чакае беларускую літаратуру ў будучыні? Ясная рэч, нічога добрага там яе не чакае. Зрэшты, як і ўсялякую іншую літаратуру. Лепшыя часы літаратуры ў прамінулым (пра гэта ўжо нават апрыкла і самому гаварыць і ад другіх чуць). Але пакуль ёсць людзі, якім падабаецца пісаць тэксты, датуль будзе і літаратура. І ўжо іншая рэч — у якой ролі і ў якім значэнні яна будзе. Трохі ж знайшлося месца коням, хаця функцыянальна з іх аніякай карысці для тэхнакратычнай цывілізацыі. Можа што-небудзь прыдумаюць і для літаратуры. Хаця б з удзячнасці за тое, што яна гэтую цывілізацыю і стварыла.
Маладым літаратарам я нічога жадаць не буду. Я іх проста пашкадую, бо ім выпала не самая ўдалая з магчымасцяў пражыць жыццё. Але паколькі кону пажадана давяраць, дык я параіў бы паставіцца з разуменнем да свайго наканавання. Бо кон рыхтуе кожнаму чалавеку толькі самае лепшае з усяго таго, што ў гэтага чалавека магло быць. І калі нічога лепшага за долю літаратара кон вам не знайшоў, значыць усё астатняе было яшчэ горшым. Зразумела, суцяшэнне тут слабое, але ўжо якое ёсць…
Зміцер План: Ваша кніга «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека» ў свой час выклікала інтэлектуальны шок, але не дыспут. Ці не крыўдна?
— Дыспута сапраўды не было. Рэч у тым, што тыя інтэлектуальныя колы, у якіх яна прагучала, тады яшчэ не былі гатовыя абмяркоўваць праблемы і канфлікты «метафізікі адсутнасці», а там, дзе нешта падобнае магло адбыцца, кніга не зрабілася вядомай. Праўда, апошнім часам да яе пачынаюць усё часцей звяртацца, але ўжо не як да інтэлектуальнай чытанкі, а як да праблемнага поля, якое патрабуе далейшага асэнсавання.
Алесь Козік: У сваёй галоўнай філасофскай працы вы прыйшлі да высновы, што вас няма. Ці не маглі б вы папулярна патлумачыць, што гэта азначае — вас няма?
— Калі б я мог гэта зрабіць, дык напісаў бы папулярную кнігу, а не дастаткова складаны для ўразумення трактат. Таму паспрабую адно акрэсліць хаця б асноўныя контуры праблемы. Пачнём з таго, што «Я» — гэта толькі граматычная катэгорыя. На самай справе ніякага «Я» не існуе. Чалавек — гэта не «Я», а толькі месца, дзе ў нейкай адметнай псіхафізічнай канфігурацыі згрупаваліся самыя розныя праявы фізічнай, сацыяльнай і культурнай прасторы. Калі вы паспрабуеце прааналізаваць самога сябе, дык уласна вашага вы нічога там не знойдзеце. Вашае цела выштукаванае фабрыкай прыроды, вашыя думкі і спосаб паводзінаў сфармаваныя тым соцыакультурным асяроддзем, у якім вы выхоўваліся, вышыя жаданні прадыктаваныя агульнымі для чалавечага віда інстынктамі і спадчыннымі комплексамі. Вы ўпэўненыя, што гэта вы самі прамаўляеце словы, а насамрэч гэта мова варушыць вашымі вуснамі і вы можаце сказаць адно тое, што яна вам дазволіць…
Цяпер аб тым самым, але трохі з іншага боку. Па сутнасці ў кожным з нас месціцца не адзін чалавек, а цэлы натоўп. Сярод найбольш заўважных у гэтым натоўпе сексуальны, сацыяльны, этычны, інтэлектуальны ды нацыяльны чалавек. Дарэчы, бальшыня нашых праблемаў і паходзіць з таго, што кожны з гэтых «людзей» мае ўласныя мэты і задачы, а мы ў сваім памкненні да нейкага агульнага «Я» рэпрэсуем іх ці запар адзін за адным, ці ўсе разам…