— І беларуская таксама. Але я б не выключаў, што Беларусь у гэтым плане яшчэ спраўдзіцца. Аб нашым не абы-якім інтэлектуальным патэнцыяле сведчаць тыя мысляры беларускага паходжання, што рэалізоўвалі сябе ў іншых культурах (у самыя розныя эпохі). Дарэчы, для таго, каб з’явілася адметная філасофія зусім не патрэбны сотні ці тысячы філосафаў. Аднаго Артэгі-і-Гасэта хапіла, каб Іспанія ўвайшла ў лік філасофскіх нацыяў.
Максім Жбанкоў: Айчыннае інтэлектуальнае жыццё фактычна падзеленае на два ўзроўні: карпаратыўна-бюракратычны і пазасістэмны, дзе знаходзяцца актуальныя, але з большага нелегітымныя аналітыкі і філосафы. Што азначае гэты расклад?
— Напрыканцы 80-х-пачатку 90-х у нас была парадаксальная сітуацыя: прафесійныя асяродкі, якія мусілі трансляваць філасофскую веду ў сучаснасць і адначасна разгортваць тут найноўшую веду, не займаліся гэтым у нацыянальна-культурным дыскурсе. Ні ў Акадэміі навук, ні на кафедрах філасофія не прысутнічала як падзея беларускага інтэлектуальнага жыцця. І рэч не ў тым, што не пісаліся тэксты «на мове» ці іх пісалася мала: скажам, была выдадзеная шматтомная «Гісторыя беларускай філасофіі» па-беларуску… Рэч у тым, што прафесійныя філосафы ў Беларусі не былі ўлучаныя ў нацыянальна-культурны космас і з гэтага іх філасафаванне было філасафаваннем людзей з ніадкуль. А мысленне (нават чыстае) ёсць мысленне праз апірышча на тыя ці іншыя культурныя знакі ды атрыбуты. Зразумела, быццё немагчыма памысліць толькі праз знакі і атрыбуты беларускага соцыакультурнага кода, але калі яны ў мысленні не прысутнічаюць татальна, дык пра якую беларускую філасофію можа ісці гаворка? Адраджэнская эпоха 90-х гадоў якраз і выявіла ўсю абсурднасць гэткай сітуацыі. Тады і з’явіўся шэраг людзей, патэнцыйна гатовых да інтэлектуальнай працы ў дыскурсе нацыянальнай філасофіі. Але яны рэалізоўвалі свой інтэлектуальны досвед не ў прафесійных філасофскіх асяродках, нават калі там працавалі. Гэта значыць, што сучаснае беларускае мысленне фармавалася не ў акадэмічных інстытуцыях, а ў вольных суполках і незалежных культурна-філасофскіх выданнях. Падзел на інстытуцыянальную рускамоўную філасофію і вольную ад усялякіх канонаў і дысцыплінарсцяў ўжо ўласна беларускую існуе і па сёння.
Максім Жбанкоў: Гэта нармальна?
— Якая ўжо тут нармальнасць? Сёння існуе шмат прафесійных асяродкаў, дзе людзі атрымліваюць беларускія грошы за разумовую дзейнасць, якая нават ва універсалісцкіх абсягах мусіць не тым дык іншым чынам суадносіць плён свайго наробку і з беларускай культурай і, калі заўгодна, з беларускай дзяржавай (у самым шырокім сэнсе гэтага панятку). У той самы час яны цалкам дыстанцуюцца ад беларускасці хоць у якім фармаце. А ў той жа час шмат хто без усялякай сістэмнай падтрымкі сядзіць па інтэлектуальных закутках і працуе на беларускае мысленне. Інакш кажучы, «дзяржаўныя» і пазасістэмныя мысляры знаходзяць сябе не толькі ў розных інтэлектуальных пазіцыях, але і на розных узроўнях сацыяльнай іерархіі.
Максім Жбанкоў: Вольнае мысленне — гэта амаль заўсёды радыкальная нязгода з абсурдам рэчаіснасці. Рухацца насуперак відаводчнаму — місія інтэлектуала. Дык можа нашыя цьмяныя часы толькі спрыяюць пад’ёму нацыянальнай думкі?
— У пэўнай ступені тэза слушная, але… У нас жа былі яшчэ горшыя часы, напрыклад за саветамі. Аднак тады беларускае мысленне не магло нават заявіць пра сваю магчымасць быць. Дарэчы, за 75 год існавання савецкай улады ў Беларусі не было выдадзена ніводнай кніжкі з класікі сусветнай філасофіі па-беларуску. Каб цёмныя часы былі плённыя, неабходныя пляцоўкі для інтэлектуальнага супраціву. За камуністычным рэжымам такога месца не магло быць па азначэнні. Цяпер мы маем радыкальна іншую сітуацыю. Нягледзячы на самага рознага кшталту яўныя і прыхаваныя рэпрэсіі ды абмежаванні, інтэлектуальнае жыццё на Беларусі мне бачыцца досыць плённым і разнастайным. Тут не да месца разгортваць яго панараму, таму згадаю ўсяго адзін момант. Толькі цягам гэтага года выйшлі чатыры кніжкі, дзе Беларусь асэнсоўваецца як інтэлектуальная праблема (Уладзіміра Мацкевіча, Валеркі Булгакава, Пётры Рудкоўскага і, прабачце, Валянціна Акудовіча). Гэта ж пра нешта кажа.
Максім Жбанкоў: Тым не менш, па вялікім рахунку, краіна жыве без інтэлектуалаў. Яна іх не чуе, яны яе — таксама. Атрымліваецца дзіўная рэч — беларускае мысленне Беларуссю нібыта і не запатрабаванае…
— Сапраўды, краіна жыве без нас. І ведаць не ведае, што магчыма самае галоўнае, што адбылося ў яе жыцці за апошні час — гэта з’яўленне дыскурса сучаснага беларускага мыслення. Бо без яго Беларусь ніколі не змагла б зразумець і ўпарадкаваць самую сябе. Незалежныя мысляры ўжо прарабілі неверагодную працу, легітымізаваўшы Беларусь у мысліўных канцэптах. Праўда, генерацыя, стварыўшая інтэлектуальную Беларусь, настолькі закахалася ў сваё стварэнні, што, здаецца, ні пра што іншае ўжо не можа ні гаварыць, ні думаць (уявіце сабе нямецкую ці францускую філасофію, якія б адпаведна займалася толькі Германіяй ці Францыяй). Таму свой артыкул пра стан сучаснага беларускага мыслення для ўкраінскага часопіса «Сучаснісць» я назваў «Пігмаліён» (на ўсялякі выпадак нагадаю: скульптар Пігмаліён стварыў скульптуру Галатэі і сам закахаўся ў яе).
Інтэлектуальная засяроджанасць выключна на феномене Беларусі ў сваю пару пару была і зразумелай, і надзвычай плённай. Але задоўжанасць гэтай тэндэнцыі пачынае пакрысе трывожыць. Выдае на тое, што гэта першы крызіс беларускага мыслення. Аднак трывога мая аптымістычная, бо крызіс — гэта заўсёды сведчанне патрэбы наступнага развою.
Андрэй Расінскі: У XIX стагоддзі ў глыбока правінцыйнай Даніі з’явіўся філосаф Сёрэн Кіркегар, які заклаў падваліны аднаго з найвялікшых філасофскіх стыляў ХХ стагоддзя — экзістэнцыялізму. Чаму нічога падобнага не здарылася ў правінцыйнай Беларусі?
— Мне здаецца і сам Пан Бог не ведае, дзе і з чаго нараджаецца геній. А што да ўласна Сёрэна Кіркегара, дык ён быў бадай што самым мужным, за выняткам хіба Фрыдрыха Ніцшэ, еўрапейскім мысляром. Таму і змог зразумець Бога, не толькі як таго, хто ўсё можа, але як і таго, каму ўсё можна. І калі Бог патрабуе ад цябе забіць адзінага сына, як у выпадку з Аўраамам, — забі! І ўсё роўна любі Бога, і не губляй веры ў Яго — «нават калі раструшчыцца ўвесь свет і расплавяцца ўсе элементы, ты павінен верыць».
Між іншым, Кіркегар быў не толькі мужным мысляром, але і адважным чалавекам. Ён жорстка крытыкаваў афіцыйную царкву (а гэта ж яшчэ толькі сярэдзіна ХІХ ст.) за тое, што ў ёй ужо нічога не засталося ад сапраўднага хрысціянства. Як сёння не хапае «свайго» Кіркегара Расійскай праваслаўнай царкве, асабліва на Беларусі!
Андрэй Расінскі: Сёрэн Кіркегар выступаў за «прыватнага чалавека», якога не здольная прыўласціць ніводная ідэалогія, дзяржаўны ці царкоўны інстытут. Ці можам мы гэты досвед скарыстаць сёння на Беларусі?
— Я не думаю, што нешта з філасофскага наробку Кіркегара мы можам скарыстаць, прынамсі калі мець на ўвазе шырокі сацыяльны план. Класічны экзістэнцыялізм таму досыць хутка і змарнеў, што Сартр, Камю, Марсель і да іх падобныя паспрабавалі яго сацыялагізаваць, гэта значыць, зрабіць масавай філасофіяй. А экзістэнцыялізм, у сваёй сутве, вельмі падобны да рэлігіі. Як паміж вернікам і Богам няма і не можа быць нікога, гэтаксама і філасофія экзістэнцыялізму патрабуе, каб паміж табой і Табой (як шляхам да самога сябе), быў толькі ты сам, і ніхто больш.
Андрэй Расінскі: Краіна таксама здзяйсняе экзістэнцыйны выбар?
— У сваю пару, калі толькі пачалі паўставаць нацыі, было досыць розных тэорыяў, у якіх народы (нацыі) разглядаліся як цэласны сацыяльны (і нават «біялагічны») арганізм. Сёння ўсе тыя тэорыі выглядаюць досыць наіўнымі. Хаця ў якасці метафараў яны застаюцца ва ўжытку дагэтуль.
Андрэй Расінскі: Ігнат Канчэўскі казаў, што Беларусь увесь час вагаецца і не здольная прытуліцца ані да Расіі, ані да Захаду. Наканаванне Беларусі ўхіляцца ад экзістэнцыйнага выбару?
— Мы не экзістэнцыйны, — мы анталагічны народ. Мы — зямля, камень, дрэва… А дрэва не «вагаецца» і не «ўхіляецца». Дзе вырасла — там і стаіць. І толькі хіліцца пад бурай у той ці іншы бок. Дарэчы, Канчэўскі стварыў цудоўную метафару беларускага кону — «адвечны шлях». Яе можна чытаць па-рознаму. Вось мой варыянт (у метафізічнай праекцыі): паколькі шлях усяго анталагічнага a priori знерухомлены ў вечнасці, дык беларускі кон — гэта шлях без руху па шляху (натуральна, тут я абмінаю сацыяльна-палітычныя перарухі).
Андрэй Расінскі: …калі гэта не выбар паміж Усходам і Захадам — дык паміж чым?… паміж свабодаю і грахом? паміж сапраўднасцю й несапраўнасцю?
— Як толькі мы пачынаем выбіраць (хоць паміж чым), мы адразу губляем самі сябе. Мы можам быць толькі такімі, якія мы ёсць.
Андрэй Расінскі: На Беларусі, як і ў кнігах Сёрэна Кіркегара — «роспач», «страх», «няшчасце». Дык ці ёсць у нас выйсце, і дзе яно?
— Паводле Кіркегара, шчаслівы, задаволены сабой і сваім жыццём чалавек, гэта і не чалавек яшчэ, а толькі ягоная «балванка». Такімі «балванчыкамі» былі Адам і Ева ў Эдэме. І толькі калі Бог выгнаў іх у рэальнае жыццё з яго бедамі і нястачамі, яны спакваля пачалі рабіцца людзьмі. Страх, роспач і асабліва адчай — вось тыя станы, праз якія чалавек адно і можа знайсці самога сябе, адшукаць у сабе ўжо сапраўднага чалавека. Таму, калі пагадзіцца з крытэрыямі Кіркегара, у беларусаў куды болей падставаў лічыць сябе «чалавекамі», чым у самазадаволеных заходнеўрапейцаў ці амерыканцаў. Хаця, здаецца, у гэтым выпадку мы ўжо залішне спрошчваем сутнасць той этычна-рэлігійнай канцэпцыі чалавека, якую запрапанаваў нам Сёрэн Кіркегар.
Аляксандр Адамянц: Слова «інтэлектуал» адсылае нас да еўрапейскага культурнага кантэксту. Адразу згадваюцца такія прозвішчы як Ж. П. Сартр, А. Камю, М. Фуко, Ю. Хабермас, Э. Саід, М. Хомскі ды іншыя. З гэтага і пытанне: ці ёсць падставы казаць пра «беларускіх інтэлектуалаў». Ці не з’яўляецца выкарыстанне гэтага тэрміну штучным, механічным пераносам заходніх рэалій на беларускую глебу. Магчыма, для нашага беларуска-расійскага культурнага арэала больш арганічным выступае слова «інтэлігенцыя»? Аднак феномен інтэлігінцыі, у прыватнасці, «рускай інтэлігенцыі» нясе на сабе цяжар гістарычнай адказнасці за бальшавіцкую рэвалюцыю 1917 года. Руская інтэлігенцыя, як вядома, вельмі жорстка крытыкавалася такімі выбітнымі філосафамі як М. Бярдзяеў, С. Франк, С. Булгакаў. Бярдзяеў, да прыкладу, абвінавачваў інтэлігенцыю ў «отщепенстве» і нігілізме, паказваючы на яе разбуральны, рэактыўны ( у ніцшэанскім сэнсе) характар. Як вы ацэньваеце інтэлектуальную сітуацыю ў Беларусі? Ці існуе ў беларускім грамадстве такая група, якую можна было б аднесці да інтэлектуалаў у еўрапейскім разуменні, альбо да інтэлігентаў ў расійскім сэнсе? Ці, магчыма, у нас ёсць нешта іншае, адрознае як ад першага, так і ад другога, нешта спецыфічна беларускае?
— У мяне алергія на даведкавую літаратуру (а, можа, гэта нават нейкая лакалізаваная форма бібліяфобіі?). Таму я ніколі не даведаюся, як прэзентуюць дэфініцыі «інтэлектуал» і «інтэлігент» розныя тлумачальныя слоўнікі. Хаця, што праўда, у сваю пару я добра такі начытаўся ўсялякіх расійскіх кніжак, дзе феномен інтэлігенцыі слынныя аўтары аналізавалі ў самых неверагодных камбінацыях. Але і тады, калі я тыя кніжкі чытаў, тэндэнцыя вінаваціць расійскага інтэлігента ў «кастрычніцкай» катастрофе не падавалася мне лішне пераканаўчай. Тым болей не бачыцца яна слушнай цяпер, калі я ўжо даўно не чытаю, прынамсі мітуслівых, расійскіх кніжак.
Што да «злачыннай» сутвы інтэлігенцыі, дык у гэтам плане расійцы проста падхапілі і перайначылі на свой капыл наіўную еўрапейскую схему, згодна з якой першапрычынай Вялікай французскай рэвалюцыі аб’яўляліся «энцыклапедысты» — Вальтэр, Русо, Дзідро і г. д. (Дакладней, спачатку яны падхапілі схему самой рэвалюцыі, а ўжо потым прафанаваную версію яе як бы першапрычыны). Аднак вінаваціць інтэлектуала ў сацыяльный катастрофе не больш разумна, чым доктара ў той смяротнай хваробе, якую ён выявіў у пацыента. Нямецкі фашызм паспяхова паўстаў нават насуперак інтэлектуальнаму супраціву, а сталінізм — з татальнага вынішчэння расійскай інтэлігенцыі…
Вяртаючыся да «апазіцыі дэфініцыяў» інтэлектуал — інтэлігент, я б яе тут засведчыў не арыгінальна, але затое гранічна проста. Інтэлектуал — гэта эўрыстычная катэгорыя, а інтэлігент — этычная. Класічны расійскі інтіэлігент у сваёй масе быў не вельмі адукаваным чалавекам і гэтую сваю хібу кампенсаваў этычным імператывам. Але паколькі этычнае, як цэлае, ужо даўно апынулася спрэс інтэграваным у тэхналагічныя практыкі сучаснай цывілізацыі, дык інтэлігент застаўся без канстытуючай яго функцыі. (Тэхнакратычная цывілізацыя вызваліла этычнае з дыскурса ідэальнага, каб на ягонай базе сканструяваць паліткарэктнае сацыяльнае. Рэальнасць этычнага імператыва сёння — гэта турнікет на ўваходзе ў метро, рэгуліроўшчык на скрыжаванні дарог, прафсаюзны камітэт, сацыяльнае страхаванне, урэшце, будзільнік). Чым займацца ў такой сітуацыі інтэлігенту як інтэлігенту, я не надта сабе ўяўляю. Ды нічым сваім, інтэлігенцкім, ён даўно ўжо і не займаецца. Бо ад інтэлігента, як этычна-сацыяльнай падзеі, засталося адно толькі слова, якім, каб і хацеў, дык без іроніі і няма што назваць.
Зрэшты, не лепей справы складваюцца і ў «інтэлектуала» — толькі ўжо наадварот «не лепей». Паколькі ў шырокім сэнсе інтэлектуал — гэта той, хто займаецца разумовай (інтэлектуальнай) працай, дык ужо сёння інтэлектуалам можна назваць калі не кожнага, дык кожнага другога. А з улікам таго, што колькасць фізічнай працы, як толькі фізічнай, неўзабаве апынецца «блізу нуля», дык перспектываў у гэтай дэфініцыі таксама не бачна. Але паколькі яна мне падабаецца, дык для сябе я яе абараніў «эўрыстычнай катэгорыяй», каб як найдалей развесці інтэлектуалаў, якія займаюцца «механічнай» разумовай працай, ад тых, для каго інтэлектуальная дзейнасць ёсць формай творчасці і, шырэй, адбывання быцця.
Вольга Шпарага: У адным з сваіх эсэ вы сцвярджаеце, што той, хто заангажаваны лёсам Беларусі, мусіць, перадусім, вызначыць праблемай самога сябе, стаць самастойным суб’ектам беларускай прасторы. Інакш кажучы, вызначаць сабе ў задачу не паслугаванне нейкай Ідэі, да прыкладу, нацыянальнай, а крытычнае стаўленне да гэтай Ідэі і да самога сябе, як да яе носьбіту (нават калі праз гэта давядзецца адмовіцца ад Ідэі…) Для мяне гэтая ваша тэза і азначае заклік стаць інтэлектуалам.
Але, разам з тым, ці не азначае гэта і той факт, што ў Беларусі пакуль няма інтэлектуалаў? І ці лічыце вы сябе інтэлектуалам?