Калі будуць людзі полацкія граматай валодаць так, як мячамі,—ніхто іх не пераможа.
Першая ў краі бібліятэка! Кожная кніга тут—часцінка яе душы. Купляла, абменьвала на другія. Перапісвала тут, у манастыры. Вучыла гэтаму і другіх. Колькі перапісчыкаў рыпяць зараз пёрамі ў келлях! А раней было іх усяго дзве — старая Еўпраксія і Васіліса. Ды і то — колькі памылак было ў іх! Спяшаліся, абы болей кніг, абы болей прыбытку цётчынаму манастыру. Яна выпрасіла іх да сябе, у Сялец. А ўжо тут, на свабодзе, узялася за іх. За кожную памылку — дзень пасціцца. А інакш нельга было: вучыліся ў гэтых дзвюх другія манашкі. Павінны яны былі добра помніць: кніга — святыня. Псаваць яе плямай або апіскай — самы вялікі грэх.
— Маці-настаяцельніца!
Ціхі шэпт яна ўчула адразу, але не даўмелася, што клічуць яе. Ніяк не магла яшчэ ўсё звыкнуцца, што ў свае няпоўныя трыццаць гадоў яна — ігумення вялікага і багатага манастыра.
— Маці-настаяцельніца!
Сястра Яўстахія, добрая тоўстая кабета, стаяла каля яе.
— Нейкая жанчына з дзіцем плача, просіць, каб вас паклікалі.
— А ты сказала ёй, што я выходжу да міран пасля ранішняй малітвы?
— Яна толькі што прыйшла. Бяда ў яе, пэўна.
Ефрасіння ўздыхнула. Перад тым, як выйсці да людзей, якія неслі ў манастыр свае крыўды, хваробы і гора, яна доўга малілася, рыхтавала сябе. I тады улівалася ў яе нейкая незразумелая сіла. I Ефрасіння, нібы баючыся растраціць гэтую сілу, не спяшаючыся ішла на двор, і манашкі хрысціліся, гледзячы на яе бледны твар — суровы і ўпэўнены. А на двары ўжо стаялі людзі, і ў іхніх вачах была роспач і надзея. Надзея на лішнюю грыўню, якая дапаможа вырвацца з учэпістых рук ліхвяра, на цуда, якое дасць спакой сям'і.
I ігумення раздавала ім медныя грыўні, лячыла. Але цяпер у душы была нейкая слабасць — Ефрасіння ведала, колькі намаганняў прыйдзецца ёй патраціць на тое, каб сустрэць нечаканую наведвальніцу. Яна ўсё яшчэ марудзіла, гледзячы на дзверы. Але там раптоўна паказалася цёмная вялікая хустка, што ледзь не да каленяў вісела на худой дзяўчынцы. Дзве шэранькія коскі целяпаліся вакол бураватага ад загару тварыка, Дзяўчынка імкліва, нібы ведаючы, да каго ісці, спынілася перад ігуменняй і якую хвілю, не міргаючы, глядзела на яе. I нечакана ўсміхнулася радаснай, наіўнай усмешкай:
— А я сама прыйшла сюды. Не сцярпела. А матуля там баіцца... без дазволу... А колькі тут кніг! І такія прыгожыя! А вы добрая, праўда? У вас вочы добрыя...
Нешта нібы кальнула Ефрасінню. Рэдка бачыла яна адкрытыя, смелыя вочы — болей у іх быў спалох. Яна ўжо з няяснай сімпатыяй угледзелася ў малую.
«Колькі ёй можа быць гадоў? Дзесяць — дванаццаць. А тварык нейкі нязвыкды — смуглявы. I вочы вялікія, цёмныя. Нешта нібы нагадвае ёй. Але што?»
Яна задуменна пацерла лоб і ўбачыла, што нават манашка, якая перабірала кнігі, здзівілася ад гэтае дзяўчацінай смеласці. I, чамусьці развесяліўшыся, уладна сказала ёй:
— Ідзі, вядзі сюды другую.
...Згорбленая, уся нейкая змэнчаная жанчына ўвайшла ў бібліятэку і адразу кінулася да ног ігуменні:
— Ратуй мяне, прападобная! Ратуй, бо выходзіць душа з мяне праз тваю міласць!
Яна ўзняла заплаканы твар. Цёмныя вочы з пачырванелымі вейкамі жалобна міргалі. Бяскроўныя вусны прыадкрывалі бяззубы рот. Убачыўшы, як адразу пастражэлі і звузіліся ад нечаканасці зрэнкі ў ігуменні, кабета заплакала ўголас:
— А Божа ж мой, Божа міласэрны! А няўжо ж ты караеш мяне ды за тое, што бацьку свайго паслухалася і да цябе не пайшла!
— Сціхні! Не чапай Бога, нечасцівая! — голасна ўсклікнула ігумення, і кабета сціхла, закрыўшы твар рукамі, і толькі ад прыглушанага плачу безупынку трэсліся яе плечы.
— Ну, скажы ты, што з тваёй маці здарылася? — Ефрасіння перавяла позірк на дачку.
Дзяўчынка таксама сцішылася ад гэтага сярдзітага голасу і, нібы адразу стаўшы яшчэ меншай, пачала расказваць тонкім пявучым галаском:
— Матуля вучылася ў вашым манастыры, якраз калі вы ігуменняй сталі. Але дзед яе ўсё роўна замуж выдаў. Татка наш хаця і мужык, але ён багаты. I прагны такі. А матуля грамату любіць. I кнігі. I мяне чытаць навучыла. А татка б'е яе за гэта.
— О-о-ох, ды яшчэ як б'е! — са стогнам заенчыла маці. — Кажа, што яму мая навука шкодзіць, бо за кніжкай я на ўсё забываюся. Але як жа мне жыць без яе? Зачаравала яна мяне, знахаркі якія ні лячылі — нічога не дапамагае! У мяне адна ўсяго кніжка — пра мучанікаў святых. Бацька яшчэ купляў. А каб яшчэ прачытаць, я купцу парася аддала. Вось мужык і збіў на горкі яблык, ды і выгнаў. «Ідзі,— кажа,— да сваёй Ефрасінні, хай яна сама насланнё тое здыме, што на цябе наслала». I дачку за мной выштурхнуў. Іх чацвёра ў мяне, ды толькі гэта грамату ведае, і ў яе ў вачах кніга адна. Вой, што рабіць мне, што мне рабіць!
Ефрасіння пазнавала яе. У зморшчаным, збялелым твары ледзь улоўна праступалі рысы чырванашчокай, маленькай і жвавай Еўпраксіі, лепшай і самай здольнай яе вучаніцы. Бацька, збяднелы купец, хацеў назаўсёды аддаць яе ў манастыр, але потым раптоўна забраў, каб выдаць замуж.
«Яна ж маладзейшая за мяне,— думала ігумення. — Але пакуты састарылі яе. I за што? Грубыя смерды самі топчуць тыя кволыя раслінкі прыгажосці, што я з такім натхненнем засяваю для іх жа. Напэўна, ім наогул гэта не патрэбна. Аралі ж іх дзяды зямлю без кніг і яшчэ сотні гадоў будуць араць».
Яна адчула сябе спустошанай і абрабаванай. Стала цяжка дыхаць.
— Ідзі адпачывай, Еўпраксія,— абыякава сказала яна. I кіўнула манашкам: «Правядзіце!»
Ужо зусім сцямнела ў бібліятэцы, але Ефрасіння моўчкі сядзела ў крэсле, паглыбленая ў свае думкі. Яна ўздрыгнула, нечакана ўбачыўшы перад сабой маленькую цьмяную постаць.