— А блізкія твае — не будуць крыўдаваць на мяне, як крыўдаваў бацька мой на княгіню Раманаву?
— Мой бацька, на шчасце, ніколі ўжо не даведаецца, што я век свой пад чорнай расай хадзіць буду...
Сказала Звеніслава гэта горача, не падумаўшы. I асеклася, зачырванелася.
Ефрасіння маўчала. Яна зноў убачыла перад сабой няшчасныя бацькавы вочы, бараду яго, у якой заблыталіся саломіны,— у яго, такога ганарыстага! I словы ягоныя пачула: «Гора мне, дзіця маё мілае! Пашто се сатварыла і атруту душы маёй прынесла?» У яе тады зашчымела ад жалю сэрца. Захацелася кінуцца яму на шыю, супакоіць. Але нечакана ўспомнілася: бацька — і вочы забітага мужыка. А потым прыгадаліся словы адрачэння ад гэтага злоснага жорсткага свету, якія яна гаварыла, і ўласная туга пачала расплывацца, знікаць. Далёкім і чужым здаўся ёй бацька, і спакойна яна яму адказала: «Чаго вельмі смуткуеш? Маю аднаго памочніка і збавіцеля — Бога». I ён, відаць, адчуў гэту яе абыякавасць, бо нічога больш не сказаў, а, згорбіўшыся, павярнуўся і пайшоў па бездаражы, па гразкім пасля дажджу полі...
Што ж, хіба адступіцца яна сёння ад тых слоў? Хіба пашкадуе ўсё тое, што асталося за сценамі манастыра?
Не! Занадта многа сіл аддала на тым шляху, што выбрала ў маладосці. I хай нямногае яшчэ зроблена — што ж, наперадзе — цэлае жыццё.
Але раптам яна адчула страшэнную адзіноту. Выпрасталася. I хаця словы яе былі жалобныя, гучала ў іх асуджэнне і моцнае жаданне пераканаць:
— Авохці мне, адзінокай! Жывот2 свой і скарб аддаўшы Богу, не магу я сястры сэрцам да яго прывесці. Як жа ўшчуваць мне другіх? Што ад вас застанецца? Тлен і парахно зямное. А гэта перажыве і дзяцей, і ўнукаў тваіх,— яна паказала на кнігу. — Яно — Божае слова! I трэба яго несці да людзей, што ўгразлі ў грахах і цемры. Хто ж гэта, акрамя нас, зробіць? Толькі Божыя людзі валодаюць дарам дзіўным — узнёсшыся над слепатой зямной, жыццё спасцігаць і ў кнігі свае думы запісваць! — Яна гаварыла, павучаючы, як гаворыць сталы чалавек перад дзіцём. — Паглядзі на край свой. Усобіцы яго грызуць. Нішчаць. Зноў жа, Божым словам спыняць іх трэба. Не зачыняцца ў келлі сваёй я цябе заклікаю, а несці слова да людзей. Хачу, каб стала ты манашак вучыць у манастыры, які скора пабудуюць. І не бачу вакол сябе нікога, каму ўладу над душамі людскімі там можна даручыць. А іх будзе ў цябе нямала. Вялікі і моцны павінен быць новы манастыр. Улада, як змяя ядавітая, чалавека атручвае! А ты — нязлосная. Богу пойдзеш служыць — станеш свабоднай! — Яна захлыналася ад хвалявання. Усё, чым жыла свае схімніцкія гады, усё, дзеля чаго слепне, перапісваючы таўшчэзныя кнігі, укладала ў свае словы.
А сястра нечакана спытала:
— Няўжо ты ніколі не ўспамінала таго хлопца?
Ефрасіння нібы на бягу зачапілася за камень. Спынілася ад нечаканасці. Села па крэсла. Зноў маўчанне запанавала ў келлі, толькі трапятаў і пырхаў агеньчык свечкі.
Увайшла манашка Ксенія, прынесла новую свечку — вялікую, белую, і калі паставіла яе на стол, не патушыўшы старую,— успыхнулі зялёным і сінім — тавусіным, паўлінавым святлом — каменьчыкі на каштоўным абразе, і тонкія, як павуцінкі, праменьчыкі прабеглі па руках ігуменні. Яна як схамянулася. Стала чытаць на памяць — спачатку павольна, як прыпамінаючы, пасля больш энергічна:
— Хто гэта напісаў, не ведаеш? — спыталася ў Звеніславы. Тая няпэўна прамовіла:
— Іаан Поснік?
— Не, гэта Рыгор Назіанзін. Шэсць вякоў назад ён напісаў гэты гімн прыгажосці зямной, якую, можа, па-сапраўднаму можна зразумець, толькі ўспрымаючы яе як Боскі дар. Але нават і ён, вялікі чалавек і мудрэц Візантыі, пісаў таксама:
Хто я? Адкуль прыйшоў? Куды іду? Не ведаю.
I не знайсці нікога, хто сказаў бы мне.
— Не верыш? Вазьмі новы пераклад, які зараз перапісваюць у нашым манастыры. Што ж тады казаць пра мяне, якая толькі смірэнна захапляецца веліччу духу старадаўніх паэтаў і манахаў? Не было б таго хлопца, як ты кажаш,— не ведала б душа мая сапраўднага болю і пакуты.
— Калі Рыгор Назіанзін пісаў такое, дык і мне не сорамна прызнацца, сястра,— твой манастыр для мяне ўяўляецца каменем, які кідае ў гавані карабель, каб не знесла яго назад у мора... Душа мая — як бяздоннае мора, усё кіпіць у ёй, усё цёмна і змрочна. Зайздрошчу твайму спакою. Даруй, што нагадала пра смерда. Казалі мне, што боская прыгажосць у ім была, а хто да яе застаецца раўнадушным? Калі б мне Госпад даў... калі б кахала я каго... горы б перавярнула, у ботах жалезных за ім пайшла і хлябы каменныя б ела!
Звеніслава выпрасталася, як туга нацягненая струна на гуслях, і Ефрасінні здалося, што яна зараз не вытрымае свайго напалу, ападзе. Яна міжволі працягнула рукі да стрыечнай сястры, а тая апусцілася на калені, абхапіла галаву рукамі:
— О, як люблю я ўсё прыгожае! Мяккі аксаміт, які лашчыць плечы, і мех собаля, які саграе ў мароз. Візантыйскую парчу, якая пераліваецца на сонцы. Каштоўнае каменне — яно іскрыцца і цешыць погляд. Пантофлікі з усьмы, шытыя залатой ніткай, у іх так прыемна бегчы да Дзвіны з церама. Яшчэ люблю, калі ўсе схіляюцца перад табою, ласкава пытаюцца, ці добра спалася сёння вялікай князёўне, а нянька ўзбівае пуховую коўдру, пад якою соладка спалася ўсю поч. Скончылася маё бесклапотнае жыццё, часта цяпер я лаўлю варожыя позіркі, і няўцям мне, сястра, чаму ўчора я была адной — а сёння іншаю, ужо нялюбаю для чэрні іду па гораду?
— Усё пераменіцца, Звеніслава. Крыўдзілі і мы, князі, смердаў. Узгадай, ці заўсёды твой бацька быў справядлівы. Як і ягоныя браты. А прыгожае... Табе б паломніцай пайсці да Іерусаліма, прычасціцца боскага, можа, тады зразумела б ты не розумам, а душою, наколькі Іерусалім нябесны вышэй за зямны.
— Але пакуль, Ефрасіння, вазьмі дары мае і пасаг мой. Можа, збяруся я з сіламі і сапраўцы пайду паломніцай.
— Каб пасля, вярнуўшыся, ты з лёгкай душой сказала мне: «Пані й сястра! Уся прыгажосць гэтага свету мне не патрэбная. Аддаю ўсё гэта святому Спасу, а сама хачу схіліць галаву пад ярмо Хрыстова». I тады, дарагая сястра мая, з радасцю прыму твой пострыг і назаву цябе... назаву Еўпраксіяй.
Звеніслава Барысаўна ўсё стаяла на каленях, затуліўшы твар далонямі, пальцы яе дрыжэлі. З сухім шоргатам, спачатку рэдка, затым усё гусцей і гусцей, стаў падаць за акном снег. Тоўстай белай посцілкай клаўся ён на плечы самотных ялін, засцілаў дрымотнае поле. Белым, нерухомым было ўсё наваколле...
Іаан адчуваў, што душа яго нібы разрываецца напалам. Хорам, які вырас на беразе Палаты, быў для яго нібы дзіця, ён гэтак жа гатовы быў аддаць яму ўсяго сябе, нічога не патрабуючы ўзамен. Гэта ж першая сапраўдная яго работа, мара, якая здзяйснялася на вачах! Але ён ведаў, што блізка тая пара, калі скончыцца будаўніцтва, і ён болей не прыйдзе на ціхі манастырскі двор, да старой ігрушы, не пачуе лёгкіх крокаў ігуменні і яе голасу. Яна ўжо не будзе пытаць у яго пра вапну, фарбу або прасіць-падганяць: «Калі ж храм асвячаць будзем?»
Іаан ведаў — яна ганарылася цудам, якое ўзнялося ў маленькім Сяльцы, храмам, нябачаным яшчэ ў зямлі Полацкай. Нартэкс яго складаўся з дзвюх частак: ніжняй — для багамольцаў і верхняй — для хору. Тут жа былі два невялічкія памяшканні — для самой Ефрасінні і сястры яе Звеніславы, што зусім нядаўна пастрыжана была пад імем Еўпраксіі. Гарызантальныя палосы цаглянай падмаляванай муроўкі і ружовай цэменкі прарэзаліся пілястрамі з паўкалонамі і вузкімі вокнамі, што былі ў два рады між імі. Вышыня апсіды павялічвалася чатырма тонкімі раманскімі цягамі. А ў сценах у каляровых узорах спляталіся кавалкі смальты, падабранай з вялікім густам і стараннасцю. Стройная, строгая, маналітная кампазіцыя царквы нібы ўвабрала ў сябе ўсё лепшае ў драўляным мясцовым дойлідстве. I гэта было нечувана—дасюль уся архітэктура Полацка ішла ад візантыйскай.
Ефрасіння любіла прыходзіць на будоўлю. Глядзела, часам брала ў далонь пясок або гліну, быццам узважваючы іх. Калі яна лёгкай хадой плыла ля царквы — змаўкалі грубаватыя насмешлівыя дзецюкі, з глыбокай пашанай схіляліся перад ігуменняй, і, на момант сустрэўшыся з вышэйшай, недасягальнай сілай — сілай духу, святлелі іхнія твары.
Ніколі яшчэ не адчуваў Іаан такога замілавання, душэўнага ўздыму і такой безнадзейнасці. Ён сам не ведаў, што з ім такое: то хацелася ўпасці на калені перад ігуменняй, як перад іконай, то душнай, цёмнай ноччу бачыў яе цёплыя пунсовыя вусны, мяккую іх прыпухласць. Недарэчнай і ненавіснай рабілася яму чорная манашацкая вопратка Ефрасінні. Ён палохаўся гэтых думак. Падаў на калені перад іконай святога Іллі. Але здавалася — яшчэ больш хмурнее цёмны лік святога, вось-вось вылеціць з яго малітоўна складзеных рук грымотная страла-пяруп. Тады кідаўся ён да Палаты і доўга плыў, па-мужыцку шлёпаючы рукамі і палохаючы рыбакоў.
Аднойчы, калі ён стомлены ішоў ад ракі, далёка перад сабой, у цьмяным месячным святле ўбачыў жаночую постаць, што набліжалася насустрач. Ен пазнаў Ефрасінню. Яму было няёмка, што яна зараз убачыць яго ўскудлачаныя валасы, босыя ногі, і ён паспешліва звярнуў у кусты.