– Мы гасціннасць у куфар не хаваем. Дамо ўсім прытулак, каго дарога стаміла. Раней хто б да нас ні ішоў, пыталіся ў яго людзі: “Куды сабраўся?” А ён адкажа: “Да Вячоркаў, да Вячоравічаў”. І цяпер усю нашу вёску Давячоравічамі завуць.
Пераначаваў падарожнік. А раніцай рушыў далей – поле цудаў шукаць, як перад ім горад шукалі і раку. Зноў яго чакала доўгая дарога. Бо колькі б часу ні прайшло, а дарога заўсёды застанецца, каб весці чалавека па жыцці. І ніколі не спыніцца, не перарвецца. Бо там, дзе скончылася адна дарога, нараджаецца новая. Хутка і Давячоравічы, якія месціліся пры дарозе, атрымалі новае імя. Назвалі горад Дарагічынам, а потым яшчэ карацей – Драгічынам.
Ці былі вы ў прыгожым Іванаве – старадаўнім Янаве-Палескім? Гэта спрадвеку горад майстроў. Дзякуючы ім Янава неўзабаве стала мястэчкам, месцам добрых рамеснікаў.
Іванаўскі раён і сёння славіцца сваімі творцамі ды ўмельцамі. Вось вёска Агова. Яна вылучаецца народнымі промысламі. Госці прыязджаюць сюды, каб паглядзець на цудоўныя куфры ды куфэркі, распісаныя мясцовымі майстрамі. Калі кірмаш гудзіць, бы вулей, абавязкова пабачыш на ім узорыстыя куфэркі з Агова, апаясаныя кованым жалезам. Іх ні з чым не пераблытаеш. Яркія, жывыя, вясёлыя фарбы хвалююць сэрца, радуюць вока.
Таксама нельга абмінуць Рылавічы. Яны – сапраўдны бандарскі рай. Шмат бондараў у люднай вёсцы. Ганарацца майстры сваім рамяством. Відаць, асабліва рылавіцкія бочкі згадзіліся вялікаму князю Вітаўту напярэдадні Грунвальдскай бітвы.
Стагоддзі мяняюцца, а ўмельства застаецца!
У старажытнасці сакавік называлі бярозазолам. У гэты месяц палілі беразнякі, чысцілі зямлю пад новы ўраджай. Попелам з бяроз аздаблялі глебу. Гоні рыхтаваліся прыняць зерне, каб потым узгадаваць хлебны колас.
Адначасова абуджаліся сокі. Клёны плакалі салодкім кляновікам, а бярозы – смачным бярозавікам. Гэтыя атагрэтыя слёзы дрэў пачыналі вясну. А трошкі пазней на галінках з’яўляліся першыя клейкія лісцікі. Адзін такі лісцік зляцеў з галінкі і трапіў на герб Бярозы, побач з датаю – 1477 год!
Запомнім гэтыя чатыры лічбы. Значыцца, Бярозе ўжо больш за 530 гадоў.
Даўней паселішча агібала балотная даліна, прарэзаная Ясельдай. Рака таксама змешчана на гербе, пазначана ўнізе тонкім сінім паяском.
Разгадаць назву горада няцяжка. Імя паселішчу дало дрэва. Складаней зразумець, чаму Бяроза-Картузская? Некалі тут пасяліліся манахі, якіх звалі картузамі. Жылі яны ў асобных доміках – келлях, маліліся, трымалі агароды, перапісвалі кнігі і ноты. Яшчэ манахі-картузы былі выдатнымі жывапісцамі і разбярамі. Жылі яны ў многіх гарадах Еўропы, а ў Беларусі – толькі ў Бярозе. Цяпер зразумела, чаму Бяроза стала Картузскай?
Неспакойныя былі часы. Пабудавалі манахі кляштар (манастыр) – увесь з моцнага камня. Абнеслі будынак высокай сцяной. Пабудавалі браму з байніцамі. Нават бібліятэка і шпіталь – каменныя. Бо трывожныя былі часы...
Доўга цягнулася будаўніцтва. Сорак гадоў узводзілі храм-крэпасць. І неаднойчы за гэты час трывожна гучаў звон – папярэджваў пра блізкую бяду. Войны здаваліся бясконцымі. З пакалення ў пакаленне бярозаўцы жылі паміж вялікімі і малымі бітвамі. Але здатнымі былі тыя майстры, што паставілі манастырскія сцены. Прыехалі яны з Італіі. Услед за каралевай-італьянкай.
1. Чым адрознівалася жыццё прыгоннага селяніна і мешчаніна?
2. Як ты лічыш, што дапамагло Берасцю стаць адным з галоўных гарадоў Вялікага Княства Літоўскага?
3. Прачытай выразна легенду пра Давячоравічы. Як ты лічыш, ад якога слова паходзіць назва горада Драгічын?
4. Што спрадвеку вырабляюць майстры ў Іванаўскім раёне?
5. Адкуль у былога горада і сучаснай чыгуначнай станцыі імя Бяроза-Картузская?
8. КАРАЛЕВА БОНА
Па еўрапейскіх дарогах нетаропка рухалася вясельная карэта. Міланскі герцаг даў за дачку добры пасаг. Прынцэса едзе на сустрэчу з будучым мужам. Стары Жыгімонт чакае маладую нявесту. Ужо некалькі месяцаў едуць госці з Італіі, вязуць прынцэсу Бону Сфорцу.
– Я ніколі не палюблю іншую краіну, акрамя Італіі, – уздыхае Бона. – Няма на свеце лепшай краіны! Толькі у Італіі пяюць прыгожа і чароўна. Толькі там самае вялікае мора на зямлі, самыя высокія горы, самыя цёплыя зімы... Не, ніколі я не палюблю іншую зямлю…
Вязуць Бону па Польшчы і Вялікім Княстве. Паўсюды ёй рады. Вось сустракаюць прынцэсу берасцейцы, пінчукі, кобрынцы, кідаюць пад ногі кветкі, пяюць ёй песні. Прыслухалася Бона: як прыгожа, быццам на далёкай радзіме!
– Пра што расказвае песня? – спыталася нявеста.
– Людзі спяваюць, што ў гэтым краі няма мора, гор і цёплых зім...
– Не, ніколі я не палюблю іншую краіну... – уздыхае прынцэса.
– ... але яны любяць свае сінія азёры, зялёныя пушчы ды чыстае неба.
Зноў прыслухалася Бона да спеву, паглядзела ў людскія твары і сказала:
– Я абавязкова вывучу іх мову. Яна пявучая і вельмі выразная, такая ж як італьянская.
– Многія ліцьвіны-беларусы вучацца ў італьянскіх універсітэтах: у Падуі, Балоньі, Мілане…
– О, Мілан! Якое блізкае, мілае сэрцу слова. Няма лепшага месца на зямлі... Але я палюблю іншую краіну... Хай тут няма мора, гор ды цёплых зім. Але ёсць працавітыя людзі, цудоўная мова, прыгожыя песні. Я стану каралевай сярод сініх азёр, зялёных пушчаў ды чыстага неба!