Постаць незнаёмца навальваецца цяжарам, і старому чутна нават, як б’ецца ў грудзях гэтага пярэваратня сэрца. Бяззубы рот распырсквае сліну. Яна паўсюль: на падлозе, на пастуховым твары, на кашулі. Сліна мае спецыфічны жывёльны пах. Яна ядавітая і небяспечная, як і тыя з’едзеныя іржой рэйкі.
— Што ты вякнуў? — пагардліва моршчыцца незнаёмец і б’е старога кулаком па твары. Стары не паспявае ўхіліцца і прымае ўдар. Яшчэ праз хвіліну насок каванага чаравіка балюча ўпіваецца яму ў жывот, і стары, задыхаючыся, хрыпіць ад болю.
— Гэць! Гэць… — намагаецца выказаць ён сваю агіду.
Жалезная рука адрывае яго ад падлогі.
— Пайшоў прэч, дрэнь!
Рука штурхае яго з усяе моцы да выхаду, і пад цяжарам цела дзверы адчыняюцца. На падворку падобныя да пірамідаў таполі. Голле на іх ад зямлі — густое, нібы ў кіпарысаў. Вецер лена калыша зялёны покрыў, і праз гушчар нясмела прабіваецца ранішняе сонца. Таполі нібы тры запаленыя Богам свечкі — памяць аб шматлікіх ахвярах, што загінулі некалі на будоўлі Пірамід Дасканаласці. У майдане статак напалоханых коз. Статак збіўся ў кут.
— Гэць! Гэць, ваўчынае мяса!..
Малыш спужана шастае ўбок, панура праводзячы старога вачыма.
— Гэць! Гэць, ваўчынае мяса!..
Удар пад дых — і Пастух корчыцца ад болю. Штуршок у плечы — і ён падае на калені. Вочы незнаёмца налітыя крывёю. На сонцы яны аж барвовыя, нібыта пераспелыя вішні...
— Перастань плявузгаць!.. На зоне я не такіх яшчэ шустрыкаў бачыў. Выведзеш з гэтай прорвы — адпушчу, не выведзеш — здохнеш разам са мною…
Яны доўга блукаюць па балоце і нарэшце натрапляюць на вузкую пратаптаную праз ажыннік сцежку. Калючкі драпаюць да крыві цела. Сцежка праз некалькі метраў канчаецца, і перад вачыма паўстае вузкі, падобны да тунэля прагал. Гэта чыгунка. Яны спыняюцца і абводзяць позіркамі прастору. Сонца пераваліла зеніт. Сонца апякае твар. Стары выцірае змакрэлы твар і сумна ўздыхае. Чутна, як недзе над балотам істэрычна крычаць кнігаўкі. У вачах незнаёмца міргае вар’яцкі агеньчык. Недзе паблізу павінна быць станцыя. Ён абнадзеена зіркае на старога, але той маўчыць. У вачах яго ні страху, ні разгубленнасці, ні паразумення, хіба толькі халодная пагарда і нянавісць. Ён ведае, гэта ўсяго толькі лесвіца ў Краіну Учарашняга Дня. Над даляглядам пасмы чорнага дыму. Яны засцілаюць неба. Цягнік-здань недзе блізка, і яны крочаць яму насустрач…
5
Дарога выбоістая, усланая спрэс пылам. Машыну растрасае на часткі. Кіроўца цісне з усёй моцы на газ, аднак рухавік раве, нібыта бялуга, грэецца і пачынае глохнуць. У салоне духата. Вокны шчыльна зачыненыя, аднак гэта не ратуе ад пылу. Ён трапляе ў салон праз усе бачныя і нябачныя шчыліны. Пылінкі хрусцяць на зубах, назойліва лезуць у вочы. Котаў выцірае твар і шыю насоўкаю і мітусліва зіркае па баках. Што хоча ён там убачыць, незразумела. За машынаю цягнуцца клубы густога сівога пылу.
«І калі прыйдзе канец гэтаму пеклу? — абураецца ён у думках. — Вось дык камандзіровачка! Удружылі дык удружылі!.. Не мясціны, а пустка нейкая, на сто кіламетраў ніводнай вёсачкі...»
— Праблемы Чарнобыля — праблемы дзяржаўныя. Ці не так, Віктар Віктаравіч?.. — лісліва паглядае на Котава старшыня падшэфнага калгаса. — А на справе што атрымліваецца? Я да вас звяртаюся, Віктар Віктаравіч: што атрымліваецца на справе, га? А нічога не атрымліваецца… Забыліся пра нас усе. Скажу шчыра: пакінулі сам-насам з нашай бядою — выжывай як знаеш. Вы толькі паглядзіце, хто жыць у вёсках застаўся… Правільна, адны пенсіянеры. А дзе моладзь? Куды моладзь падзелася? У гарадах асела, га?.. У гэтым і справа. А зямлю хто абрабляць будзе?.. У мяне тарфянікі гараць, мне бульбу рыць трэба, — спрабуе выбіць у Котава спагаду старшыня калгаса.
Котаў не слухае яго. У Котава сваіх праблем па горла. Ён сумна ўзіраецца ў нудныя балоцістыя краявіды, што павольна гайдаюцца за вокнамі службовай «Волгі», і думае аб сваім…
Разгараюцца вогнішчы амбіцый. Сінім полымем палаюць ілюзіі незапатрабаванай значнасці. Шызым попелам разносяць вятры прывідныя мары і мэты. І няма задавальнення ад займаемай пасады. І няма ніякіх падстаў для радасці. Прамысловасць у загоне, прадпрыемствы спыненыя. Паўсюдна беспрацоўе і п’янства, карупцыя і ўсёдазволенасць. На складах залежы непатрэбнай нікому прадукцыі. Мэр лютуе і насылае на кіраўнікоў прадпрыемстваў праверкі…
— …Што?.. Як гэта — нікому не патрэбная? — крыўдзіцца дырэктар дывановага камбіната. Хапае Котава за руку і цягне на склад. — Мы наладжваем сувязі з замежжам, — апраўдваецца ён. — Мы пастаўляем тысячы нашых вырабаў у Ізраіль…
— А гэта што?.. Гэта вам не прадукцыя? — злуецца Котаў і тыцкае пальцам на заваленыя дыванамі стэлажы. — Гэта, хрэн лысы!?
Скруткі паўсюль: на паліцах, на цаглянай падлозе. Дырэктар неўразумела паціскае плячыма.
— Развялі бардэль!.. — лямантуе Котаў і патрабуе ад дырэктара тлумачэнняў: — Пакажыце дыван.
Дырэктар перадавярае загад падсобнаму рабочаму. Той дастае з паліцы першы, што трапляе пад руку, і рассцілае яго перад Котавым. Дыван свеціцца, нібыта сіта. Ён увесь у дзірках.
— Моль?.. — здзіўляецца дырэктар і касавурыцца на рабочага: — Скуль?..
— Прапітка не дапамагае, а праветрываць не паспяваем, месца не хапае, — апраўдваецца рабочы. — Камбінат спынены, людзі ў змушаных адпачынках, збыту ніякага. Раней хоць Расія брала на бартэр, а цяпер і яна адмовілася.
Дырэктар гатовы разадраць рабочага на кавалкі.
— Міхалыч!.. Я нешта не тое ляпнуў? — вінавата пазірае на свайго шэфа рабочы.
— Нашто людзей у адпачынкі выгналі, га? — умешваецца ў спрэчку Котаў.
— А чым іх заняць? — злуецца дырэктар камбіната. — Працы ніякай, адна толькі лінія працуе… А яны на змену пруцца. Іх жа не звольніш. Я гавару ім: працы няма, а яны лезуць... Можа мне платны ўваход для іх праз прахадную ўвесці?..
Хадзіць далей па прадпрыемстве няма сэнсу…