-Яна не Мэры, яна – Маргана! – выкрыкнуў у адказ і Холін, і ў голасе ў яго Свенсан адчуў таксама нейкія дзіўныя інтанацыі, нейкі прыхаваны боль... – І яна не магла кахаць цябе, паўдурак… “дзікія кошкі”, наогул, не ведаюць гэтага слова – кахаць! Мужчына на іх планеце, да твайго ведаму, знаходзяцца, прыкладна,у становішчы рабочых жонак Аграполіса! І нават у горшым становішчы, бо памяць ім ніхто ніколі не сцірае, так штояны выдатна памятаюць сваё мінулае і добра ўсведамляюць сваё сапраўднае становішча! – Холін змоўк, зірнуў на Свенсана. – Прабач, што я ўмяшаўся! Працягвай допыт…
- Гэта не допыт, - сказаў Свенсан. – Я проста вяду гутарку.
-Значыць, працягвай весці гутарку, - сказаў Холін. – У цябе гэта някепска атрымліваецца.
Ён змоўк, і зноў нейкі час у камеры панавала поўнае і даволі напружанае маўчанне. Потым Сарджэн першым яго парушыў.
- Калі вы жадаеце і далей весці сваю… - ён змоўк на імгненне… - сваю, так званую,гутарку- зрабіце тут хоць нейкую мэблю. Інакш гутаркі паміж намі проста не атрымаецца.
Свенсану падалося, што Холін зараз зноў узарвецца гневам, але ён памыліўся. Холін моўкі павярнуўся і выйшаў з камеры. І амаль адразу ж аднекуль з падлогі ўняўся стол і тры круглыя табурэты.
- Прашу! – крыху з’едліва прагаварыў Холін, зноў вяртаючыся ў камеру.
Ён сеў першым, за ім астатнія.
- Хачу напомніць, што са мной ўжо праводзілі гіпнасеанс, незаконны, дарэчы, - сказаў Сарджэн. – Не разумею, што новага яшчэ вы спадзяецеся ад мяне пачуць?
- Вы не адказалі на маё пытанне, - напомніў Свенсан. – Чаму ваша жонка вас не забіла?Толькі не трэба зноў аб каханні… і усё такое…
Сарджэн паціснуў плячамі і нічога не адказаў.
- Яна хацела яго забіць, - змрочна буркнуў Холін, - але затым чамусьці перадумала.
- А, можа, не перадумала? – Свенсан паглядзеў на Холіна. – Можа, яна палічыла яго забітым?
Але ён ведаў, што гэта не так. “Дзікія кошкі” не памыляюцца. Дарэчы, яго самога таксама пакінула ў жывых “дзікая кошка”.І ён да гэтага часу не можа не думацьаб ёй…
- Вы ведаеце, дзе зараз ваша былая… - Холін наўмысна зрабіў націск на слове “былая”, - дзе зараз ваша былая жонка?
Сарджэн толькі адмоўна матлянуў галавой.
-Не ведаю! – сказаў ён, а потым дадаў з нейкім нават выклікам: - А калі б і ведаў – вам бы не сказаў!
- Чаму? – спытаў Свенсан.
Сарджэн са здзіўленнем на яго паглядзеў.
- Ды таму, што адзіная ваша мэта – забіць яе!
-Наша мэта – забяспечыць бяспеку жыхароў Аграполіса! – суха прагаварыў Холін. – А ваша былая жонка стала небяспечнай!
-А вы б маглі проста затрымаць яе? – раптам з нейкай патаемнай надзеяй запытаўся Сарджэн. – Затрымаць, сцерці ўсё, што тут адбылося, з яе памяці, а потым…
-Потым зноў вярнуць яе вам? – закончыў за яго Свенсан.
Сарджэн зноў паглядзеў на яго, але на гэты раз з удзячнасцю.
- Такое магчыма? – нясмела спытаў ён.
-Такое немагчыма! – сказаў, як адрэзаў Холін. – Па-першае, яна здзейсніла забойства пяці чалавек! Па-другое ж…
Ён змоўк, не дагаварыўшы.
-Што, па-другое? – спытаў Сарджэн, але ў голасе ягоным была зараз толькі туга і самая поўная безнадзейнасць.
-Па-другое, мы не зможам проста захапіць яе, нават калі б і вельмі жададі гэта зрабіць! “Дзікую кошку” нельга проста захапіць… Карацей! – Холін змоўк, строга паглядзеў на Сарджэна. – Вы згодны дапамагчы нам знайсці вашу былую жонку? Я яшчэ не ведаю, як вас можна выкарыстаць… але перш за ўсё мне патрэбна ваша згода! Я ж, са свайго боку, гарантую, што…
- Можаце не працягваць, - сказаў Сарджэн. – Я не буду дапамагаць вам у гэтым!