Ён праводзіў поглядам кацер, які пачаў зніжацца побач з сядзібай фермера, і павярнуўся да Холіна.
- Што ж, лічыце, Холін, што вы мяне пераканалі! І ўсё ж… калі вы памыляецеся…
Холін нічога не адказаў. Ён таксама сачыў за кацерам, які ўсё працягваў сваё зніжэнне. Потым кацер заклаў рэзкі віраж, адразу ж знікаючы з віду.
- Колькі там чалавек? – звярнуўся Холін да начальніка аховы.
- Пяць, - буркнуў той, нават не падняўшы галавы. – Я думаю, гэтага дастаткова, каб адправіць на той свет адну няшчасную жанчыну, уся віна якой толькі ў тым, што яна раней кімсьці там была!
* * *
Калі кацер зрабіў пасадку на спецыяльнай пляцоўцы за домам, жанчына, якая раней была “дзікай кошкай”, а зараз нічога аб гэтым не памятала, гатавала мужу вячэру. Дакладней, яна ўжо падавала на стол.
Жанчына была вельмі прыгожай і вельмі маладой. І яшчэ яна была… шчаслівай. Адной з нямногіх, а, можа, і адзінай, па-сапраўднаму шчаслівай рабочай жонкай на Аграполісе. У яе нават было імя, якое ёй даў муж, бо жанчына не проста падабалася яму. Ён кахаў яе шчырым юнацкім каханнем.
І яшчэ ён быў паэтам.
Фермерам ён стаў па волі бацькі, але сама фермерская справа ніколі не прыцягвала юнака… ды ён і не падобны быў на сапраўднага фермера. Нават знешне. Худы, цыбаты, блізарукі.
Жанчына, падаўшы на стол, застыла побач, не зводзячы любячых вачэй з мужа.
- Сядай, Мэры! – сказаў той і, узяўшы жанчыну за руку, асцярожна прыцягнуў да сябе. – Сядай побач!
Жанчына паслухмяна села.
- Смачна? – ціха спыталася яна, гладзячы мужа па руцэ.
- Вельмі! – сказаў фермер. – Ты ў мяне малайчына, Мэры!
Жанчына аж засвяцілася ад радасці. Яна хацела штосьці сказаць, але ў гэты час дзверы расчыніліся і ў пакой увайшлі пяцёра ў форме ахоўнікаў ФІРМЫ.
Жанчына адразу ж ускочыла з месца, фермер таксама ўстаў.
- Чым абавязаны? – спытаўся ён, стараючыся гаварыць як мага спакайней, але сэрца ягоная адразу ж моцна застукала ў нейкім нядобрым прадчуванні.
Адзін з ахоўнікаў, з нашыўкамі капрала, выйшаў наперад.
- Фермер Нікаля Сарджэн? – спытаўся ён даволі ветлівым тонам. – Гэта вы?
- Так, гэта я! – адказаў Сарджэн, адчуваючы, як трывога ўсё мацней і мацней ахоплівае яго. – А ў чым, уласна кажучы,справа?
- Справа ў тым, - сказаў капрал, кінуўшы хуткі погляд на спалоханную жанчыну, якая стаяла побач з фермерам, - што ваша рабочая жонка ўяўляе рэальную пагрозу, як вам асабіста, так і ўсяму нашаму грамадству ў цэлым! Вядома ж, ніякай вашай віны ў гэтым няма, больш таго, ФІРМА гарантуе паўнацэнную замену ў самы бліжэйшы час разам з даволі значнай грашовай кампенсацыяй.
Ён змоўк. Нікаля Сарджэн таксама маўчаў… і, вядома ж, маўчала жанчына, наўрад ці зразумеўшая хоць што-небудзь з такой працяглай фразы. А, можа, і зразумеўшая, хто ведае…
- Узяць яе! – скамандаваў капрал сваім падначаленым і тыя, усе ўчатырох, рушылі да жанчыны.
- Не дам!
Засланіўшы сабой жонку, Сарджэн адпіхнуў рукамі бліжэйшага ахоўніка. Дакладней, ён паспрабаваў гэта зрабіць, але ахоўнік нават не пахіснуўся. Высокі і плячысты, ён здзіўлена паглядзеў на фермера, які зусім не выглядаў фермерам, потым перавёў погляд на свайго непасрэднага начальніка.
- Паслухайце… - сказаў капрал даволі дабразычліва. – Вы ж разумны чалавек і павінны разумець, што…
- Не дам! – зноў выкрыкнуў Сарджэн, увесь трасучыся аб гневу і трывогі. – Пайшлі прэч адсюль, мярзотнікі!
Ахоўнікі нават не скрануліся з месца.
- Гэта загад ФІРМЫ! – у голасе капрала прарэзаліся першыя сталёвыя ноткі. – Калі ласка, адыйдзіце ўбок і не перашкаджайце нам рабіць сваю справу!