Нейкі час усе трое маўчалі. Ліўскі нервова барабаніў пальцамі па краю стала, Скрайф, чырвоны і надзьмуты, глядзеў кудысьці ўніз, на свае чаравікі. Холін таксама паглядзеў на свае, і ўспомніў раптам, што сёння раніцай забыўся загадаць жонцы паваксаваць іх. Трэба будзе не забыцца сказаць аб гэтымвечарам.
- Ну, што ж, - парушыў, нарэшце, агульнаемаўчанне Ліўскі. – З меркаваннем Скіна я ўжо азнаёміўся. Хацеласяб паслухаць вашы меркаванні, Максіміліян. Толькі не трэба паўтараць тое, што я ўжо ведаю! А ведаю я шмат: і пра смерць фермера, і пра загінуўшых рамонтнікаў… і пра ахоўнікаў таксама… Скажыце лепш: вы ўпэўнены, што гэтая жанчына таксама загінула?
Холін чакаў менавіта гэтага пытання і адказ на пытанне ў яго ўжо меўся. На жаль, у гэтым адказе многае не задавальняла нават самога Холіна, і ён ведаў: начальству гэты ягоны адказ таксама будзе вельмі не даспадобы.
- Калі ахоўнікі ўвайшлі ў дом, - пачаў ён, - там раптам пачалася страляніна...
- Ахоўнікаў было восем? – нечакана перабіў Холіна Ліўскі. – Я не памыліўся?
- Ахоўнікаў было дзесяць. – Холін адкашляўся. – Але двое, згодна з інструкцыяй, засталіся каля кацера, так што вы не памыліліся: іх і сапраўды было восем…
- А потым будынак раптам узляцеў у паветра? – не спытаў, а хутчэй канстатаваў гэты факт Ліўскі. – Разам з усімі ахоўнікамі?
- І з жанчынай! – падаў голас Скрайф. – Не забывайце, яна таксама загінула разам з усімі!
Але Ліўскі нават не павярнуў галаву ў ягоны бок. Ён глядзеў на Холіна, уважліва глядзеў.
- Вы таксама лічыце, што яна загінула, Максіміліян?
- Не, я так не лічу! – сказаў Холін. – Гэта было б занадта… занадта проста!
Нейкі час усе маўчалі.
- Не зразумеў! – сказаў Ліўскі. – Занадта проста… што гэта значыць?
- Занадта проста для “дзікай кошкі”, сэр!
І зноў нейкі час у памяшканні панавала поўнае і даволі напружанае маўчанне.
- Ты хочаш сказаць, што яе ўжо не было ў доме, калі туды ўвайшлі ахоўнікі? – недаверліва спытаў Скрайф. – З кім жа тады ахоўнікі вялі бой?
Холін паціснуў плячамі.
-Аб гэтым мы ўжо ніколі не даведаемся. Магчыма…яны стралялі адзін у аднаго…
- Адзін у аднаго! – Скрайф недаверліва хмыкнуў. – Ну, трэба ж!
- Гэта жарт? – спытаў Ліўскі холадна. – Вы, Холін, любіце так жартаваць?
Замест адказу Холін толькі зноў паціснуў плячамі.
- Холін ніколі не жартуе, Том! – сказаў Скрайф. – Гэта не ў яго правілах. Але ён можа памыляцца, як і ўсе жывыя людзі. Вось і зараз ён проста ўбіў сабе ў галаву аб нейкіх амаль звышнатуральных магчымасцях гэтых самых “кошак”, і таму памылкова лічыць…
- Магчыма, я і на самой справе памыляюся! – перабіў свайго непасрэднага начальніка Холін, пры гэтым нават не зірнуўшы ў ягоны бок. – Я сам буду толькі рады, калі гэта так! Калі ж яна ўсё ж жывая…
- І што тады? – з насмешкай спытаў Скрайф. – Чым ты хочаш нас запалохаць, Холін? Адной-адзінай жанчынай, якая, калі яна нават цудам і засталася ў жывых, зараз хаваецца дзесьці ад…
- Памаўчыце, Скін! – Ліўскі узняў руку. – А вы, - звярнуўся ён да Холіна, - працягвайце! Мы вас уважліва слухаем!
Холін кінуў хуткі погляд на сцяўшага зубы Скрайфа, потым крыху памаўчаў, збіраючыся з думкамі.
- Паспрабуем зыходзіць з той, хоць і невялікай долі верагоднасці, што яна ўсё ж нейкім чынам засталася жывой, - пачаў ён. – Што тады?
- Што тады? – машынальна паўтарыў Ліўскі і, спахапіўшыся, дадаў: – Працягваеце, Максіміліян, я вас уважліва слухаю!
- Я працягваю. Са слоў Свенсана нам вядома, што яна забіла Каратышку…
- І Леслі! – напомніў Скрайф. – Каратышку і Леслі!