Я сядзеў на кухні ўжо трэцюю гадзіну, машынальна калупаў пазногцем падцёкі фарбы знізу падаконніка і пазіраў у акно на такую блізкую і такую недаступную мне сонечную раніцу. А госць тым часам мыўся. 3 паўгадзіны ён, крэкчучы ад асалоды, шлёгаў сябе венікам, які прынёс з сабою ў сумцы. Яшчэ з паўгадзіны рабіў кантрастны душ — шум вады то заціхаў, то ўзмацняўся, а з ванны даносіліся крыкі, ад якіх я ўздрыгваў:
— Ух! Ах, ты! Гарачая пайшла! А цяпер халодная!
Потым ён спусціў ваду, напоўніў ванну свежаю і (мне так уяўлялася) пачаў ныраць. Ён станавіўся на край ванны, нейкі час набіраўся, відаць, адвагі і раптам, са страшэнным плёханнем, усім целам кідаўся ў ваду. Нарэшце, калі я ўжо адчаіўся спадзявацца, што гэтаму настане канец, усё сціхла. Госць паявіўся на кухні, вясёлы, распараны, захутаны ў мой любімы, жоўты ў сінія гарошыны, махровы ручнік.
Пакуль я выбіраў анучаю лужыны ў ваннай, папраўляў скручаны дарэшты кран, госць стаяў у дзвярах за маёй спінаю і казаў:
— Я дзе ні быў у гасцях, ніколі яшчэ нікога не пакрыўдзіў. Свіння той, хто чужы час не цэніць. Я ж разумею. Галоўнае — паважай людзей, тады і цябе будуць паважаць. Правільна?
Вярнуліся на кухню.
— Гарбаты? — спытаў я, ставячы на пліту чайнік.
— Гарбата само сабою, — ён хітравата падміргнуў мне. — А ці ведаеш ты першае правіла Суворава? Пасля лазні хоць украдзь — ды выпі.
— Але… у мяне няма. Пусты халадзільнік, можаце самі паглядзець. I ўвогуле…
— Хіба магазін далёка?
— Добра, — сказаў я. — Давайце грошы.
Ён вінавата закашляўся:
— Якраз з грашамі… кх-кх… праблемы…
— Добра. У мяне ёсць. Я выканаю ваша «сувораўскае» правіла. Але абяцайце, што вы… не будзеце доўга! Я не чакаў гасцей! У мяне свае планы.
— Ды Бог з табою! Што ж я, сам не разумею? Пасяджу і пайду.
Калі я вярнуўся з крамы, госць прыняў з маіх рук сумку.
— Ану, што ў нас тут? — пачаў выкладваць на стол каўбасу, яйкі, памідоры. Адкаркаваў пляшку піва, адглынуў. — Рыбкі не здагадаўся купіць? — з дакорам упікнуў. — Ну, нічога… Піва, гарэлка… А дзе ў нас чарачкі? Ды сядай, што ты стаіш, як бедны сваяк! — запрасіў ён.
— Я не буду. Катэгарычна.
— Як хочаш. Мне больш дастанецца.
Я прыстроіўся на сваім месцы каля акна і панура калупаў фарбу знізу падаконніка. Госць, смачна крэкнуўшы, выпіў чарку гарэлкі, закусіў, лыкнуў піва.
— Цёплае, халера… Дык не будзеш?
— Не.
— А што ў цябе за такая пільная праца, што так гарыць?
— Мы хіба на ты? — толькі цяпер заўважыў я.
— Ды кінь — свае людзі! Якія цырымоніі… Не люблю. Чужым толькі на «вы» кажуць, а да свайго — непавага. Дык што за работа ў цябе?
Я не паспеў схлусіць, адказаў:
— Пісаць, напрыклад… рэцэнзію, — і чамусьці пачырванеў.
— Важны занятак!.. Так, слухай мяне. Цягні ручку, паперу, сядай збоку і толькі паспявай запісваць. Такога надыктую — ахнуць усе!
— Я вам хачу нагадаць… Вы абяцалі… крыху хутчэй! — голас мой сарваўся на фальцэт.
— Абяцаў — значыць, выканаю. Пачакай хвілінку…