Меер расказваў — узарваўся газавы балон, веранду літаральна разнесла ў трэсачкі, потым за якую гадзіну, калі Мееру верыць, роўны споры агонь у такую сухмень злізаў хату, і драўляны гараж з машынаю, і куратнік, і хлеў з кабаном; толькі і ўратавалі, што дзяцей, ды з маёмасці — вясельны фотаальбом, прагарэлую на дзіркі коўдру і дзве патэльні.
Меер асабліва чамусьці ўпіраў на кабана як на самую важную дэталь, расказваў, як на ім жывым гарэла шчэць, на ўвесь двор пахла свежыною, ледзь не шашлыком (загаворваўся Меер), кабан нема, па-чалавечы крычаў, і так і згарэў зажыва, а на двор не выйшаў.
— Не выганіш ніколі скаціну ў пажар!
Пасяліліся пагарэльцы ў Меераў у старой хаце, маленечкай, уціснутай у зямлю халупіне, што стаяла ля самых агародаў, у глухім кутку двара, і служыла для розных гаспадарчых патрэб — пад хлеўчык, клець, склеп… Адзінае яе падслепаватае вакенца аддалёк — цераз увесь двор — з зайздрасцю пазірала на вуліцу, а з другога боку, за глухой сцяной адразу пачыналіся грады.
Неяк мы гулялі ў карты на выгане. Жнівеньскі дзень скончыўся, сонца села за хаты, прайшлі каровы з пашы, сыта і стомлена рыкаючы, але на выгане было яшчэ светла, толькі цені ад платоў, дрэў, ад калодзежа ўвачавідкі выцягваліся, і там, у гэтых ценях, трава цямнела, станавілася вільготнай ад расы і пачынала пахнуць, як толькі што скошаная. Падруліў на веласіпедзе Юра Меер; твар яго хітра, загадкава свяціўся.
— Гуляеце? Ну, гуляйце. А я пайду кіно пагляджу…
— Якое кіно?
Замест адказу ён падпёр спінаю веласіпед і ўзмахнуў адначасова дзвюма рукамі, нібы адштурхоўваўся лыжнымі палкамі.
— Вось такое.
Там, у хатцы, растлумачыў ён, знізу, дзе страха падшыта, выцягваецца даволі шырокая дошка — акурат пралезці, і шчылінка ў столі, над самым ложкам…
— …Лягай і глядзі сабе, усё відно, як у тэлевізары, нават і лепш…
— Ды не брашы ты!
— А калі я брахаў?
Уміг уявілася яго сястра Валя, гэтая зграбненькая, ладненькая беларуская немачка, бачылі ўжо неаднойчы, як па ваду хадзіла, у агародзе ракам калупалася… А тут так жвава, так заманліва паўстала перад вачыма ў іншым ракурсе!
Самы галоўны з нас, самы дужы, разумны і справядлівы, Анатоль, рашуча прапанаваў:
— Вось што, не я адзін — усе злазім. Па чарзе.
Меер замуляўся, з жалем прыцмокнуў языком — маўляў, і рад бы, ды не так ўсё проста.
— Бачыце, я гэта адкрыў… Гэта ж як-ніяк мая хата… І мая сястра… Так што, хлопцы, задарма цяпер дурных няма…
На ўсялякі выпадак ён ужо асядлаў веласіпед і трымаў нагу на педалі, каб у выпадку чаго ірвануць з месца.
— Што ты хочаш? — спытаў Анатоль.
— Грошы… Рубель за сеанс.
— Рубель?!
— Ну ты і!..
Аблізваючы сухія вусны, пазіраючы на яго ледзь не з нянавісцю звужанымі вачыма, Анатоль працадзіў:
— А калі я зараз пайду і скажу? Табе ж разам з дошкай галаву прыб’юць!
— Паджалуста. Ідзі. Кажы. Тады нікому не будзе. Ні мне, ні табе, ні дурной галаве, — спакойна закончыў Меер яшчэ адной сваёй дзіўнай прымаўкай.
— Ну што ж — абыдземся без цябе! Самі палезем…
— А тады я пайду і скажу. Вы мяне ведаеце. І заб’юць дошку. Ці самі здагадаюцца… Пойдзе дождж, пацячэ вада…
І праўда што. Маглі ж тую дошку і шчыліну і без нашай ці Мееравай падказкі ўгледзець. Пакуль суха, трэба карыстацца момантам.
— А калі я табе дам на ўсе гэтыя дні матацыкл? — збавіў абароты Анатоль.