Азіевіч трохі працверазеў ад халоднай зямлі і начнога туману. Падняўся, пайшоў, хістаючыся, у хату. У хаце яшчэ гарэла святло. Настаўнік сядзеў, як і сядзеў, на сваёй табурэтцы, глядзеў перад сабою. Чуўся голас Лены; мабыць, усё не магла супакоіць малую.
Настаўнік падняў галаву, убачыў скрываўленую руку госця — Азіевіч так і зайшоў у хату, прыціскаючы да раны траву.
— Пасядзі, зараз ёд прынясу, — азваўся неяк вінавата. Выйшаў, вярнуўся з бінтам, ёдам, перавязаў руку. — А цяпер кладзіся спаць, — і правёў Азіевіча, памог яму распрануцца і выйшаў.
Назаўтра, у нядзелю, прачнуўшыся, Азіевіч сеў на ложку і паспрабаваў успомніць, што ж учора адбылося. Не ўспомніў. Ведаў толькі, што ўчварыў ён нешта гадкае, а што — хоць забі, не мог узяць у толк. 3 Ленаю штосьці? Магло быць… 3 настаўнікам пабіўся? Было нешта… Рука забінтаваная… Ён развязаў бінт, глянуў — зусім маленькая драпіна, засохла ўжо.
Так і не ўспомніўшы, Азіевіч, аднак, цвёрда ведаў — больш яму тут заставацца нельга. Трэба ехаць. Зараз жа. А як развітацца? Хоць праз акно вылазь!..
Толькі дарэмна ён баяўся. Калі, як шкадлівы кот, ён адважыўся высунуцца са сваёй баковачкі і прытупаў у меншую хату, яго ўжо зноў чакаў сабраны свежымі закускамі стол і слоік самагону. Лена сказала яму «добрай раніцы» і падала чысты ручнік. Азіевіч выйшаў на двор, халоднай свежай вадой з рукамыйніка абліў твар, вярнуўся ў хату. Неўзабаве, кульнуўшы пару чарак самагону, ён зусім асвойтаўся, асмялеў і пачаў расказваць, як сёння акурат пад вечар прыедзе ў Мінск, памяняе «баксы», зловіць «таксоўку» і «закаціцца ў „Сосны“»…
— Пабылі б яшчэ, — папрасіла Лена.
— І на рыбалку не схадзілі, — падтрымаў яе настаўнік, чамусьці адводзячы вочы.
— Не, даруйце, не магу! — Азіевіч ужо ўяўляў сябе ў «Ікарусе», як сядзе каля акна, ды яшчэ каб студэнтка знайшлася ў спадарожныя. Дурань, плэер не ўзяў!
Паснедаўшы, падзякаваў, пацалаваў Лене ручку. Настаўнік сабраўся яго праводзіць. Толькі малую ніяк не змаглі прымусіць падысці развітацца з дзядзькам — баранілася, ціснулася да маці.
Пайшлі. Каля веснічак настаўнік спыніўся і ляпнуў сябе далоняй па ілбе.
— Пачакай! — пабег, вярнуўся, пачаў піхаць Азіевічу нешта закрчанае ў газету. — Вазьмі, тут пару ляшчоў сухіх, карп, у Мінску, з півам…
Азіевіч узяў.
— Слухай, — спытаў ён, — што я ўчора рабіў? Забі мяне — нічога не помню.
— Ды забудзь! — горача загаварыў настаўнік. — Нічога ты не рабіў! І прашу — прыязджай, калі зможаш, калі захочаш! Добра? Ты ж ведаеш, як Лена, як я да цябе… Малая таксама…
Тут настаўнік змоўк, прыслухоўваючыся.
— «Баранавічы» — «Жытомір», — сказаў ён і зірнуў на гадзіннік.
Азіевіч паабяцаў абавязкова прыязджаць яшчэ, папрасіў далей яго не праводзіць (настаўнік паслухаўся), і з пакункам пад пахаю пайшоў сабе да блізкага аўтобуснага прыпынку.
Без назвы
Мы сядзелі ў дворыку на лаўцы пад дзвюмя старымі ліпамі, з якіх, кружачыся, адзін за адным зляталі пажоўклыя лісткі. Імі быў усланы амаль увесь невялікі дворык. Позняя восень, але дзень стаяў пагодны, сонечны, ціхі. У такія дні, ды яшчэ калі выхадны, як сёння, асабліва востра адчуваеш адзіноту — таму я і прыцёгся з другога канца горада да сябра. Мы выпілі, закусілі, а цяпер вось сядзім у дворыку — выйшлі пагаманіць, пакурыць, пагрэцца на сціплым сонцы, якое ў любы момант можа зацягнуцца хмарамі… Восень!..
— Скажы, калі ласка, — спытаў я, — як табе ўдалося знайсці такую жонку? Не крыўдуй толькі — але якая вы пара? Яна, нарадзіўшы двух дзяцей, выглядае як старшакласніца. Такая красуня, статная, усмешлівая, ласкавая… Яна, урэшце, вышэй за цябе ростам. Яе можна за дачку тваю прыняць, бо ты выглядаеш старэй. Чым ты мог яе заваяваць?
Сябар ані не пакрыўдзіўся. Ён асцярожна здзьмухнуў попел з цыгарэты і сказаў:
— Усё вельмі проста. Да банальнасці. Я не кідаўся з-за яе ў агонь, не выцягваў з вады, не абараняў ад хуліганаў. Сышліся мы дзякуючы адной гісторыі, але настолькі простай, што ты будзеш расчараваны.
— Расказвай.
— На самой справе не я за яе, а яна за мяне старэйшая. Я вучыўся на першым курсе універсітэта, яна — на апошнім. Жылі ў інтэрнаце. Пазнаёміліся на нейкай вечарынцы, я быў крыху п’янаваты ну, і набраўся смеласці, запрасіў танцаваць самую прыгожую, самую рослую дзяўчыну. Зрэшты, і я тады быў не самы горшы… Але зусім ні на што не спадзяваўся. Усё ж запрашаю, мы танцуем, потым выпіваем, і, карацей, раніцай прачынаемся ў маім пакоі ў адным ложку. Яна, напяваючы, ідзе ў душ. Затым спакойна развітваецца і знікае. А мне, адчуваю, фініш. Ніколі ў жыцці так цудоўна, як з ёю, не было і, ужо цвёрда ведаю, не будзе. Закаханы? Не тое слова! Ды і не раскажаш такога. Адно хіба — зразумеў тады, як і ад чаго людзі захворваюць, і труцяцца, і рэжуць вены… Дні праз тры заходжу да яе — яна, на шчасце, адна ў пакоі. Сядзіць за сталом перад касметычкаю, паклаўшы нага на нагу. Я заходжу і з парога заяўляю: «Давай пажэнімся. Я без цябе не магу».
«Дарагі мой, — спакойна адказвае яна, седзячы бокам да мяне. — Давай зробім так. Мы будзем сябраваць, будзем, калі я таго захачу, нават спаць разам. Але пра ўсё іншае, пра жаніцьбы і таму падобнае, што можа нас звязаць, — забудзь! Не хачу нічога ні тлумачыць, ні апраўдвацца, скажу шчыра і коратка: я цябе не кахаю. Але я здаровая, мне хоць бы фізіялагічна трэба жыць з мужчынам, і ты якраз для гэтага падыходзіш. Ты чысты, акуратны, педантычны; акрамя ўсяго я ведаю, бачыла, як табе спадабалася са мною, і мне ад гэтага прыемна, вядома».
Людзі панавыдумлялі розных афарызмаў на ўсе выпадкі жыцця; напрыклад, «чаго хоча жанчына, таго хоча Бог». І мне нічога не заставалася, як суцешыцца гэтым і рабіць так, як яна хоча. Пачынаецца нашае «сяброўства». Паводле яе інструкцыі. Я чакаю яе з заняткаў, мы ходзім у кіно, у тэатры і на розныя вечарыны-дыскатэкі. Зрэдку спім разам. I нічога не мяняецца! Яна якой была, такой і засталася. А я… Пасля кожнай ночы з ёю — бы не на гэтым свеце, сэрца калоціцца, пот прабівае і проста ўздрыгваеш ад салодкага жаху і захаплення, калі раптам успыхне перад вачыма якаясь інтымная дэталь… I паралельна — пастаянны страх, што час бяжыць, хутка размеркаванне і паедзе мая «баскетбалістка» невядома куды, і забудзе мяне праз тыдзень, бо не можа такая дзяўчына адна быць, проста не дадуць!
У такіх выпадках звычайна як? — звычайна жанчына пасля інтымнай блізасці імкнецца выйсці замуж, а мужчына адкручваецца, — а ў нас усё наадварот. Самае крыўднае, горкае, па вачах яе бачу — не хлусіць, сапраўды не кахае, проста падгульвае са мною, як хлопец з дзяўчынаю падгульвае, каб пасля кінуць.
Неяк прыходзіць маёй дзяўчыне сумная вестка: памерла яе бабуля. Трэба ехаць на пахаванне ў другі горад. Яна паехала. А я, застаўшыся адзін, не знаходжу месца. Туляюся па пакоі з кутка ў куток. Вучоба даўно закінута, усё запушчана. На заняткі не йду, а надумваюся памыць бялізну. Звычайна я складваў яе ў цэлафанавы пакет: розныя шкарпэткі, насоўкі, майкі… Трусы, прабач. I вось я замочваю ўсё гэта, белае з белым, каляровае з каляровым. Замочваю, вымываю, кіпячу белае ў адбельніку, потым выпаласкваю ў халоднай вадзе… I, калі, насуха выкруціўшы ўсё, пачынаю развешваць на вяроўцы ў душы перад гарачай трубою, заўважаю, што адны трусікі — не мае. Яны больш тонкія і з рознымі карункамі. Я стаяў і тупа глядзеў на іх. Канечне, нічога асаблівага ў тым не было. Падумаеш! Сорамна, дык проста здымі ды выкінь. Але, паўтаруся, я быў закаханы да вар’яцтва. Самая нязначная драбяза, любая рэч, якая належала маёй «баскетбалістцы», здавалася мне ледзь не рэліквіяй, ледзь не святыняй, а тым больш такая далікатная штука, як тая, што машынальна вымыў.
Хлопец, які мые жаночыя трусікі — што можа быць больш смешным, больш вартым пагарды?! Да таго ж, яна можа падумаць, што я зрабіў гэта знарок, каб падлізацца, паказаць, якім я магу быць «добрым мужам»…