— І думаць забудзьце! — раптам закрычала маці. Пятрок ажно спалохаўся, а потым зразумеў, што за гэтай сярдзітасцю маці стараецца прыхаваць свой страх за свякруху і шкадаванне яе. — Вас, старых, каго ні паслухай, дык у таго рак, у таго рыба! Менш унушайце сабе!
— Не, донечка. Баліць жа. Чаму ж я і п’ю… А да доктара страшна ісці… баюся… Пакуль не ведаеш, лягчэй, а як пацвердзіцца… Пацярпі, мілая донечка, не трымай зла, даруй за ўсё, і ты, унучак, успамінай бабу Домну…
Маці абняла яе.
— Вы мне радней за матку — ніколі не бачыла лепшай душы…
— Марку свайму, як вернецца, грошы не паказвай — ты ведаеш, які ён. Пакладзі на кніжку і здымай патроху. І дом я на цябе адпісала. Будзе ў вас тая кватэра, ці не будзе, а дом ёсць дом, ды яшчэ ў такім залатым месцы… Ён вякі прастаіць. І грошы ў цябе будуць, і дом — толькі яго не кідай…
— Не кіну.
І расчуліліся, зашморгалі насамі, прыгарнуліся адна да адной, навек аб’яднаныя непуцёвым мужчынам.
11
У школе Пятрок усё стараўся разгадаць яе правілы і вывесці з іх якісьці закон.
Аднаму настаўніку, заўважыў ён, падабаецца дысцыпліна — ну і будзь такім, ціхім, уважлівым, сядзі смірна. Другі, наадварот, хацеў актыўнасці — калі ласка, у меру варушыся, падымі руку і спытай, ужо табе плюсік. Трэці любіў маўчуноў, і Петрык нават калі ведаў урок, перад усімі не высоўваўся.
Стараннасць яго не прапала. Хутка яго заўважылі, пачалі хваліць і нават ставіць у прыклад іншым.
— Ох ты і спрытнюга! — уражваўся Тамаш Капора. — Адно слова — хітруган!
Сам Тамаш за ўсю доўгую восень так і не навучыўся чытаць нават па складах. Табліца множання таксама не давалася яму. Да таго ж у яго была тая самая праблема, што і ў Петрыка напачатку: ён ніяк не мог зразумець арфаэпіі — чаму ў літар розныя гукі? Напрыклад, чаму эс, але пэ? — і ўпарта трымаўся толькі аднаго варыянту: «эк, эл, эм, эн, эп…»
Трэцякласніца Галька апекавалася імі, забягала на перапынках, прыносіла яблыкі, цукеркі, коржыкі, дзяліла пароўну, пыталася, як вы тут. На галаве ў яе былі два прыгожыя «хвасты» і на канцы кожнага па белым матылі касніка.
— А ты чаму такі няздатны? — упікала брата. — Паглядзі, як Петрыка ўсе хваляць.
— Ага — яму добра, ён хітры! — апраўдваўся Тамаш.
— А ты чаму не хітры?
— Сама ведаеш, чаму…
Яшчэ раней, адразу пасля першых паездак да дзядзькі Стаха, Петрык на перапынках пачаў круціцца каля настаўніцкай. Неўзабаве ён вылічыў Леаніда Міхайлавіча, і потым, дзе б той ні трапляўся яму на вочы, спадцішка разглядаў яго. Настаўнік быў падобны на маладога Змітрака Бядулю, партрэт якога Петрык бачыў дома ў кніжцы пра маленькіх дрывасекаў і пяць лыжак заціркі: такі ж сімпатычненькі, кучаравы, губаценькі і з выпуклымі, добрымі і сумнымі вачыма. Леанід Міхайлавіч насіў джынсы і кароткую скураную куртку. Яму было гадоў дваццаць пяць. Знешне зусім не страшны! А па характары? Бацька-мяснік у запэцканым крывёю фартуху і са шчарбатай сякерай у руцэ па-ранейшаму маячыў за спінай сына-настаўніка.
Неяк перад Новым годам Пятрусь бег з буфета на ўрок, у клас, пазіраў пад ногі — і наляцеў на маладога настаўніка, проста галавой яму ў жывот. Леанід Міхайлавіч аж войкнуў. Падняў указальным пальцам Петрыка за падбародак:
— А я цябе недзе бачыў. Ты ў мікрараёне бываеш?
— У дзядзькі Стаха… Гэта мой родны дзядзька.
Настаўнік узяўся за скроні, потым за лоб, і вочы заплюшчыў.
— Уяўляю! — прамовіў упалым голасам.
З таго часу, калі сустракаліся ў калідоры ці на двары, Леанід Міхайлавіч заўсёды лавіў Петрыка за рукаў ці за плячо.
— У дзядзькі быў?
— Быў…
— М-мм… Не крыўдуй, але твой дзядзька… Гэта проста хоць рэж мяне, хоць еж мяне. Уяўляю!
Пятрусь добра разумеў, чаго Леанід Міхайлавіч баіцца: што языкасты, балбатлівы дзядзька плявузгае пра яго сям’ю, а Петрык будзе разносіць гэта па школе. Але Петрык трымаў рот на замку, да таго ж меў смірныя паводзіны, добрыя адзнакі, аб чым, канечне, Леаніду Міхайлавічу хутка стала вядома, і настаўнік адразу павесялеў, і пры сустрэчах пачаў пытаць ужо не пра дзядзьку, а проста: як жывеш? што чытаеш? чым цікавішся? Зваў яго Леанід Міхайлавіч коратка і прыгожа — Піт. Паміж імі нават узнікла нейкая сувязь, як у людзей, у якіх ёсць агульны сакрэт.
— І тут ты пралез, — канючыў назіральны Тамаш Капора. — Усіх абвёў вакол пальца! З настаўнікамі сябруеш… Хіцёр Зміцёр!