Дзядзька Стах з жонкай цёткай Таняй жылі ў трохпакаёўцы. Адзіная іх дачка Лена вучылася ў Мінску на доктара. Для яе бацька будаваў яшчэ адну такую ж трохпакаёвую кааператыўную кватэру, але ўжо ў «цэнтры» (як для слабадчан чароўным словам было «мікрараён», так для жыхароў мікрараёна — «цэнтр»). А пакуль жылі ў сваёй шыкоўнай, прасторнай кватэры ўтрох: дзядзька Стах, цётка Таня і Ціша, сучачка з гладкай поўсткай, крывымі лапкамі, лупаценькая, з вусікамі. Спала яна на канапцы, куды, растаўсцелая, не магла ўзабрацца, тады азіралася, просячы дапамогі, і яе падсаджвалі. Ела з асобнай міскі, а то і з гаспадарскай, за сталом, калі дзядзька Стах браў яе на калені. Выгульвалі яе мала, у асноўным яна сядзела на падаконніку, пазірала ў вакно і тапырыла вусікі.
Маці вучыла Петрыка прыглядацца, запамінаць — а што тут было прыглядацца? Толькі пазіраць і зайздросціць. Прыбіральня, ванна, балкон, кухня — усё ў адным памяшканні, і разам з тым ізаляванае. На падлозе дываны, на сценах дываны. Чысціня, ахайнасць. Мора вольнага часу — сядзі сабе за сталом і нічога не рабі. Цуд, а не гарадское жыццё!
Багатыя Стах і цётка Таня заўсёды прымалі бедных сваякоў — Петрыка з маці — гасцінна, але з паблажлівасцю.
— Ну, што новага? Хто памёр? — яшчэ з парога кожны раз пытаў Стах.
— Пакуль ніхто, — адказвала маці як бы крыху вінавата.
Цётка Таня працавала ў бальніцы медсястрою. І хоць цяпер, дома, ад яе нічым не пахла, Петрыку заўсёды чамусьці здавалася, што ўсё ж такі яна крыху пахне бальніцай, хлёркай і крухмальнай пасцельнай бялізнай. Цётка абдымала Петрыка, пры гэтым абмацваючы, — так, што дрыжыкі бегалі па скуры і рабілася шлакотна, уздыхала:
— Пусценькі… Не ўеты.
Яна ацэньвала чалавека не па адзенні, не па розуме, а па тым, наколькі ён тоўсты; ёй падабаліся людзі мажныя, поўныя, толькі па гэтым яна меркавала і пра цяперашні дабрабыт чалавека, і пра яго будучыню.
Дзядзька Стах таксама мацаў Петрыку жывот, а потым, задзіраючы майку, паказваў для параўнання свой, які ён называў «мамончык».
— Во які мамон трэба каб быў! — і ляпаў сябе па жываце.
Цётка Таня напаўняла ванну. Петрык распранаўся, сцінаючы плечыкі, папіскваючы, нібы не ў гарачую ваду трэба было ўваходзіць, а ў халодную, увальваўся ў глыбокую ванну з галавой. Якая блакітная вада! Якая прыемная расслабленасць ва ўсім целе! Ён мог тут ныраць, мог ляжаць на спіне, не дастаючы дна, мог адштурхоўвацца нагамі ад аднаго краю, а рукамі ад другога — і так плаваць узад-уперад. А далей была яшчэ большая прыемнасць, калі маці захутвала яго і выцірала калючым махровым ручніком, ад чаго цела рабілася лёгкім, чыстым, пругкім…
Потым сядалі за стол. І тут у Петрыка вочы разбягаліся. Вэнджаная рыба з белым слоем тлушчу — з Латвіі прысылаў цёткі Танін брат; катлеты, і каўбаса, і галубцы, і з прывезенай імі свежай гародніны — вінегрэт і салаты… І гэта ў будні дзень, без аніякага свята. Дзядзька Стах наліваў сабе віна, перад тым, як выпіць, пытаў у Петрыка:
— Ты ведаеш, колькі тут калорый? Больш, чым у катлеце!
Цішу ён трымаў на каленях. Яна лезла мордачкай ва ўсе міскі, да якіх магла дацягнуцца, ніхто на яе не гыркаў, ёй дазвалялася за сталом тое, што і людзям.
— Ну, бачыш, як я жыву? У мяне ўсё! А ў кулака?
— Бачу, Стахвейка… Такія харомы… Каму яны застануцца? Лена замуж выйдзе, пабудуеш каператыў… А тут? Кватэра вялізная… Мо на сваю Цішу перапішаш? — няўмела жартавала маці. — А мо і майму Петрыку, твайму роднаму пляменніку, перападзе на долю…
На што цётка Таня адказвала:
— Ат, тыя кватэры… Абы голаду не было. Без кватэры можна пражыць, а не паеўшы — не пражывеш.
А дзядзька Стах казаў:
— Ах ты мая Ціша! Ах, ха, ха, — або, каб перавесці гутарку з кватэрнага пытання, проста тыркаў пальцам у тэлевізар. — Ясір Арафат! Цалавацца ў Маскву прыехаў! Я ж вас пацалую…
У кожным пакоі ў іх стаяў тэлевізар, і яшчэ адзін — маленькі — на кухні. Гэты куханны не выключаўся ніколі, і чамусьці заўсёды, у які б час Пятрок з маці не прыехалі, па ім паказвалі адно й тое ж: Палесціна, арабы ў сваіх стракатых хустках і без хустак, яўрэі ў ярмолках і з пейсамі і без ярмолак і без пейсаў; аб’ядноўвала іх тое, што і арабы, і яўрэі заўсёды былі аднолькава ўзбуджаныя, крычалі і махалі рукамі.
— Ніяк не супакояцца, — здзіўлялася цётка Таня. — І за што яны ўсё ваююць?
— За мір у Еўропе, — патлумачыў Стах.
— Ты яшчэ не гаварыў з настаўнікам? — нагадала маці. — Пра Петрыка? — яна хацела выцыганіць у багатага дзевера хоць нешта практычнае. — Памятаеш, ты казаў, настаўніка ведаеш.
— Хто? Я? Ды я яго яшчэ такога, як Петрык, памятаю, як аблупленага ведаю! Гэта ж мае суседзі! На адной лесвічнай пляцоўцы…
Петрык ужо бачыў тыя дэрмацінам абабітыя дзверы, за якімі жыў яго будучы настаўнік. Ведаў, што настаўніка завуць Леанід Міхайлавіч (Стах казаў проста — Лёнька, або Лейба), у яго жонка Лена, у іх дзяўчынка-немаўля. Яшчэ там жылі бацькі настаўніка: дзядзька Міша (Стах казаў — Мейша) — мяснік у гастраноме, і цётка Броня, хворая. Цётка Таня часта хадзіла мераць ёй ціск.
— Ты абяцаў з настаўнікам пагаварыць…
— З Лёнькам? Абяцаў — пагавару. Маё слова — браня. Не цяпер толькі, а гадоў праз пяць. Ён жа з пятага класа вучыць, фізіку… Ён, Лёнька, такі — ён паможа! Алене маёй памог, і Петрыку, пляменніку майму, паможа.
— А вы як з імі, добра жывяце? Не сварыцеся?
— Мы? З імі?! Ды душа ў душу! Яны мяне паважаюць — ты што! Броня хворая, ціск мераць трэба, Таню завуць… А так яны такія ж, як мы! Таксама хварэюць, працуюць, у гастраном ходзяць…