— Можа, ім прывезці што? Бульбачкі, яек, грыбоў… Дык перадаваць жа сорамна…
— Чаго? Прывязі — Таня перадасць. Толькі мяса не вязі — у іх хапае.
— А гуся?
— Ну, гуся можна.
— Вы ж хаця з імі не сварыцеся, жывіце дружна…
— А каго яны будуць зваць ціск мераць? — лагічна заўважыў Стах. — У нас дружба — ты што! — вадой не разліць! Я іду ў гастраном: «Міша, мне лапатку!» Ён выбера ўжо… Да грама адсячэ! Ён мяне навучыў мяса выбіраць, па пражылках: калі белыя — маладое, сінія — брак. У лазню разам ходзім — яны таксама ў лазню, як і мы, ходзяць — там, у лазні, і пазнаёміліся. А да таго жылі — і не ведалі, што суседзі. Неяк у лазні, у буфеце, я каньяк бяру, гляджу — Міша з гастранома! Я крычу на ўвесь буфет: «Міша!» Ён таксама п’е, як і ўсе. Ну, выпілі, ён пытае: «Вы яўрэй?» Я кажу — чаму, я нармальны чалавек.
Дзядзька Стах схапіў Цішу на рукі, прыціснуўся шчакой да мордачкі:
— Ах, ха, ха. Я, скажы, Ціша, нагмальная…
Смяяўся дзядзька Стах. Смяялася недалёкая цётка Таня. Пасміхалася, ківаючы галавою, прымушана і неяк нават як бы зусім нявесела, маці. А сама больш, сама шчыра смяяўся Петрык, уяўляючы, як Ціша гаўкае: «Наг! — мальная!» Цётка Таня паглядзела на гадзіннік:
— Ціша на вулку хоча? Гуляць пара Цішы?
Гэта быў ветлівы знак, што гасцям трэба варушыцца. Дзядзька Стах таксама сабраўся, каб заадно выгуляць Цішу і правесці гасцей. Калі выйшлі, Петрык яшчэ раз паглядзеў на суседнія, у ромбах, дзверы. Уявіў за імі хворую Броню, яе мужа-мясніка — вялізнага дзядзьку ў брудна-белым, з крывавымі плямамі фартуху, са шчарбатай сякераю ў руцэ… Бацька-мяснік трывала пераплёўся з сынам-фізікам, а гэта ўсё разам стварала даволі-такі страшнаваценькую карціну Петрыкавай будучыні.
Пятнаццатага лістапада Петрыку спаўнялася восем гадоў. Напярэдадні, за дзень, маці вырашыла з ім з’ездзіць да Стаха ўжо не ў ванну, а проста ў госці.
— Скажам, што дзень нараджэння заўтра… Мо зробяць падарунак, ці грошай дадуць… Бо ты ж ужо вялікі.
Да гэтага ніякія яго дні нараджэння не адзначаліся, ды так і не казаў ніхто — «дзень нараджэння», а казалі — імяніны. Петрык нават не памятаў дакладны дзень гэтых сваіх імянін, ведаў толькі, што яны позняй восенню, калі дэсэафаўцы перастаюць ездзіць на аэрадром і скакаць з парашутамі, грыбнікі знікаюць, калі неба імжыць дажджамі, а то і ранішнім прымаразкам аббівае лісце, — толькі адзінокі трактар вуркоча на полі, і нявядома, што ён там робіць, бо ўсё даўно зжата і прыбрана.
Маці зноў напакавала сумку, на гэты раз з разлікам на Стахавых суседзяў. Дзеля такога выпадку закалолі гусака, баба Домна абскубла, абсмаліла і палову акуратна ўкруціла ў чыстую марлю.
Дзверы адчыніў Стах. Ён пахістваўся, і ад яго несла віном. На Петрыкава з маці «добры дзень» адказаў:
— Чулі, Броню «хуткая» забрала?
На пытанне, дзе жонка, ён зноў адказаў пра Броню:
— Баяцца, што спералізуе. Я ж вас спералізую!..
— Дзе Таня, я пытаю?
Высветлілася, што Таня сёння ў начную змену. Распрануліся, сумку распакавалі. Нязвыкла было бачыць голы стол, на якім толькі пляшка віна і шклянка. Пакуль Петрык забаўляўся з Цішаю, якая хадзіла на задніх лапках, маці пачала заварваць гарбату, а дзядзька Стах сеў за стол і выпіў віна.
— Хто ў вас памёр?
— Усе жывуць, — стомлена сказала маці. — Вось восем гадоў хлопцу заўтра…
— Заўтра?!
Стах імгненна стаў сур’ёзны. Апусціў галаву, задумаўся. Потым сказаў:
— Годы сваё бяруць, — яшчэ падумаў крыху і паўтарыў: — Усё цячэ, усё змяняецца… Ах, ты мая Ціша.
— Малы… падарунка чакае.
— А я яго ў лазню, у парылку зваджу.
— Куды яго ў парылку, сэрца лопне, ён жа малы!
Маці з Петрыкам селі піць гарбату. Дзядзька Стах быў зусім развезены і нязвыкла маўклівы. Потым ні з таго ні з сяго ўспомніў пра «кулака» — брата Стэфана, і ўзарваўся: