«О! Я прыкладна так пра сябе і думаю».
Між тым мы дайшлі да яе пад'езда і я дапамог ёй падняцца па лесвіцы. І тут яна заплакала і нечакана прыцягнуўшы маю руку да твару… пацалавала яе…
Перад трагедыяй чалавечага болю тая культурная тэматыка, якой я звычайна займаюся, выглядае нейкай малазначнай, як быццам бы маленькая свечка перад цёмнай ноччу змрочнага боку чалавечага жыцця.
7 студзеня 2020
Калядная гісторыя пра суседзяў і ката. Чаму калядная? Ну хаця б таму, што пішу я яе на Каляды. Што да суседзяў, то ведаю я іх даўно. Гэта маладая пара з маленькім дзіцём. З імі звязаны розныя забаўныя здарэнні. Напрыклад, аднойчы я сустрэў суседку ў паўзмроку пад'езда. На ёй быў цудоўны макіяж закліканы надаць ёй выгляд жывёлы, на мой погляд, падобнай на гібрыд лісы і шакала. Паўзмрок, ціхія крокі… шакал.
— Я на карпаратыў, Жэня! — адразу ж паспяшалася растлумачыцца суседка. Добрыя тлумачэнні, але хіба яны могуць высушыць штаны.
Ну добра, наконт штаноў я пажартаваў.
Далей наступіла чарада вяртанняў. Гэта значыць, я вечна вяртаў суседзям забытыя ў дзвярах ключы. Я іду, у дзвярах тырчаць ключы, тук-тук, здрасце вам у хату, а вось і вашыя ключыкі. Ну і вось зусім нядаўна я сустрэў суседа ля пад'езда, павітаўся і, дайшоўшы да яго дзвярэй, выявіў, што яны прыадчынены. У кватэры нікога не было. І тут вось і выходзіць на сцэну кот. Дакладней іх было нават два. Але адзін з іх самастойна вярнуўся ў кватэру, другі ж затрымаўся на лесвіцы і жаласна выў. Я з пяшчотай паглядзеў на жывёлу і спытаў
— Ты адкуль тут узяўся, сволач?
Кот глядзеў на мяне сваімі вялікімі, выразнымі вачыма і… маўчаў. Я павольна працягнуў да звярка руку і пагладзіў яго, а той абнюхаў пальцы, пранікліва паглядзеў у вочы, але ўсё-такі злёгку адсунуўся. Было бачна, што яму вельмі хочацца мне давяраць, але ён не зусім яшчэ гатовы да блізкіх адносін.
Што мне было рабіць? Я ўзяў ката пад пахі і панёс дадому. Да яго дому. Вісець кату не вельмі спадабалася і ён занепакоіўся. Тады я падняў яго вышэй, разгарнуў і прыціснуў да сябе, а кот абхапіў мяне ўсімі лапамі і прыціснуўся яшчэ шчыльней, як немаўля, пры гэтым запусціўшы кіпцюры мне ў плечы.
«Ах ты тупая скаціна» — падумаў я.
Дайшоўшы да кватэры суседа я адкрыў яе і выпусціў свайго спадарожніка. Заставалася толькі больш шчыльна зачыніць дзверы і вуаля — аперацыя выратавання жывёлы са страшнага пад'езда завершана. Тут дарэчы якая-небудзь бадзёрая сентэнцыя аб стварэнні дабра на Каляды. Але я проста яшчэ дадам, што гэта быў страшэнна тоўсты кот, не менш за 8 кг. вагой. І кіпцюры ў гнюса таксама вельмі вострыя.
15 лютага 2023
Жыццёвая гісторыя. Нядаўна я ішоў на рынак Фарты, названы, дарэчы, у гонар імперскіх фартоў вакол горада, вядомых як Гродзенская крэпасць, ну і вось на падыходзе да рынку да мяне звярнулася дзяўчо гадоў 20, з кацянём на руках.
— Вазьміце кацянятка! — папрасіла мяне дзяўчынка.
Я цалкам праігнараваў прасіцельніцу і пайшоў купіць бульбачкі. Я часта купляю бульбачку на даволі вялікай адлегласці ад дома, а потым нясу гэтыя 3—4 кг. дадому, іду пешшу і ў хуткім тэмпе. О спорт — ты целы свет! Ну і вось я вяртаюся назад міма гэтай самай дзяўчынкі і яна не задаволіўшыся першай спробай зноў паўтарае сваю просьбу. Халера! Ну гэта ўжо занадта і я не стрымаюся. Я падышоў да дзяўчынкі. Як не складана здагадацца, я люблю ліцадзейнічаць і ў рэале. Я не толькі цалкам майстэрска валодаю голасам, але ў стане рабіць усякія тварыкі, наўрад цi на ўзроўні Дэніэла Дэй-Льюіса, але мне хапае. Ну і вось я з выглядам прыдзірлівага пакупніка, які капаецца ў бураках на рынку, адбіраючы больш круглыя, аглядаю з усіх бакоў кацянё, а потым паднімаю галаву і дзелавіта, цалкам сур'ёзным тонам, коратка пытаю:
— Смачны?
Бачылі б вы, што адбылося з дзяўчынкай. У яе на твары была неверагодная сумесь жаху, здзіўлення, недаверу і неразумення. У яе нават злёгку адкрыўся рот, ну вось як гэта звычайна паказваюць просценькія галівудскія ліцадзеі, калі адыгрываюць падобныя эмоцыі. Але я, вядома ж, не стаў доўга мучаць дзеўку і адразу ж засмяяўся і пагладзіў кацяня.
— Жартую!
— А-а-а! — дзеўка з палёгкай выдыхнула і таксама засмяялася, ну а я пайшоў дадому.
Мне заўсёды падабалася дражніць і разыгрываць дзевак. Натуральна, дасведчаны мозгазнаўца мог бы заўважыць, што так я як бы ўсталёўваю сваю ўладу над імі. Але лепш так, чым як многія мужыкі, якія праяўляюць уладу з дапамогай пабояў. Такое, на шчасце, я ніколі не практыкаваў. Спадзяюся дзеўка знайшла кацянятку дом. У крайнім выпадку я сапраўды магу яго з'есці… Жартую.
28 лютага 2023
Яшчэ крыху жыццёвых гісторый, і зноў пра дзеўку. Не так даўно я вырашыў раздрукаваць парачку фотак для інтэр'еру, ну і з гэтай мэтай адправіўся ў фотамайстэрню. Там мяне сустрэла рыжанькая дзяўчынка з незвычайным для Беларусі імём. Раней, як я памятаю, у фотастудыях часцей прымалі заказы нейкія шаноўныя мужыкі фатографы, але зараз, вядома ж, адны мілавідныя дзяўчынкі. Што ж, прынамсі вока цешыцца.
— У вас яна крыху не ў фармаце, — сказала мне «гарадзенская Ігрыт».
Дакладна! Я жэш памер і не падганяў.
— Ну, пакіньце там краі! — параіў я дзяўчынцы і яна паслухмяна пагадзілася.
Сутнасць маніпуляцыі ў тым, што вы бераце патрэбны фармат, напрыклад 30 на 40, і ўстаўляеце ў яго меншае нефарматнае фота, то бок надрукаванае палатно гэта 30 на 40, проста ваша карцінка атрымлівае белыя рамкі.
Я вярнуўся дадому з замовай, i там мяне ўжо чакала рамка. Але тут аказалася, што паверхня ліста шырэйшая на 3 сантыметры! Дзяўчынка не ўставіла выяву ў замоўлены фармат, а проста накінула лісту шырыні, дарэчы, падарыўшы мне неаплачаную паперу, бо, па логіцы, памер паперы карэлюе з коштам замовы.
Вядома, ні ў якую рамку ліст не палез. Не бяда! Я ўзяў фанерку, памарыў яе, палакаваў і прымасціў карцінку на гэты своеасаблівы планшэт.