— Галівуд у нас свой ёсць, — кажу ёй. — Кабак такі ў суседнім сяле быў.
Ну яна смяяцца пачала. Я таксама смяюся, а потым і кажу:
— Ну дык ты, Алеська, хочаш, каб я свой дом кінуў, і лясок свой, і балотца, і ў дзевяноста гадкоў у ваш Лох-Анджэляс паехаў? Каб удалечыні ад радзімы маёй яшчэ пару гадкоў пакруціўся?
— Так, дзеда, хачу, — кажа мне.
Ну я доўга думаць не стаў і кажу ёй:
— Дзякуй дараженькая, што не забылася на мяне. І адкажу я табе на добрую прапанову тваю так: зямля гэтая мне родная, ужо столькі гадоў тут жыву! Усе асінкi з елкамі на памяць вывучыў. І балотца мясцовае, як свае пяць пальцаў ведаю. А вы кажаце: едзь, дзед, са мной!
Бачу яна глядзіць уважліва на мяне. Слухае. Чаёк папівае. Ну і кажу:
— І ведаеш што, Алеська. Паеду я з табой! Паеду, вядома. Чаго я тут не бачыў? Балоты ды лес гэты? Пфф… Нагледзеўся ўжо. Хоць на старасці гадоў чалавекам пажыць. На акіян з пальмамі глянуць. Тут дык і без мяне абыдуцца. І балоты абыдуцца, і лясок, і Старшыня. Паеду, мілая, з найвялікшым маiм задавальненнем.
Абняліся мы з ёй, а ўвечары я яе спаць паклаў, а сам вось пішу сюды апошнія радкі. Пакіну тут дзённік гэты. Хай яго кабаны чытаюць, калі ў хату маю старую забрадуць. Кропка.