Аля насцярожана замоўкла.
— Пакажыце паненцы, што вы карыстаеце для збору, — мая прапанова не выклікала асаблівага захаплення ў Савелія.
— Гэта Лайнгот, — выдра пакратала лапкамі чырвоны каменьчык на шыі. — Вось тут мой сектар. Цяпер вы ўбачыце рубiн у дзеянні.
Звярок хутка пабег да краю даху, а мы кінуліся за ім. Савелій схапіў каменьчык лапкамі, дзьмухнуў на яго, пасля гэтага крышталь пачаў мігацець чырванаватым святлом і патух.
— Вось, — шапнуў я сваёй спадарожніцы, — ён высмактаў сумленне людзей з гэтага дома. Цяпер бяжым да наступнага.
Бегаць па вострых дахах, з небяспечнымі скатамі, было не так проста, але вельмі цікава. Савелій здаваўся нястомным. Ён без перапынку пераскокваў туды-сюды, скрэб кіпцюркамі па жэсці і чарапіцы. Збор чалавечага сумлення, няўрымслівымі жнеямі, прыхільнікамі рэтраградства. Выдры называлі гэта жнівом.
— А куды ідзе ўсё высмактанае сумленне? — разумна пацікавілася Аля.
— Мы адпраўляем яго канцлеру каралеўства Крэйдавых гор, — спакойна сказаў Савелій, але на дне яго вачэй заскакалі вясёлыя агеньчыкі. — Ён iм ніколі не карыстаўся, аднак надзейна захоўвае яго на дне свайго возера. Яму яно запраўды ні навошта, таму тамака яно ў бяспецы.
Мужчына, дзяўчына і жывёла спыніліся на краі чарговага даху.
— На сёння ўсё, — заявіла выдра змрочным галаском.
— Вы як быццам не рады, спадар Савелій? — спытаў я ўхмыляючыся.
— Можа і так, — прабурчаў пухнаты лавец сумлення. — Цяпер мне давядзецца зрабіць, тое, што не даставіць мне задавальнення, але такі мой абавязак.
Савелій рэзка скруціўся клубком і адскочыў убок. Яшчэ праз імгненне ён адчапіў ад лапы чорны камень і накіраваў яго на мяне з Алей. Крышталь, званы Морганаўт, асляпляльна палыхнуў жоўтым. Мая спадарожніца нягучна ўскрыкнула. Вакол мяне і маёй цудоўнай заваёўніцы дахаў утварылася нешта падобнае на жоўтую, шчыльную заслону.
— Гарэзуешь, Савелій, — сказаў я спакойна, прыжмурваючыся, пасля чаго забараняльна пагразіў пальцам ваўнянаму сябру вялікага братэрства.
— Гэта наша ахоўная сістэма, — амаль пралаяла выдра. — Выбачай, паночку Тэт. Цяпер вам не выйсці з гэтай залатой клеткі. Вас нельга ўбачыць, на вас нельга выпадкова натрапіць. Для простых людзей тут пустата. Толькі вось вы не зможаце выбрацца. Тут вы памрэце ад голаду, потым мы знімем заслону, пасля прыбяром тое, што застанецца ад вас.
— Значыць ты так і кінеш нас тут, выракаючы нам жудасную смерць? — маё пытанне нейкі час заставалася без адказу.
— Даруй, — зноўку папрасіў прабачэння Савелій пасля хвіліннага маўчання. — Вам тут, прынамсі, будзе весялей, чым некаторым палонным. Першыя часы вам відавочна будзе чым заняцца. Эфектыўна прабавіце час.
Няўмольны звер выскаліўся, малюючы на пысе ўсмешку.
— Ты што ж думаеш, што мы не можам гэтым займацца ў больш прыдатных месцах, — кінуў я футраваму нягодніку. — Апошні раз прашу па-добраму — здымі поле.
— Годзе тых пагроз, Тэт, — гаркнуў Савелій. — Табе проста трэба было адразу пагадзіцца на нашы нармальныя ўмовы, а не майстраваць вымагальніцтва. Расхлёбывай плады самаўпэўненасці, глумны ты чалавечак. Жадаў дыктаваць правілы Вялікаму ордэну выдр? Ха-ха, цьфу на твае дыктоўкі. Не дарос, смаркач. Сядзіце тут, пакуль не здохніце, а я дадому, на востраў.
— Што нам рабіць, Тэт? — Спытала Аля дрыготкім голасам.
Я пастараўся супакоіць дзяўчыну поглядам і насмешліва прамовіў:
— Эх, Савелій, вось зараз відаць, што ты эгаістычны, жорсткі, касматы глытальнік уклеек, па факце — нічога асаблівага. І цябе, ёлупня, лёгка аналізаваць і прадбачыць твае дзеянні. Я адразу зразумеў твой план. Ты надта хуценька пагадзіўся на мае ўмовы. Я дастаткова ведаю аб вашай браціі, бо вы толькі персанажы маёй кнігі. А зараз зірні на сваю шыю.
Савелій імгненна апусціў галаву.
— Лайнгот, дзе ён? — прапішчала выдра.
— У мяне, — праінфармаваў я касматага ворага. Праз долю секунды я паказаў далонь, у якой пабліскваў камень. — Мне вядома, што ён даволі-такі далікатны, а для кожнай выдры ёсць толькі адзін такі крышталь, які даецца пры нараджэнні, таму, калі разбіць дадзены сувенір, ты будзеш выключаны з ордэна, станеш абняслаўленым выгнаннікам. Аднак ёсць альтэрнатыўны варыянт. Здымі поле, правядзі нас да Бабы Крум, тады я вярну тваю прапажу.
— Не прапажу, а тое, што ты сцягнуў! — завішчаў звярок. — Ты звар'яцеў! Партал да Бабы Крум адкрываецца на нашым востраве. Іншыя выдры заўважаць вас. Баста, не магу дапамагчы, нават калі б хацеў.
— Упэўнены, ты што-небудзь прыдумаеш, Сава, — я іранічна ўсміхаўся, прытоптваючы нагой. — Пагутару з Крум і аддам табе камень, ён будзе цалюткі.
— Ну добра, — пагадзілася загнаная ў кут выдра. — Ёсць яшчэ адзін партал да Бабы Крум. Пра гэта ведаюць толькі кіраўнікі ордэна. Гэты ўваход непадалёк ад выспы, у трубе з якой цячэ ручаёк Л.
— Вось! Бачыш, як ты выдатна ўсё прыдумаў, — адзначыў я. — Здымай ужо поле, хопiць марнаваць наш з табой час.