– Ціха-ціха, Аленачка, не кажы ёй такога. А ты, Марылечка, глядзі не паўтары нікому, а лепей забудзь, што чула, – гэта Тоня прынесла збан малака.
– А што з мяне возьмуць? Якое паўстанне супраць саветаўу Слуцку? Які зніклы жаніх? Думаеш, не ведаю, што мяне вар’яткай называюць? Магу вярзці, што на язык просіцца.
Тоня зірнула на Марылю:
– Ты не спалохалася?
Алена цёрла анучаю перапэцканыя фарбамі рукі: усе колеры ў цемры здаваліся чорнымі.
– А чаго палохацца? Хіба мне маці пра тое не казала? Цётка Алена, вы і мне такі намалюеце? Пра каханне, якое толькі і засталося, што ў думках? Ці пра дзеву на возеры?
Алена села за стол і падперла шчаку рукою:
– Паглядзім.
Да вёскі, дзе ў сорак дзявятым годзе адбылася верагодная сустрэча невядомай журналісткі з Кіш, вырашылі дабірацца на аўтобусе. Ліза ўзяла адпачынак, бо захацела паехаць разам з Алесем.
Добра, што паспелі сесці, – народу было бітма. І ўсе рабілі выгляд, быццам не заўважаюць тых, да каго прыціскаюцца спінамі, жыватамі, плячыма. Што туляцца не да жывых, цёплых людзей, а да шэрай халоднай сцяны.
Займаць месца Ліза трэніравалася з дзяцінства: штораніцы яны з сяброўкай чакалі школьны аўтобус і думалі толькі аб тым, як патрапіць у крэслы.
Па-першае, дзеля гэтага неабходна абавязкова прыйсці загадзя – калі спознішся, то не станеш на тым лапіку прыпынку, дзе, якбыло вылічана, адчыняўся самы перспектыўны варыянт – сярэднія дзверы.
Па-другое, ёй трэба было стаць злева таго лапіка, сяброўцы – справа: так агульныя шанцы павышаліся ўдвая. Па-трэцяе, калі аўтобус затармозіць, нельга было губляцца – ззаду штурхаўся натоўп гэткіх жа ахвочых, як і яны. Дарослых у «Школьнік» не пушчалі, таму спаборніцтва было сумленным.
Па-чацвёртае, патрабавалася імгненна пралічыць усе верагоднасці і ацаніць, куды цэліць, а куды не дабяжыш, бо сядзенні зоймуць іншыя.
І калі выканаеш усе пункты, цалкам магчыма, што запаветнае крэсла дастанецца табе.
Гэтыя правілы выпрацаваліся штодзённым досведам і сталі рэфлексам, які пасяліўся ўнутры. І зараз, чакаючы аўтобус, Ліза інстынктыўна напружвала зрок, выглядаючы вольнае месца.
Удзяцінствеянатолькі аднойчыспазнілася, і «Школьнік» з’ехаў без яе. Узгадала – жоўты азадак знікае ўдалечыні – і адчуванне жудаснай адзіноты захліснула яе, як і тады.
Крэслы занятыя, дзверы зачыненыя, і толькі яна засталася па той бок, без месца. Што рабіць?
– Хутка выходзіць, – Алесь крануў яе за плячо, паказваючы мапу. – Пасля прайсці крыху пехам.
Акрамя іх, на прыпынку нікога не было – шлях выпадала выбіраць самім.
– Што мы шукаем? – Ліза закінула ў рот мятную жуйку: праз гайданку і пах бензіну стала млосна.
– Любую згадку.
– Я нават не ведала, што была на Беларусі Алена Кіш.
– Пра яе мала хто ведае. Мастачка-самавук. Яркія фарбы, спрошчаная тэхніка, двухмернае вымярэнне. Я ў вас знайшоў «Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва», міжнароднае выданне. Русо, Пірасмані, а ад нас – Кіш. Уяўляеш, які гонар? Адзіная прадстаўніца сваёй краіны. Калі б не яна, мо Беларусь бы і не згадалі.
– Мабыць, гэта і ёсць сусветная справядлівасць. Мне заўжды было цікава, як гэта. Як не памерла памяць пратаго ж Каліноўскага, хаця згадкі праягохавалі. Ці, наадварот, як выкрывалася, і неаднойчы, пра таго, каго абагаўлялі, што ён кат. Ці вось гэтая Кіш: ты казаў, што пры жыцці яна амаль жабравала, а цяпер застанецца навечна ў памяці. Мо справядлівасць жыве недзе там, насуперак зямному.
– Толькі не параўноўвай Кіш з Ван Гогам, добра? Не люблю гэтага. Яна, у адрозненне ад яго, прадала шмат сваіх прац. За гэта і харчавалася. Дарэчы, мы на месцы.
Маленькая хатка на самым узлеску. Вёска – далей: і там нікога не бачна, толькі раз-пораз забрэша сабака ці закрычыць певень.
Двор з цвёрдаю, утаптанай тысячамі крокаў зямлёй і чорным, як хлебная скарынка, будынкам.
– Добры дзень у хату, – Алесь загаманіў так, як таго, здавалася, вымагалі абставіны: быццам перайшоў на замежную мову. – Ці ёсць хто?
У прахалодным прыцемку на ложку нешта заварушылася, і з-пад покрыўкі з’явілася старая: