— Ён нічога не ведае, — прашаптаў Андрэй. — Расказаць?
— Не трэба, — прыціснула палец да вуснаў Аня.
- Ігар Аляксеевіч! Іна Аляксандраўна! — паклікаў Анатоль Лукіч. — І вы на ўрок ідзіце.
Усміхнуўшыся, мы пабеглі ў клас.
Частка другая
СЯБРЫ ПАЗНАЮЦЦА Ў БЯДЗЕ
ДЗІЎНЫ ГОСЦЬ
Пасля таго як мы сустрэліся з казачнымі героямі, прайшоў тыдзень. Ні слова анікому пра гэта ніводзін з нас не сказаў. Праўда, у Сяргея Мазаля язык свярбеў. Вельмі хацелася яму пахваліцца, хацелася, каб даведаліся, які ён смелы і дасціпны. «Я раскажу, я раскажу», — штодзень бубніў пад нос. Нарэшце Іра Кавалевіч не вытрымала: «І пра тое, што пад скрыпку музыкі-чарадзея танцаваў, таксама раскажаш?» Сяргей адразу як язык прыкусіў. І да ўрокаў стаў рыхтавацца. Мы таксама стараліся, падручнікаў з рук не выпускалі. Чаму так змяніліся, спытаецеся? Усё-такі страшнавата было. А што, калі зноў які нячысцік у школу завітае? Невядома, што на гэты раз прыдумае. Прыблізна так разважаў цяпер кожны з нас.
Але на гэтым казачная гісторыя не закончылася. Вось як пачаліся новыя прыгоды.
У суботу я прыбег са школы, партфель, як звычайна, пад стол. Няхай паляжыць да нядзелі, яму таксама патрэбен нейкі адпачынак.
— Мама, — крычу, — есці давай. Галодны. Зубы аж ляскаюць.
Мама чамусьці на дыбачках падышла да дзвярэй, зачыніла іх на зашчапку. А твар у яе нейкі не такі, як заўсёды: ці то кіслы, ці то пахмурны. Не разабраць адразу.
Я спачатку падумаў, што з татам пасварылася. У іх часам такое здараецца: зранку пасварацца, а вечарам мірацца.
— Што сёння варыла? — гучна пытаюся.
А мама:
— Цішэй!
І такімі спалоханымі вачамі глядзіць на мяне! Такімі спалоханымі, што перадаць немагчыма. Мне ажно не па сабе стала.
— Мама, што здарылася?
Я адчуў, як міжволі задрыжаў мой голас. Мама прыціснула палец да вуснаў:
— Цішэй. Ён пачуе. Зноў сюды прыпрэцца.
Твар у мяне, напэўна, стаў круглы, як мяч, бо я спачатку набраў у рот паветра, а ўжо пасля выдыхнуў:
— Хто прыпрэцца?
— Ён, — ледзь не са стогнам вымавіла мама.
— Хто ён? — пытаюся, ледзь-ледзь варушачы вуснамі.
— Шар-ла-тан, — па складах прамовіла мама.
— Шарлатан? — перапытваю, чамусьці пазіраючы пад стол.
— Але, шарлатан, абманшчык, па-іншаму, — стала хутка-хутка тлумачыць мама. У яе быццам другое дыханне з’явілася. — Ён спачатку да бабкі Веркі трапіў, пытаўся, у якой хаце школьнікі ёсць. Бабка Верка да нас яго накіравала. Прыходзіла нядаўна. Ці быў, пыталася. Ой, і напалохалася яна! Дый у мяне яшчэ ногі дрыжаць, да сябе не дайду.
Я глядзеў на маму шырока раскрытымі вачамі. Цікава завязка пачынаецца. Вельмі цікава. Нейкі махляр, прыблуда ў нашай вёсцы з’явіўся. Цікавіўся, дзе школьнікі жывуць. Чаму так? Чаму?
Мне вельмі захацелася знайсці яго, паназіраць за ім: здалёку, непрыкметна, як гэта робяць дэтэктывы ў прыгодніцкіх фільмах.
— Мама, а які ён? У што апрануты? — пытаюся, ціснучыся да дзвярэй.