— Ну, вось бачыце, Адам Нічыпаравіч, было! Карова знікла... У Бермудскім трохкушіку караблі знікаюць, а тут тое, што ёсць. Наш жа трохкутнік на сушы.
Я не вытрымаў, узарваўся, маўляў, толькі не трэба зводзіць усё гэта да глупства. Барані божа, дойдзе якая чутка да Мінска, нас жа навуковы свет проста высмее. Анекдоты ўсялякія пойдуць, смяхоцце, дый толькі! I дзядзька ўзяў мой бок. «Выкінь ты,— кажа,— Косцік, сваю фанеру ў Гальшанку, а чалавеку лепш пра што сур'ёзнае раскажы. Мясціны ў нас цікавыя, ну хоць бы той самы замак..» I прысеў дзядзька Антон на купіну, раз-пораз пазіраючы ў бок статка, каб не адбілася часам якая карова. Мы таксама прыселі. Дзядзька Антон пачаставаўся цыгарэтай, якую я прапанаваў яму.
— Вучоных людзей паважаю,— сказаў— Сюды многія даўно ўжо прыязджаюць. Я не далей як учора гісторыку аднаму расказваў i вам раскажу. Калісьці ад старых людзей сам чуў. Вунь,— паказаў на рэшткі замка,— разваліны, заняпад. А пачалося здавён. Князь Сапега тут гаспадарыў, ягоны палац быў. Дык, значыцца, будавалі гэты мур, ужо ледзь не да канца дайшлі, а князь тэрмін пэўны вызначыў I тут раптам сцяна адна пачала бурыцца. Абвальваецца, рады ніхто не можа даць, як ні стараюцца муляры ды тынкоўшчыкі. Але вось старац нейкі аб'явіўся дый кажа таму майстравому люду: «Мне знаменне было. Сцяна будзе абвальвацца, пакуль ахвяры не атрымае». I патлумачыў, што трэба некага забіць, i найлепш жанчыну, ды i ўмураваць яе пад сцяну. Задумаліся майстры i вырашылі, што іншага выйсця няма, хай будзе так, як падказаў старац, калі ўжо знаменне было. I пачалі ламаць галаву, хто ж гэта можа быць, якая жанчына? Няпроста божаму чалавеку ўзяць на сябе такі грэх. I зноў падказаў той старац: маўляў, чыя жонка першая прынясе заўтра полудзень, тую i заб'яце. I вось назаўтра прыходзіць тая першая, маладзенькая ды прыгожая, жонка самага маладога муляра... Ат, што адбылося далей, i расказваць не хочацца. Адным словам, яе i ўмуравалі. Сцяну залагодзілі, толькі ж не было вялікага шчасця ў гэтым муры нікому. Ды i сам род Сапегаў звёўся.— I ўжо праз паўзу дзядзька звярнуўся да мяне: — Бачу, не да душы вам прыйшлося маё паданне.
— Якое ўжо ёсць,— адказаў я яму.
На тым i разышліся. Пастух пайшоў да свайго статка, але, відаць, ягоны расповед надта ўразіў Пракопчыка, таму што той раптам прапанаваў
— А што, Нічыпаравіч, можа, пройдземся да замка?
Не, кажу, Косця, гэты шпацыр давай адкладзем на заўтра. Ты бяры сваю фанеру, каб выпадковых людзей не палохала, i вяртайся дамоў а я трошкі тут адзін пабуду. Даўно не быў на прыродзе. Берагам Гальшанкі прайдуся, думкі свае да ладу прывяду. I Пракопчык пагадзіўся. Ён у адзін бок пайшоў я — у другі. I тут такая стома ўзяла мяне, ну проста з ног валюся. Бачу валун наперадзе, дай, думаю, прысяду, а там ужо i да берага Гальшанкі павярну. Сеў. Штосьці хруснула пад нагою, нахіліўся, пачаў расхінаць траву... Ці паверыце, калі падняў позірк, стала не па сабе. Прыцемак ужо бярэцца, падумалася, a толькі ж во спякота была, сонца ледзь за поўдзень перавальвала.
— Відаць, добра задрамаў ты, прафесар, на тым валуне,— нязвыкла нервова рагатнуў дацэнт Кумковіч.
— Во-во... I я так спачатку быў падумаў,— заківаў Пінчук.— Але сну ў мяне не было ні на момант. Падымаюся з валуна, гляджу туды-сюды... Недалёка статак павінен быць, бо як ішоў да валуна, дзядзьку Антона бачыў. I раптам — нічога! Шэрасць суцэльная, ды такая вязкая, густая. I не цёмна як быццам, а воку няма за што зачапіцца. Наваколле як правалілася ў гэтую шэрасць, усё роўна бы свет белы схаваўся ў ей. Толькі туман ад Гальшанкі клубамі плыве, па зямлі сцелецца... З гэтага туману i выйшла яна.
— Хто «яна», спадар прафесар? — тут ужо не ўцярпела я.
— Не ведаю... Не назвалася,— адказаў Пінчук — Жанчына, адным словам,— i ён праглынуў гарачае хваляванне, нейкую надзвычай глыбокую ўзбуджанасць. А потым працягваў: — Ага-а, жанчына... I гэта цяпер я магу зрабіць выснову, што ўсё ў ёй было нязвыклае, не нашае, не тутэйшае, нават зрэдку словы пракідаліся мне цалкам незразумелыя, а тады... Там, ля Гальшанкі, я быў як аслеплены, такая ў яе была прыгажосць. Выключна дзёрзкая, прыцягальная. Яна аглушала, зацьміла розум.
— Туды не ідзі, вежа надта густая,— сказала яна мне i апусцілася на траву за крок ад мяне. Рукамі аб зямлю абаперлася, галаву трошкі адкінула, тонкая шыя выгнулася, нейкі шнурочак на ёй вымалеваўся. Танюткі белы строй абцягваў постаць, маленькія грудзі злёгку ўздрыгвалі... Цёмныя валасы расплыліся па траве.
— Гаворку вашу там,— калыхнула валасамі,— чула,— i дадала: — Праўды ў нагах няма...— i так поклічна засмяялася, як можа смяяцца палкая, гарачая жанчына. Вядома, я сеў побач.
— Хм-м, як жа ты магла чуць нашую гаворку? — у сваю чаргу кажу ёй — Хіба што толькі ў траве ляжала, схаваўшыся?
— Гэта не твая фатыкга,— сказала, бы адрэзала, яна,— А тое, пра што расказваў пастух, i папраўдзе было. Толькі ён шмат што пераблытаў Багдан Сапега праз чатырыста летаў тут з'явіўся, а тое ўсё было за Гольшам. Як пачаў ён горад тут гарадзіць, дык многа люду сюды з ім прыйшло. Мур сапраўды ўжо завяршалі, тады i адбыўся той трафунак. Каб Гольша на месцы быў, нічога б не здарылася. Ды бязэцнік той ліха ўсчаў. A калі ўжо вярнуўся Гольша i дазнаўся пра ўсё, дык i не схацеў гэтага мура. На ловы за Карабель у пушчу паехаў, там i асеў.
«Навукоўка, з гісторыяй справу мае»,— мільганула у мяне думка, a ўголас сказаў
— Дасведчаная ты. Я вось дык i не ведаю, пра якога Гольшу ты мне тут расказваеш, хоць здагадваюся. Гольша... Гальшаны... Дык, кажаш, горад ён тут гарадзіў? — засмяяўся я, а сам трымчу ўвесь. Яна мяне надзвычай хвалюе.
— Ага-а, ягоны горад,— жвава адгукнулася яна.
— Ну, а як ты гэта сказала — бязэцнік? Той, што тут рабіў?
— Не тут, a ў Уцені. Як толькі бязэцнік Даўмонт гвалтам узяў за сябе братавую, Нарымонтаву ліфляндку, Нарымонт i склікаў усіх астатніх братоў — i Гедруса, i Трайдэна, i Гольшу, вядома, каб вярнуць сваю жонку назад, адабраць яе ў Даўмонта. Якраз тады i пачаўся абвал сцяны...
— Цікавыя рэчы расказваеш, я паўжыцця пражыў, i такі цёмны, выходзіць.
— Ой, фартэліш,— задумалася — А мо i праўда нічога не ведаеш... Калі Гольша ад'язджаў, шмат каму спляндорыкі раздаў, амулеткі металёвыя ў выглядзе сякеркі, каб без яго тыя сякеркі бяду адварочвалі. А выйшла наадварот усё. Юрачка сякераю бараніўся, але аднік, улучыўшы моманг, выхапіў яе. На астатняе Сляпко падбухторыў. Потым галаву, адсечаную, Юрачку кінулі: «Трымай, мілоснік!» — i яна бы захліпнулася i праз нейкае імгненне дадала: — Тады такая самая поўня была. Днём пабаяліся ўчыняць тое. Начы дачакаліся.
— Адкуль ты ведаеш, якая поўня тады была?
Але мяне не цікавіла агністае вока начнога неба.
Рука міжволі пацягнулася да цёплага ейнага цела, заблыталася ў густых валасах... I яна рванулася, выгнулася, што лазіна, ускочыла, шнурочак на шыі абарваўся, зачапіўшыся за маю руку. Штосьці халоднае кранула далонь, i я заціснуў шнурочак у кулаку. А яе ўжо не было побач. Я таксама ўсхапіўся, каб кінуцца ўслед, за ёю. Ускочыў i ўсё пашэрхла ў мяне. Зводдаль, на ўзвышшы ўздымалася змрочная аграмадзіна замка з вежамі, з байніцамі, абнесеная зубчастай сцяною. Поўня асвятляла яго, i ён выразна паўставаў перада мною ва ўсёй сваей велічы i магутнасці. Высозную браму таксама завяршала вежа. Перад брамаю зрок выхапіў масток, i па гэтым мастку ішлі людзі з паходнямі. Святло ад паходняў гуляла на зубчастай сцяне i асвятляла лугавіну. Там мільгала белая лёгкая постаць, раз-пораз азіраючыся, i, далібог, чуў я залівісты смех, да якога праз нейкі момант далучыўся яшчэ адзін гук — глухі конскі тупат. З супрацьлеглага ад замка боку, ад нечага цёмнага, у чым я адразу пазнаў лес, гэтак блізка ён быў ад мяне (скуль тут i ўзяўся), на кані імчаў вершнік — наперарэз белай постаці. Яна штосьці закрычала яму, i вершнік змяніў накірунак, павярнуў у мой бок. Спрацаваў адвечны інстынкт. Я кінуўся да выратавальнага лесу, i мне ўдалося нырнуць у гушчэчу...
Колькі я бег, не ведаю. Ламалася сучча, голле здзірала скуру, а я, дзе i браліся сілы, бег i бег... Наперадзе ўбачыў прагал. Рынуўся да яго, бег ужо па прагале. I раптам, дайце веры, бы з трубы якой вынырнуў — у вочы ўдарыла святло. Проста перада мною ляжаць Гальшаны. Божа мой літасцівы! Ледзь-ледзь бярэцца на адвячорак, але сонца ўжо за хатамі. Зусім недалёка нейкая цётка заняла i гоніць чародку гусей. Гусакі выгінаюць шыі... Такі звыклы вясковы малюнак. Я ажно задыхнуўся, a ногі ўжо не трымалі. Упаў у траву, ашаломлены i знясілены да крайнасці. Колькі праляжаў, як пасля дабіраўся да Пракопчыкавай сядзібы — не памятаю. Адно помніцца крык ягонай маці, калі зайшоў у хату:
— Або!.. Хто ж гэта вас, Адам Нічыпаравіч?! Пабілі... Ды зірніце ж вы ў люстэрка! Я зараз ёду прынясу.
I я пайшоў да люстэрка, якое вісела на сцяне. Зірнуў, твар сапраўды ўвесь скрываўлены, гэта так сучча скуру ў мяне паздзірала. А люстэрка раптам бы хіснулася, i ўбачыў у ім я яе... Сядзіць, далібог жа, на той самай купіне, дзе сядзеў удзень дзядзька Антон, схілілася, спражку на лёгкай сандалетцы зашпільвае, ды так, бы какетуе з кімсьці. А потым падняла галаву, не паверыце, позіркі нашыя сустрэліся... I адкінулася яна ўся, як тады ля Гальшанкі, той не на гэтым свеце ноччу, выгнулася, валасы наўкола траву ўсю ўслалі, a позірку ад майго не адрывае, толькі смяяцца пачала, адно што не чуў гэтага ейнага смеху... Адвярнуўся я ад люстэрка І... ледзь раніцы дачакаўся. На досвітку, нікому нічога не кажучы, толькі Пракопчыка папрасіў правесці да прыпынку, i — у Мінск! — Абвёў ён усіх нас доўгім позіркам, памаўчаў уздыхнуў цяжка,— Вось вам i стужка Мёбіуса!
Настала працяглая паўза, якую парушыў сваім фальцэтам Глушэц:
— Зусім не юбілейную гісторыю вы тут нам расказалі, прафесар!