Ёй здалося, што ён вось-вось расплачацца. Але Аляксандр Сямёнавіч не расплакаўся, наадварот, падхапіў з падлогі нейкі мазаны-перамазаны ватман i пачаў ca злосцю рваць яго на дробныя кавалачкі i шпурляць ix проста ў ейны твар...
— На!.. На!.. Мае эцюды!.. Любуйся!..
Іншым разам яна, несумненна, пакрыўдзілася б на яго, цяпер жа, наадварот, захацелася суцешыць, i гэтае суцяшэнне з'явілася вельмі хутка, бы хтосьці падказаў ёй.
— Саша... Што ты так распаляешся! — нават ласкава сказала яна.— Бывае... Не атрымаўся ў цябе пейзаж, паспрабуй узяцца за нацюрморт!.. I нікуды ехаць не трэба з эцюднікам, галоўнае, скампанаваць удалую кампазіцыю.
Твар Аляксандра Сямёнавіча засвяціўся.
— А што ты думаеш...— з радасцю ўхапіўся ён за ідэю.
I вось прайшло некалькі дзён. Надзея Паўлаўна вярталася з першай змены, i адна-адзіная думка трывожыла яе. У тым, што Аляксандр Сямёнавіч возьмецца за нацюрморты, яна не сумнявалася, а вось дзе ён засядзе за ix? Хоць ты вазьмі ды здымі яму нейкі пакойчык, каб ён i начаваў там! З гэтай сваей трывогай яна i ўвайшла ў кватэру i як жа была здзіўлена, убачыўшы Аляксандра Сямёнавіча, які з ліхаманкавым бляскам у вачах кінуўся да яе.
— Узяў адгул! — на вялікім уздыме паведаміў ён.— Ты мела рацыю... Цудоўны нацюрморт атрымаўся!
— Ну i дзе ж ён, твой нацюрморт? — Яна чамусьці падумала пра Валодзю: «Бедны мой! Калі Аляксандр Сямёнавіч увесь гэты час быў дома, у Валодзі не было ніякай магчымасці вылезці ca сваей рамы...»
Аляксандр Сямёнавіч падхапіў яе плашч:
— Уяўляеш, выпадкова зайшоў у твой пакой. Падышоў да акна, а там сцяна... Сцяна суседняга дома. Астатняе я дадумаў!
— Ты не расказвай! — у ёй закіпела незадаволенасць.— Проста вазьмі i пакажы мне.
— Тады пойдзем... Нацюрморт там... У тваім пакоі.
I яны пайшлі ў яе пакой... Аляксандр Сямёнавіч павёў рукою ў бок рамы:
— Вось... Нічога больш не знайшлося, дык я...
Надзея Паўлаўна ашаломлена глядзела на раму, у якой яна раненька пакідала Валодзю. Цяпер жа ў ёй быў шэры квадрат сцяны з мёртвым аранжавым матыльком i нейкім цьмяна-жоўгым акраўкам накшталт кляновага лістка.
— Дзе партрэт?! — яна яшчэ не зусім усвядоміла, што адбылося, але ў горле перасохла да хрыпення i слабасць разлівалася па целе.
— Я... Я замаляваў яго! Ты ж сама казала: «Не ўпісваецца!.. Муляе...»
Надзея Паўлаўна яшчэ раз зірнула на раму... ёй раптам захацелася накінуцца на Аляксандра Сямёнавіча з кулакамі i біць, біць, біць яго, але замест гэтага яна, як падкошаная, упала на канапу i разрыдалася па-жаночы няўцешна i горка.
1997
ПАМЫЛКА МАЛОЙ ГАЛАКТЫКІ
Ён маўчаў. А яна ўсё гаварыла i гаварыла, амаль галасіла:
— Алёшачка, дык што ж там адбылося ў шахце? Не, я не веру! Няўжо ты цалюткі? А ты ж ужо з таго свету, Аляксейка! Цябе ж я пахавала. Вас усіх трох пахавалі! Сёння ўжо сёмы дзень. Карэньчыка i Васілёнка знайшлі, а цябе як ні шукалі...— яна ўсхліпнула.— Толькі два рукавы ад кашулі i знайшлі. Ix i пахавалі, думалі, цябе выбухам ушчэнт разнесла. А ты аб'явіўся, Алёшачка... Ты ацалеў! Дык што ж там было, чуеш? Што здарылася?— i яна даткнулася да ягонага пляча.
— Нічога не было, Каця,— надзіва спакойна адказаў ён i адвёў ейную руку,— Проста яна хацела забраць мяне да сябе. Думала, нешта можна выправіць. Угу-у... Думала. Надта ж ёй хацелася, каб я быў там з ёю. Але бачыш, нічога не атрымалася. Назад мяне вярнулі. Сюды, у лабірынт наш. Там яны ўсё зямное жыццё нашае лабірынтам завуць.— I ён цяжка ўздыхнуў.— Няўдалы я... Эксперымент няўдалы, Каця. Памылка Малой Галактыкі. I ты таксама няўдалая. Таксама памылка. I ўсе мы тут няўдалыя.
Яны сядзелі на кухні. Толькі-толькі пачало днець, сонца яшчэ не ўзнялося над шахцёрскім пасёлкам. I ён, напэўна, не бачыў трывожнага ценю, які замільгаў у яе вачах.
— Хто, куды цябе забіраў Алёшачка? — голас яе трапятаў.— Як гэта можна забраць чалавека з шахты?!
— Кепска ёй там без мяне,— сказаў Аляксей.— Мы павінны былі быць разам. Гэтак нам было наканавана. Але прашчур наш, той самы першабытны чалавек, атрымаўся няўдалым. Яго i адкінулі калісьці сюды, у лабірынт. Канструкцыя генетычная не ўдалася. Адзін-адзіны нейрон у мазгах не змаглі як след кланіраваць. Нейрон памяці, Каця. Таму i жыве ў бяспамяцтве людства. Hi зямной, ні астральнай памяці ў яго нямашака.
Каця заплакала:
— Пра якое людства ты мне тут гаворыш! Гэта з тваёю галовачкаю штосьці сталася.
— Я i кажу, нейрон памяці. Усе мы тут на галаву слабыя. Ніякага вопыту свайго не памятаем. Паўсюль гніль, войны, распуста... А што да нас, беларусаў, дык мы нават мовы сваёй як след успомніць не можам. Яна цікава там мне пра ўсё расказвала...