«Значыць, напраўду прыйшло цяпло, новае жыццё. Хутка-хутка яно зазелянее, закрасуе...»
Прыгледзеўшыся, Павел захваляваўся: убачыў знаёмага шпанка, лепш сказаць, не шпачка, а знаёмы матузок — той, што ён летась у жніўні прывязаў да нагі маладзенькага шпачка, які, ратуючыся ад ястраба, уляцеў у хату праз люфцік.
— Бачыш? — усклікнуў, паказваючы Ларысе шпакоў.— Той, злева, мой даўні знаёмы...
Яны прыпыніліся і паглядзелі па шпакоў. Тыя адно ля аднаго сядзелі на галінцы аблюбаванай ім шпакоўні, маўкліва, але, відаць, са шчасцем азіралі родную старонку, абдумвалі, як пачаць жыць, калі на дварэ яшчэ так няўтульна, халаднавата — ідзе холад ад мокрай, дзе-нідзе яшчэ са снегам зямлі, вісне здаровасць з астуджанага неба.
— Пайшлі...— прашаптала Ларыса, далікатна кранула локцем, відаць, не хочучы надта парушаць яго нечаканай радасці.— Заўтра ж зноў трэба будзе раненька падняцца і ісці ў школу...
ЗАВУЧ
Аповесць
1...
Да акна падляцеў шпак. Чорны, з шэрым бліскучым адлівам і з белаватымі плямкамі, са светлай стройнай грудзінай і з гэтакай жа, светлай, меткай на лбе. Усеўся на ніжнюю ліштвіну, з гарэзнасцю зазіркаў сюды, у пакой, як гаворачы: «А вось і я. Ці вы ўжо забыліся пра мяне, падумалі, што я куды паляцеў?»
Пасля паволі падняўся, часта замахаў крыллямі, сеў на адчынены люфцік, крышку адтапырыўшы жывот, і паглядзеў ці то з крыўдаю, ці то з яшчэ большай гарэзнасцю. Але ў клас не заляцеў. Як пабаяўся надакучыць.
Дзеці не зважалі на такога госця-свавольніка. Ён, кормячыся ля школы і ўжо зусім прывыкшы да людзей, вось кожны дзень садзіўся на гэты люфцік, пазіраў у пакой і чакаў пачастунку.
Васілец не захацеў крыўдзіць даўно знаёмага госця няўвагаю, падышоў да акна, падміргнуў, а потым дастаў з кішэні пінжака загадзя прыгатаваную скібачку хлеба, адламаў краёк і падаў. Шпак з радасцю зазыркаў маленькімі вочкамі, нагнуўся, схапіў з далоні хлеб і пырхнуў назад. Апусціўся ў блізкі скверык на парыжэлы ўжо за жнівень дзірван.
Адразу ж, як зваліўшыся з неба, падляцелі тры зусім маладыя, сёлетнія, шпачкі — яшчэ ў шараватым, мяккім, неабсіўраным пер'і, вельмі бойкія і палахлівыя. Мігам адабралі ў бацькі спажыву, піхаючы адзін аднаго, раздзяўблі, пахапалі крошкі і разляцеліся.
Васілец кінуў праз люфцік шпаку-бацьку астатак хлеба, усміхнуўся і падумаў: «Яшчэ нядаўна ты, наш мілы свавольнік, адзін выгульваў, весяліўся, толькі сам ласаваўся ля пас, а цяпер ужо табе трэба думаць і пра іншых. Вось так, браце...»
Як убачыў, што шпак са смакам дзяўбе скібку, Васілец задумліва паківаў галавою і адвярнуўся ад акна. Не ўзняў рукі і не зірнуў на гадзіннік, але адчуў: вось-вось павінен ужо закончыцца ўрок. Прыпыніўся ля крайняй парты, прыслухаўся — і праз зачыненыя дзверы добра пачуў: напраўду тэхнічка, ужо смела зарыпеўшы дошкамі, прайшла па калідоры, зняла з цвічка стары медзяны званок, ненаўмысна, мусіць, зачапіла ім аб сцяну, а пасля звонка задзынкала.
— Пасядзім яшчэ крыху, сябры, давядзём работу над памылкамі да ладу...— прамовіў Васілец, бачачы, як васьмікласнікі (а ён і сёлета выкладаў ім беларускую мову і літаратуру, быў іхнім класным кіраўніком) з зайздрасцю пазіраюць праз вокны на двор, на вольных ужо дзяцей.
Васьмікласнікі, хоць і стаміліся ўлад, зноў моўчкі пагнуліся над сшыткамі, зморшчыліся ад яркага вераснёўскага сонца, што цяпер з прыпёкам свяціла праз шыбы, адбівалася ад зялёненькіх парт і белых сцен, празрысціла і грэла паветра ў класе: пакой быў з паўднёвага боку. А Васілец пачаў зноў хадзіць між радоў і пазіраць, што ўсе пішуць.
Чуў: дзяціны гоман ды тупатня, што так мігам усчаліся, гэтак жа хутка пачалі і заціхаць, чуцца з кожнаю хвілінаю ўсё далей.
Але і ён, як нядаўна і дзеці, крышку з зайздросцю паглядзеў, як падаліся ўжо дахаты калегі. Спачатку вымкнуліся са школы мужчыны: настаўнік матэматыкі Сліж і фізрук Васіль Іванавіч. За імі без спеху, нага за нагу, неўзабаве пашпацыравала настаўніца фізікі і матэматыкі Таццяна Сяргееўна — сёлета, здаецца, яшчэ болей стройная, заўсёды з густам апранутая, прыгожая, але гэтакая ж, як і летась-пазалетась, дзіўная, адметная ад усіх жанчын-настаўніц. Ні на кога не падобная. А то і не падобная нават на тую, якой была сама ўчора ці пазаўчора.
Здаецца, на нейкі міг, нібы пазіраючы на сад ці на сталоўку, Таццяна Сяргееўна кінула позірк на гэтыя вокны. Глянула з дакорам: сёння яны паспрачаліся.
Васілец цяпер не захацеў шмат пазіраць на гордую Таццяну Сяргееўну — яна ніколі не прызнаецца, што нешта не так робіць, не так думае, як трэба,— апусціў галаву і пайшоў далей тупаць між парт.
«Заўтра-паслязаўтра неяк памірымся з гэтай Таццянай Сяргееўнай, паладзім: колькі нават за гадзіну бывае між настаўнікамі вось гэткіх — пра работу — спрэчак... Што было б, каб за ўсё злаваў! Тады і няможна было б працаваць у школе...»
...Калі дзеці пайшлі дадому і ён застаўся адзін у вялікім класе, дык адкінуўся на спінку крэсла і заплюшчыў вочы. У твар ды ў шыю прыпякала сонца, сляпіла вочы. Набухалі скроні, і балела патыліца, а ў галаве, здаецца, нешта шумела. Можа, і кроў, што дагэтуль шчодра прылівала і прылівала да мазгоў. Здаецца, усё яшчэ чуў, што сам гаварыў, што гаварылі дзеці за шэсць сённяшніх урокаў.
Пасядзеў яшчэ крыху, паставіў на стол локці і падпёр падбародак далонямі. Пасля выпнуў грудзіну, выцягнуў рукі ў бакі, памахаў імі. Падхапіўся.
«Брыдка, брыдка нават падумаць, што стамляюся на дваццаць шостым годзе жыцця! Што ж тады гаварыць Івану Сямёнавічу: яму налета будзе шэсцьдзесят?!»
Склаў у вялікую кіпу сшыткі, узяў іх і падаўся ў настаўніцкую.
Якраз зазваніў званок на першы ўрок другой змены.
Адчыніліся дзверы настаўніцкай — і з яе з класным журналам выйшла новая, зусім яшчэ маладзенькая настаўніца другога класа. яна сёлета падмяніла Маю Сцяпанаўну: тая гадуе маленькага сына. За настаўніцаю, усміхаючыся, выйшлі сталыя мужчыны: Міхаіл Апанасавіч і завуч Міхась Рыгоравіч. Калі зірнуў на іх, Васілец не вытрываў і ўсміхнуўся: і Міхаіл Апанасавіч, і Міхась Рыгоравіч былі амаль аднаго, сярэдняга, росту, амаль адных, недзе каля пяцідзесяці, гадоў, абодва чырванашчокія, тоўсценькія, як баравікі. Абодва любілі насіць наперадзе, у верхняй кішэньцы пінжака, ручкі - у Міхаіла Апанасавіча бачыліся два хвосцікі ад самапісак, а ў Міхася Рыгоравіча аж тры.
Міхась Рыгоравіч — па сваёй даўняй прывычцы — з гарэзнасцю падміргнуў Васільцу левым вокам. Калі падміргвае, дык у яго добры настрой.
У цёплай настаўніцкай ля акна сядзеў толькі адзін Іван Сямёнавіч — за апошні год зусім ссівелы, састарэлы. Сёлета ён мала і быў у школе. То хварэў, ляжаў дома, то ўсё некуды ездзіў. А калі і прыходзіў, дык быў маўклівы. Не жартаваў і не кпіў з каго, як некалі. Можа, яго напалохала ранняя смерць Алеся Трахімавіча, можа, замаркоціўся таму, што ўвесну пайшла на пенсію жонка, Вольга Піліпаўна, і ён нібы застаўся адзін. Адзін са сваёй былой гвардыі.